29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі Лукашэнка надзене гадзіннік «Луч» і перасядзе з «Майбаха»?

64
Калі Лукашэнка надзене гадзіннік «Луч» і перасядзе з «Майбаха»?
Калаж: «Радыё Рацыя»

Тэарэтычна гэта зрабіць вельмі нават проста.

- Больш не буду шыць з нейкай чужой тканіны касцюмы, а буду купляць тут, - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка, калі ўбачыў новыя «годныя» тканіны, выпуск якіх асвоіла ААТ «Камволь».

Выходзіць, з гэтага часу ўсе касцюмы дыктатара будуць толькі з беларускай тканіны?

На якія яшчэ тавары айчыннай вытворчасці варта было б перайсці кіраўніку? З такім пытаннем zautra.by звярнулася да эканаміста Льва Марголіна.

- Пытанне, як да гэтага паставяцца італьянскія краўцы, якія шыюць яму касцюмы. Баюся, на беларускую тканіна яны пераходзіць не пагодзяцца, - ацэньвае заяву беларускага дыктатара эканаміст Леў Марголін. - Тады прыйдзецца купляць гатовыя касцюмы беларускай вытворчасці ў нашых універмагах. Хоць тут таксама небяспечна: можна купіць беларускія касцюмы з імпартнай тканіны.

- Ці сапраўды «Камволь» стаў такім сучасным прадпрыемствам, пра што кажуць афіцыйныя СМІ?

- Для гэтага трэба азнаёміцца з фінансавай справаздачнасцю. Па заканчэнні года Мінфін будзе публікаваць афіцыйныя фінансавыя звесткі за год. Калі гэта сапраўды такое ўнікальнае прадпрыемства, то ў яго будзе шалёны прыбытак і шалёная рэнтабельнасць. Паглядзім.

- Наколькі праекты мадэрнізацыі паспяховыя па краіне ў цэлым?

- Наш досвед паказвае, што паспяхова мадэрнізаваць прадпрыемствы дзяржава не ў стане. За апошнія 10 гадоў было маса спробаў і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, і ў вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, але нідзе паспяховых прыкладаў няма.

- Які прыклад, акрамя касцюмаў, мог бы падаць ці агучыць кіраўнік, каб заахвоціць сваіх падначаленых карыстацца прадукцыяй айчыннай вытворчасці?

- Самае простае, што ён мог бы зрабіць, гэта купіць абутак беларускай вытворчасці, хоць ён не такі і дрэнны, і гадзіннік фабрыкі «Луч», а не швейцарскія. Я ўжо не кажу пра тое, што зараз у яго з'явілася ўнікальная магчымасць перасесці з «Мэрсэдэса» або з «Майбаха» на «Джылі», прычым без адмысловай шкоды, бо яму маглі б сабраць аўтамабіль з асаблівай дбайнасцю. Так што магчымасцяў у Лукашэнкі маса.

У рамках імпартазамяшчэння ў Беларусі вырабляецца вялікая колькасць прадукцыі, уключаючы лекі. Вось, калі ласка, пераходзь на ўсё беларускае і падавай прыклад іншым. Асабліва гэта тычыцца рэчаў, якія бачныя няўзброеным вокам на фотаздымках.

- Чаму «слугі народа» не спяшаюцца карыстацца айчыннай прадукцыяй?

- Таму што прадукцыя не адпавядае ўзрастаючым запытам якасці. А паколькі ў чыноўнікаў, у адрозненне ад большасці простых беларусаў, ёсць магчымасць выбару, яны і выбіраюць тое, што лепш, у меру сваіх фінансавых магчымасцяў.

- Ці можна дырэктыўна прымусіць чыноўнікаў перайсці на прадукцыю беларускай вытворчасці?

- Тэарэтычна вельмі нават проста. Трэба адкрыць для іх спецыяльныя крамы, дзе яны ў кошт заробку маглі б купляць толькі беларускую прадукцыю, толькі беларускія прамысловыя тавары і атрымліваць толькі беларускія паслугі. Іншым спосабам прымусіць іх гэта рабіць нельга.

- Ці дапамагае палітыка імпартазамяшчэння беларускай эканоміцы?

- Не, таму што яна ажыццяўляецца за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў, а дзяржпрадпрыемствы наогул не могуць праводзіць эфектыўна праграмы імпартазамяшчэння. Па-другое, палітыка імпартазамяшчэння стварае пэўныя льготныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў, штучнае ільготнае асяроддзе. Толькі канкурэнцыя можа прымусіць прадпрыемства не стаяць на месцы, а інтэнсіўна рухацца наперад.

Ніякага штучнага імпартазамяшчэння быць не павінна, бо нельга ўсе тавары і паслугі вырабляць з аднолькава добрай якасцю. Калі ў краіне прадпрыемствы ў асноўным прыватныя, то ў першую чаргу развіваюцца тыя сектары эканомікі, у якіх вырабляецца прамысловая і сельгаспрадукцыя, канкурэнтныя паслугі. І толькі тады краіна рухаецца наперад.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках