19 красавiка 2024, Пятніца, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Слонімам працоўныя прыходзяць у цэх з ліхтарыкамі, а грэюцца ля буржуйкі

14
Пад Слонімам працоўныя прыходзяць у цэх з ліхтарыкамі, а грэюцца ля буржуйкі

Пазыкі прадпрыемства за камунальныя паслугі растуць не па днях, а па гадзінах.

У адной з гаспадарак Слонімскага раёна людзі прыходзяць на працоўныя месцы з ліхтарыкамі, а грэюцца ля буржуйкі. Пра гэта распавялі ў эфіры тэлеканала АНТ.

Запазычанасці за камунальныя паслугі растуць не па днях, а па гадзінах. Ужо месяц працоўныя механізаванага двара гаспадаркі «Васілевічы» ходзяць на працу з ліхтарыкамі: рамантуюць тэхніку ў поцемках. Прастойваюць такарныя станкі - няма электрычнасці, не працуе і ацяпленне. Так, кажуць, тут жывуць ужо тры гады. Святло атрымліваюць толькі на жніво і пасяўную. Буржуйку часова паставілі ў пакоі прыёму ежы. Чайнік і мікрахвалевую печ прыбралі - усё адно не працуюць. Такая ж сітуацыя і ў дыспетчарскай. Усе паперы афармляюць уручную, кампутар - ужо прадмет інтэр'еру. Цэнтр жыцця - старая, але надзейная печ. Увесь час электрычнасць ёсць толькі на ферме. Ад яе працуюць даільныя апараты.

«Патрабуецца вялікае адцягненне сродкаў для рамонту тэхнікі, машыннага абсталявання. Гэта асноўная прычына таго, што цалкам выплачваць запазычанасць у электраэнэргіі не магчымым. Увесь час здараюцца форс-мажорныя сітуацыі, тэхніка псуецца, а ў поле выязджаць трэба», - паведаміў дырэктар Слонімскага цэнтра банкруцтва і антыкрызіснага кіравання Віталь Сеч.

Гаспадарка з'яўляецца адной з самых праблемных у раёне. З пачатку года толькі за святло і газ энэргетыкам завінаваціліся 96 тысяч рублёў. Астатнія пазыкі перасягнулі за 10 млн. Каб вывесці з крызісу, ферму перавялі ў рэжым санацыі. Усе запазычанасці часова замарозілі. Прыбытак ад продажу малака ідзе на куплю запчастак, паліва, заробак работнікам. З прыходам новага антыкрызіснага кіраўніка грошы тут выдаюць рэгулярна, таму людзі ўсё яшчэ спрабуюць трымацца за месца. Але ў прафзвязах упэўненыя: фінансавыя цяжкасці - гэта не падстава заплюшчваць вочы на парушэнне ўмоў працы.

«На імя кіраўніка будзе выдадзеная адпаведная рэкамендацыя для ліквідацыі выяўленых парушэнняў. У іншыя органы, ад якіх залежыць развязанне гэтых праблем, таксама будуць накіраваныя адпаведныя лісты», - заявіў галоўны тэхнічны інспектар працы Гарадзенскага абласнога аб'яднання прафзвязаў Дзмітрый Гаравенка.

Спецыялісты ўпэўненыя: нават такія праблемы можна развязаць на месцах. Прыклад - гэта суседняя гаспадарка «Сянькоўшчына». Калі раней паслугі ЖКГ забіралі тут да траціны заробкаў, то цяпер амаль непрыкметныя. Справа ў разумным падыходзе. На механічным двары асвятленне кропкавае. Над кожным рабочым месцам ёсць асобная энэргазберагальная лямпа. Ацяпленне і гарачая вада - ад катла на дровах, у канцы працоўнага дня яго адключаюць да раніцы. Памянялі электраправодку і абсталяванне. Кожны прывучаны выключаць за сабой святло, але такіх вынікаў, кажуць, дамагаліся гадамі.

«Людзі падкажуць, што рабіць і як рабіць. І калі людзі будуць бачыць, што ёсць нейкія пэўныя зрухі ў рабоце, яны пацягнуцца, дапамогуць яму палепшыць варункі працы і палепшыць паказчыкі гаспадаркі», - распавёў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства «Сянькоўшчына» Пятро Давыдчык.

У «Васілевічах» імкнуцца досвед пераняць. Кажуць, галоўнае - гэта не страціць пагалоўе. Гаспадарка чакае вынікаў антыкрызіснага кіравання, імкнуцца дапамагчы дамовіцца і мясцовыя ўлады.

«З энэргазабеспячальнымі арганізацыямі выпрацоўваюцца мерапрыемствы для пастаўкі прадукцыі раслінаводства, збожжа, рапсу ў лік выплаты запазычанасці за энэргарэсурсы», - паведаміў намеснік начальніка ўправы сельскай гаспадаркі і харчавання Слонімскага райвыканкама Іван Войтаў.

Такіх праблемных гаспадарак, як «Васілевічы», у Слонімскім раёне амаль палова. Толькі за святло аграрыі завінавачаныя энэргетыкам больш за 4,5 млн рублёў. У вобласці лічбы яшчэ большыя - амаль 30 млн рублёў. Чаму так адбываецца? Разбірацца трэба ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. Камусьці аб'ектыўна неабходныя адтэрміноўкі, а камусьці проста бракуе дысцыпліны. «Васілевічы» са спісу «цяжкіх» аплатнікаў спадзяюцца выйсці да пасяўной. І тэхніку, кажуць, будуць рамантаваць ва ўсякіх варунках, каб быць гатовымі да вясны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках