20 красавiка 2024, Субота, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Што ўтоенае за фасадам VIP-клінікі Лукашэнкі?

115
Юрый Хашчавацкі: Што ўтоенае за фасадам VIP-клінікі Лукашэнкі?
Крынiца: veselahata.com

Час ужо беларусам прыйсці ў прытомнасць.

У Бараўлянах пад Менскам дзеці страчваюць прытомнасць у чэргах да лекара-тэрапеўта. У той жа час у іншым месцы пад Менскам - у Ждановічах - дабудоўваецца VIP-лякарня для Лукашэнкі і ягоных набліжаных коштам 100 мільёнаў еўраў.

«Так ва ўсіх дзяржавах прынята», - парыраваў дыктатар у адказ на шматлікія публікацыі ў незалежных СМІ на тэму сваёй клінікі.

Словы Лукашэнкі ў інтэрв'ю Charter97.org каментуе вядомы рэжысёр Юрый Хашчавацкі:

- Няўжо ва ўсім свеце «так прынята»? Тады гэта нейкі дзіўны свет - рэальнасць, якая існуе толькі ў запаленым мозгу дырэктара саўгаса.

Вядома, у Паўночнай Карэі ў Кім Чэн Ына ёсць асобная лякарня, якая сочыць за здароўем «дарагога правадыра». Магчыма, нешта такое ёсць і ў іншых дыктатарскіх краінах.

Але ў нармальных дзяржавах, дзе паважаюць людзей, нічога такога і блізка не існуе. Так, на Захадзе ёсць падзел на платныя і бясплатныя лякарні. Але для Лукашэнкі, напэўна, было б нечаканым адкрыццём тое, што платнымі паслугамі там можа скарыстацца абсалютная большасць насельніцтва. Больш за тое, калі «хуткая» прывозіць у платную лякарню чалавека без грошай - ніхто не мае права адмовіць яму ў лячэнні.

А дзякуючы развітой сістэме страхавых унёскаў дазволіць якаснае і своечасовае лячэнне можа сабе практычна кожны. Гэта значыць, на Захадзе медыцына з'яўляецца насамрэч народнай: яна пастаўленая на вельмі высокі ўзровень для простых людзей, якія не належаць да ўлады.

Як прыклад хачу ўспомніць нядаўнюю гісторыю пра тое, як віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн распавядаў Бараку Абаму, што ён вымушаны быў прадаць свой дом, бо страхоўка не кампенсавала лячэнне бацькі. Уявіце сабе: прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт самай магутнай краіны ў свеце - і развязваюць свае праблемы, як простыя грамадзяне.

Нават гэты дыялог Байдэна і Абамы паказвае тое, што Лукашэнка бессаромна хлусіць.

- Вам не здаецца, што сённяшняя Беларусь - даволі парадаксальная краіна? Як у ёй ужываюцца два зусім чужыя адзін аднаму класы - для Лукашэнкі і ягоныя набліжаных і для астатніх людзей?

- Мы бачым перад сабой класічнага феадала, які ўносіць сюды феадальную маральнасць і феадальную рэальнасць.

VIP-лякарня Лукашэнка - гэта замак сярэднявечнага барона. Будуючы яе, наш дамарослы «Прынц Лімон» і «герцаг Апельсін» паказвае сваё стаўленне да жыцця і нармальных людзей. Мы павінны дакладна разумець, што стаіць за фасадам VIP-клінікі для новых феадалаў.

Для яго важна не проста «хапнуць» як мага больш, а атачыць сябе атрыбутамі афрыканскага «князька». Адсюль - і ягоныя шматлікія шыкоўныя рэзідэнцыі, і ягоны аўтапарк з самалётамі. Лукашэнка атачыў сябе крыклівай раскошай у беднай краіне. Гэта для яго - адзіны спосаб самазацвердзіцца і паказаць, што ён і ягоная чэлядзь - з іншага, феадальнага, свету.

Пры гэтым краіна апускаецца ва ўсё большую галечу менавіта праз ягонае невуцтва, ягоную эканамічную «палітыку». Зрэшты, не столькі яна невуцкая, колькі знарок звернутая на тое, каб трымаць у галечы. Гэтая тыповая логіка сярэднявечнага кіраўніка: чым больш галодная «чэрнь», тым лягчэй ёй кіраваць.

- А як вы пракаментуеце тое, што ў Бараўлянах дзеці страчваюць прытомнасць у чарзе да лекара? Чаму такое адбываецца ў краіне, куды па досыць якасныя і недарагія медыцынскія паслугі штогод едуць замежнікі?

- А вось што тычыцца дзяцей, якія ў Бараўлянах трацяць прытомнасць, чакаючы прыёму да лекара, я хачу сказаць максімальна жорстка. Дзеці страчваюць прытомнасць таму, што страцілі прытомнасць іх бацькі.

Калі бацькі дагэтуль не зразумелі, што іх бяздзейнасць і прынцып «мая хата з краю» прыводзіць да таго, што іх дзеці губляюць прытомнасць у чэргах, то менавіта гэта з'яўляецца нашай галоўнай праблемай.

Лукашэнка - гэта толькі сімвал таго, што здарылася з нашай краінай. Лукашэнка - гэта сон нашага розуму беларускага грамадства. Мы павінны абудзіцца, стрэсці з сябе гэтае насланнё, каб рассыпаліся гэтыя шматлікія феадальныя замкі, спецлякарні, закрытыя VIP-пасёлкі, за фасадамі якіх - абрабаваныя беларускія сем'і.

Пара беларусам прыйсці ў прытомнасць. Проста дзеля таго, каб не падалі без прытомнасці іх дзеці.

Калі сёння не вашае дзіця страціла прытомнасць у Бараўлянах - у наступны раз можа быць ужо вашае. А клініка для Лукашэнкі і ягоных набліжаных будзе ўзвышацца над Менскам, як гняздо сярэднявечных баронаў-разбойнікаў.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках