25 красавiка 2024, Чацвер, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканоміку еўразоны чакае наймацнейшы за дзесяць гадоў рост

5
Эканоміку еўразоны чакае наймацнейшы за дзесяць гадоў рост

Сярод лідараў - Мальта, Ірландыя і Славенія.

Павелічэнне ВУП еўразоны за 2017 год складзе 2,2 адсотка, мяркуе Еўракамісія. Лідарамі эканамічнага росту абвешчаныя Мальта, Ірландыя і Славенія, піша DW.

Паказчыкі ВУП еўразоны ў 2017 годзе растуць гэтак значна, як ніколі за апошнія 10 гадоў. Сярэдні паказчык эканамічнага росту ў 19 краінах Еўрапейскага валютнага звязу за год можа скласці 2,2 адсотка, паведаміла Еўракамісія (ЕК) у чацвер, 9 лістапада. У 2018 годзе яна чакае росту ў еўразоне 2,1 адсотка, у 2019-м - 1,9 адсотка. Яшчэ паўгода таму, у вясновым прагнозе, экспэрты Камісіі ЕЗ чакалі 1,7-адсоткавага росту ў еўразоне ў 2017 годзе і 1,8-адсоткавага - у 2018-м.

Лідары - Мальта, Ірландыя і Славенія

Лідарам эканамічнага росту зноў можа стаць Мальта (чаканы рост ВУП у 2017 годзе - 5,6 адсотка). За ёй ідуць Ірландыя (4,8 адсотка), Славенія (4,7 адсотка). ВУП Нямеччыны, паводле прагнозаў Еўракамісіі, павялічыцца на 2,2 адсоткі, Францыі - на 1,6 адсотка, Італіі - на 1,5 адсотка.

«Эканоміка і занятасць стабільна растуць, павялічваюцца інвестыцыі, а дэфіцыты дзяржбюджэту і запазычанасці паступова скарачаюцца», - адзначыў намеснік старшыні ЕК Валдзіс Дамброўскіс. У сваю чаргу камісар ЕЗ у эканоміцы П'ер Маскавісі паказаў на наяўнасць праблем, уключаючы высокую запазычанасць шэрагу краін і недастатковае павышэнне заробку.

Сярод кан'юнктурных рызык еўразоны названыя геапалітычная напружанасць, у тым ліку канфлікт з КНДР, а таксама пагаршэнне ўмоў фінансавання ў сусветнай эканоміцы і раз'яднанасць рынкаў у сусветным гандлі.

Рынак працы і інфляцыя

У дачыненні да рынку працы еўразоны прагноз Брусэля таксама аптымістычны. За 2017 год дзель беспрацоўных складзе 9,1 адсотка ад колькасці ўсіх працаздольных грамадзян, гэта самы нізкі паказчык з 2009 года, указала ўстанова. Паводле ацэнкі Еўракамісіі, найбліжэйшымі гадамі тэндэнцыя скарачэння беспрацоўя прадоўжыцца, у 2019 годзе чакаецца паказчык 7,9 адсотка.

Узровень інфляцыі ў еўразоне сёлета складзе ў сярэднім 1,5 адсотка, у 2018-м - 1,4 адсотка, у 2019-м - 1,6 адсотка, гаворыцца далей у дакуменце.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках