25 красавiка 2024, Чацвер, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выйсці з «драздоўскай» пасткі

25
Выйсці з «драздоўскай» пасткі
ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Беларусам трэба напісаць на скрыжалі 11-ы запавет – «Не бойся!»

«Урад знаходзіцца ў пастцы фінансавай піраміды. Замежная дзяржаўная пазыка ўжо дасягнула свайго максімуму ў гісторыі суверэннай Беларусі. З валютных паступленняў ад экспарту мы трацім на выплату вонкавых запазычанняў крыху больш за чвэрць. А ўсё астатняе — гэта рэфінансаванне. І кожны матэматык вам давядзе, што рана ці позна такая піраміда разваліцца», - заявіў на днях доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

А што з гэтай нагоды думаюць не матэматыкі? Ці можна казаць аб хуткім падзенні «вавілонскай вежы» беларускай эканомікі, не маючы спецыяльнай адукацыі? На пытанні Charter97.org адказвае вядомы рэжысёр-дакументаліст Юрый Хашчавацкі.

- Апошнім часам у дачыненні да розных сфер нашага жыцця ўсё часцей даводзіцца чуць слова «пастка». У чым сутнасць і генезіс гэтай новай беларускай з'явы?

- Мы сапраўды ўсёй краінай патрапілі ў пастку 23 гады таму назад, калі даверылі ўладу малаадукаванаму чалавеку, цалкам сфармаванаму ў савецкую эпоху. Пры гэтым, нягледзячы на вузкі кругагляд пры імперскай ментальнасці. Але галоўнае – чалавеку, якія ўяўляў сабе ўладу ў краіне як феадальную.

Потым гэты чалавек павёў нас ужо ў расейскую пастку, калі ён дзеля сваёй улады «здаваў» нашу эканоміку суседняй дзяржаве. Гэта значыць, ён цалкам прывязаў Беларусь да расейскіх энэргарэсурсаў. Гэта было вельмі выгадна канкрэтна Лукашэнку і тым, каго цяпер называюць «драздунамі» - ягонаму найбліжэйшаму атачэнню. Так мы патрапілі ў «драздоўскую» пастку.

Але выгада для «драздуноў» неўзабаве знікла, а пастка засталася, у тым ліку і для самога Лукашэнкі. Таму што цяпер, куды б ён ні тузануўся, ён адчувае, што ўсё адноа знаходзіцца на ланцугу ў Пуціна. Пры гэтым ланцуг з кожным днём карацейшы. Напрыклад, Лукашэнка не можа адмовіцца ад вучэнняў «Захад-2017», хоць яны яму ні палітычна, ні сацыяльна – ніяк наогул не выгадныя. Але «ўладару з Драздоў» даводзіцца ўсё цярпець, бо толькі на пакорлівай лаяльнасці Пуціну цяпер і трымаецца яго ўлада.

Сваім сялянскім розумам Лукашэнка, можа быць, і хацеў бы, каб у нас у краіне былі адукаваныя інтэлектуалы, якія могуць штосьці зрабіць неардынарнае, прыдумаць нейкае ноў-хаў. Але, з іншага боку, ён хоча, каб гэтыя людзі цалкам былі ягонымі слугамі, і нават – ягонымі рабамі. А такога, на жаль, не бывае.

Атрымліваецца, што калі мы ўсе трапілі ў пастку праз свой неабачлівы выбар 23 гады таму, то Лукашэнка таксама трапіў у пастку – але ўжо праз уласныя ўяўленні аб уладзе. Свядомасць старшыні саўгаса загнала яго ў тупік. Яму не патрэбныя пісьменныя людзі, ён баіцца інтэлектуалаў і «занадта адукаваных». Памятаеце, калісьці ў Савецкім Саюзе можна было пачуць фразу: «Занадта разумным стаў». Яе прамаўлялі, калі людзі пачыналі «качаць» свае правы і спасылацца на законы. Цяпер у Беларусі адбываецца прыкладна тое ж самае, бо адукаваныя людзі, якія могуць падняць эканоміку, знайсці новыя шляхі развіцця і вывесці «драздуноў» з пасткі – для Лукашэнкі небяспечныя. Бо гэта носьбіты ўнутранай свабоды. Вось у чым, уласна кажучы, уся сутнасць і генезіс галоўнай беларускай «пасткі».

А далей яна ўжо праявілася ў многіх сферах. У сацыяльным жыцці ўтварылася вельмі сур'ёзная «пастка», можна сказаць – прорва. Бюджэту катастрафічна не стае для выплаты пенсій і выканання іншых сацыяльных абавязкаў дзяржавы. Вось і даводзіцца пазбаўляць людзей не толькі заслужаных ільгот, як чарнобыльцаў і афганцаў, але і сумленна заробленых за дзесяцігоддзі працы пенсій.

Ёсць яшчэ эканамічная пастка, пры якой заробкі скарачаюцца, а велізарная частка бюджэту сыходзіць на тое, каб расплаціцца з пазыкамі, якіх набрала гэтая ўлада. А для чаго, пытаецца, яна іх нарабіла? А каб мець магчымасць набудаваць сабе палацаў, узвесці катэджныя пасёлкі для сваёй чэлядзі, каб жыць у феадальнай раскошы пасярод спустошанай краіны. Пазыкі зробленыя «драздунамі», а разлічвацца за іх давядзецца ўсім беларусам, уключаючы немаўлятаў.

Колькі б цяпер розныя напаўпрафесіяналы ва ўладзе (а сапраўдны прафесіянал пятнаццаць разоў падумае, перш чым ісці ў гэтую злачынную кампанію) не знайшлі эканамічных пастак – гэта ўсё следства самай галоўнай пасткі, створанай самім Лукашэнкам.

Таму ніякія «рэфарматары» або «напаўрэфарматары» ва ўрадзе краіну не «выцягнуты». З гэтай глабальнай пасткі можа выкараскацца толькі сам народ Беларусі. Таму я заўсёды меркаваў і мяркую, што мы павінны зрабіць гэта найбліжэйшым часам – каб не знікнуць як дзяржава. Спазніцца нельга. Інакш давядзецца казаць «дзякуй» не толькі гэтай калгаснай, дрымучай уладзе, але і самім сабе.

- Клубок беларускіх «пастак» мы з вамі распуталі. Ці ёсць магчымасць для беларусаў у рэальным жыцці, каб пазбавіцца ад іх хутка, «адным махам»? Падобна героям эпасаў, сагаў, кінематографа, нарэшце...

- Адным махам клубок праблем удавалася пераадолець антычнаму герою Гордыю – у гісторыі пра «гордыеў вузел», які ён проста рассек сваім мячом.

Думаю, беларусам трэба ведаць наступнае: казкі, легенды – гэта ўсё вельмі цікава, але напраўду за сваю свабоду і годнае жыццё трэба змагацца кожную секунду, кожны дзень і кожны раз.

Поўная адмова ад супрацоўніцтва з уладай Лукашэнкі – гэта адна з самых найлепшых магчымасцяў барацьбы з ягоным рэжымам. Існуе шмат спосабаў штодзённага негвалтоўнага супраціву дыктатарскаму рэжыму – ад простых формаў няўдзелу да мірных акцый пратэсту.

Але прыадчыню невялікую таямніцу: для нас у гэтай барацьбе ўсё ж застаўся элемент казкі і цуду. Такім «цудам» з'яўляюцца тэхнічныя дасягненні сучаснай цывілізацыі. Інтэрнэт, напрыклад, дае доступ да самай рознай інфармацыі. А таксама і для таго, каб працаваць і зарабляць, не залежачы ад гэтай улады. Кожны беларус, паглядзеўшы па баках, можа знайсці нейкія механізмы, як быць незалежным ад рэжыму Лукашэнкі і не супрацоўнічаць з ягонай уладай. Галоўнае – не баяцца.

Калісьці вялікі беларус Алесь Адамовіч сказаў, і я гэта, на шчасце, пачуў: «Стары Майсей быў добры мужык, але ён не ўсе запаветы запомніў. Акрамя 10 запаветаў, быў яшчэ 11-ы – «Не бойся!».

Я б гэты запавет цяпер напісаў для беларусаў на скрыжалях вялізнымі літарамі: «Не бойцеся! Перастаньце баяцца гэтай улады. Перастаньце баяцца чыноўнікаў. Перастаньце баяцца мянтоў». Гэта ўсё людзі, якія знаходзяцца ў вас на ўтрыманні. Якімі б грознымі яны ні здаваліся – іх нашмат менш. І нават ім ужо цяжка жыць у «драздоўскай пастцы». Неабходна толькі зрабіць высілкі – і, запэўніваю вас, гэты вузел распутаецца, рассячэцца. І тады мы пойдзем нармальным, цывілізаваным шляхам.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках