16 красавiка 2024, aўторак, 8:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вам колькі ні дай, прафукаеце»: Чаму БЭМЗ не вылазіць са стратаў

11
«Вам колькі ні дай, прафукаеце»: Чаму БЭМЗ не вылазіць са стратаў

Уся сутнасць луканомікі – на прыкладзе аднаго берасцейскага прадпрыемства.

Больш за 400 супрацоўнікаў БЭМЗ усё яшчэ спадзяюцца ажывіць прадпрыемства. Сорак гадоў таму столькі ж працавала ў адным КБ. Тое быў «зорны час» магутнага флагмана, піша «Вечерний Брест».

Першае, што кідаецца ў вочы на прахадной электрамеханічнага завода, – вялікі плакат, замацаваны на сцяне. «Краіна ў нас адна. Яе стабільнасць і росквіт – наша задача!» – напісана вялікімі яркімі літарамі. Да рэалізацыі гэтага лозунгу тут, падобна, паставіліся творча. З першай яго часткай усё ў парадку, а вось другая (росквіт) адкладаецца на нявызначаны тэрмін, заканчэнне якога зашыфраванае ў недаступнай капсуле часу.

Ключ да яе шукаюць на самім заводзе, у органах мясцовай улады, у профільным міністэрстве і ва ўрадзе. На жаль, пакуль безвынікова. Прадпрыемства хранічна стратнае. А змяненне сёлета адмоўнай рэнтабельнасці з мінус 30% на мінус 22% гучыць, пагадзіцеся, не надта аптымістычна.

Два музеі на адным заводзе

На БЭМЗ ёсць невялікі музей, дзе сабраныя найлепшыя ўзоры ранейшых распрацовак: касмічныя модулі, маніторы да кампутараў, першая магнітола «Бярэсце». Завод, асабліва ягоныя старажылы, надзвычай ганарацца гэтымі дасягненнямі мінулых гадоў. Ганарыцца і напраўду ёсць чым. Толькі вось былыя заслугі, як кажуць, на хлеб не намажаш. Тыя, яшчэ савецкія напрацоўкі, якія справядліва даюць падставу для гонару, так і засталіся ў мінулым, не перайшлі ў цяперашні час і ўжо ніяк не паўплываюць на будучыню. Цяперашні БЭМЗ ашаламляльна адрозніваецца ад свайго папярэдніка 40-гадовай даўніны, як неба ад зямлі. Іншае ўсё: лінейка прадукцыі, рынкі збыту, тэхналогіі, канструктарскае бюро... Не найлепшым напамінам пра той шчасны час з'яўляюцца бясконца доўгія цэхі, змрочныя, халодныя, нібы застылыя ў часе і прасторы, дзе сяк-так цепліцца нейкае жыццё. Моўчкі стаяць станкі, выпушчаныя ў 70 – 80-я гады, вакол робяць працоўныя з гаечнымі ключамі, апранутыя ў старыя целагрэйкі. Гэта таксама частка вялікага музейнага комплексу. Толькі месца ёй не на БЭМЗ, а ў якім-небудзь праржавелым ангары, дзе клеплюць і латаюць старую паўразбітую тэхніку.

Паміж «як?» і «чаму?»

Адвечнае славянскае пытанне «Што рабіць?» ужо не актуальнае. Адказ на яго ведае кожны супрацоўнік БЭМЗ: выбірацца з крызісу, выпускаць «жывую» канкурэнтаздольную прадукцыю. Вядома, што пасля распаду краіны Саветаў у адсутнасць вайсковых заказаў прадпрыемства ўхапілася за побытавую тэхніку. Але канверсія не стала прарывам у светлую будучыню. На змену міксерам і прасам прыйшлі лічыльнікі выдаткаў электраэнэргіі і сельскагаспадарчыя агрэгаты. Апошнія завод асвоіў у пачатку 2000-х. Спачатку здавалася, «зазямленне» пайшло на карысць. З 2006 года БЭМЗ вырабляе сеялкі і абганяльныя агрэгаты ў рамках рэспубліканскай праграмы. У 2007-м атрымалася нават выйсці на бясстратную працу. З 2008-га да 2011 года аб'ёмы вытворчасці выраслі ў чатыры разы, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за гэты перыяд павялічылася з 3% да 16%. Потым грымнулі крызіс і рэзкі спад. І вось тут дарэчы адказаць ужо на пытанне "Чаму?". Гэта значыць, неабходны аналіз: выразны, узважаны, аб'ектыўны. У гэтым самая вялікая складанасць. Кіраўніцтва БЭМЗ тлумачыць усё агульнай эканамічнай сітуацыяй, уступленнем Беларусі ў ЕАЭС, рэзка ўзрослай канкурэнцыяй і спыненнем дзеяння згаданай праграмы.

«Дзяржава нас моцна падставіла ў 2011-м, калі адбылася дэвальвацыя рубля, выдаткі на падтрымку АПК рэзка скараціліся, нас выціснулі з рынку. Ад таго ўдару мы не можам акрыяць да гэтага дня. Цяпер мы маем права спадзявацца, што нам падставяць плячо», – кажа Уладзімір Завадскі, галоўны інжынер з вялізным досведам і шматгадовым стажам.

Але ёсць і іншы пункт гледжання. «Разбасячыліся», – гэткая рэзкая ацэнка прагучала з вуснаў непасрэднага кіраўніка – міністра прамысловасці РБ Віталя Воўка, які прыехаў на завод для разбору палётаў. Гаворка, на думку міністра, ідзе пра тую самую праграму, якая пяць гадоў таму дапамагла ўратаваць завод, а потым, выходзіць, яго ж абрынула? Аргумент кіраўніка Мінпрама прагучаў жалезна:

«Указ Лукашэнкі і гарантаваныя вам спрыяльныя варункі стварылі ілюзію таго, што ваша прадукцыя будзе прадавацца. Сельгасвытворцам вылучалі грошы, якія дэ-факта мэтавым чынам ішлі на закупку айчыннай тэхнікі. Але нават унутры краіны вы саступаеце канкурэнтам. У такой сітуацыі міністэрства і ўрад у цэлым супраць падаўжэння дзеяння ўказа. Нельга праядаць у сутнасці бюджэтныя грошы. Вам колькі ні дай, прафукаеце. Трэба думаць над тым, як забяспечыць якасць і прадаваць свой тавар».

Такая ацэнка, вядома, непрыемная, але патрабуе адказу ў сутнасці. Чаму не спрацаваў бізнэс-план? Чаму, уласна, сеялкі?

«Мы вырабляем глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты паводле ўласных распрацовак нашых канструктараў. Яны запатрабаваныя. І ў тэндарах на пастаўку кожнай адзінкі сельгастэхнікі ўдзельнічаем на роўных з іншымі прадпрыемствамі. Але нам сёння катастрафічна не хапае зваротных сродкаў», – сцвярджае Уладзімір Завадскі.

Праблема, скажам проста, знаёмая вельмі многім прадпрыемствам, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінпрама. Але развязваць яе механічным укідам бюджэтных сродкаў – усё роўна што спрабаваць ацепліць велізарны цэх, ды яшчэ без даху, абрэзкамі кардону.

Будзем жывыя, не памрэм?

Кіраўніку прамысловай установы паказалі вытворчыя і побытавыя памяшканні. Ён звяртаў увагу нават на дробязі. Змяшальнікі ў бытоўках непрыкручаныя. Агрэгаты ў цэхах стаяць на бетоннай падлозе, а павінны на гумовых кілімках. Але з такіх дробязяў складаецца культура вытворчасці. Некалькі гектараў плошчаў, дзе гуляе вецер, Віталь Воўк назваў не вельмі літаратурным словам – «хламужнік». Яго імкнуліся пераканаць, што пасля рамонту ў адным з памяшканняў туды перанясуць асноўную вытворчасць, зробяць яе больш кампактнай, сучаснай. Астатнія прывядуць у парадак і будуць здаваць у арэнду. Гэта дазволіць пагасіць пазыкі, часткова аздаравіць фінансы. Але дзе гарантыя, што арандатары захочуць усяліцца ў старыя, прапахлыя нафталінам бетонныя скрынкі? Такіх у горадзе гаць гаці, а вытворчы бум, як ні круці, нам толькі сніцца. Успамінаецца выказванне аднаго з былых чыноўнікаў, які ў мінулым працаваў на БЭМЗ: «Найлепш знесці ўсё і пабудаваць тут элітнае жыллё».

Зрэшты, урад і мясцовыя ўлады гэты пункт гледжання, падобна, не падзяляюць: «Мы зацікаўленыя ў тым, каб прадпрыемства працавала, плаціла падаткі ў бюджэт, каб там ствараліся працоўныя месцы і не было сацыяльных хваляванняў. А якім чынам развяжуць пастаўленыя задачы – справа самога прадпрыемства», – такую пазіцыю агучыў першы намеснік кіраўніка Берасцейскага гарвыканкама Вадзім Краўчук.

Відавочна, што лёс прадпрыемства рэспубліканскага значэння будзе развязваць заснавальнік – Рэспубліка Беларусь у асобе профільнага міністэрства. Віталь Воўк выказаў ідэю: «Уключыць былы флагман у склад ААТ “Гомсельмаш”». На прадпрыемстве па-ранейшаму настойваюць: дапамажыце нам з «звароткай». У перакладзе на беларускую мову: дайце грошай. Колькі? Пакуль лічаць. Але справа нават не ў суме, хоць і гэта важна. Справа ў самім падыходзе. Аддаць аднаму прадпрыемству (усё роўна ў якой форме), значыць – забраць у іншых. Магчыма, недаплаціць дарожнікам, настаўнікам, лекарам, не ўкласці ў тую ж навуку, ад якой шмат у чым залежыць будучыня дзяржавы. А як жа змест таго плаката: «Краіна ў нас адна»?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках