29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як прадавец кампутараў стала арганізатарам вяселляў у Баранавічах

1
Як прадавец кампутараў стала арганізатарам вяселляў у Баранавічах

Пачатак бізнэсу беларусаў паклаў танец маладых ва Украіне.

Дыпламаваны псіхолаг і спецыялістка продажу кампутарнай тэхнікі, а цяпер арганізатарка вяселляў Аксана Лежан распавяла intex-press.by, як танец маладых паклаў пачатак яе бізнэсу, колькі часу сыходзіць на падрыхтоўку вяселля і што можа прымусіць яе зрабіць зніжку пары:

- Пасля школы я скончыла ВНУ і атрымала дыплом псіхолага. Але па спецыяльнасці не працавала - уладкавалася ў краму кампутарнай тэхнікі. За год прайшла шлях ад стажора да кіраўніцы крамы і ...сышла ў дэкрэт. Пакуль сядзела з дзіцем, усвядоміла, што займалася не тым, пра што марыла.

Пяць гадоў таму мяне запрасілі на вяселле ва Украіне. Падчас першага танца маладых я ўбачыла, як з вялізнага падвешанага пад столлю шара на гасцей сыпаліся канфеці. І мне так захацелася, каб нешта падобнае ўбачылі жыхары Баранавічаў, што, вярнуўшыся ў родны горад, я паўтарыла гэтае шоў з шарам на вяселлях сваіх сябровак. Гэта і паклала пачатак маёй будучай справе.

Каб без сучка без задзірынкі

Потым у інтэрнэце ўбачыла абвесткі з прапановамі арганізаваць вяселле. Не правесці па загадзя падрыхтаваным сцэнары, а прыдумаць і распланаваць усё так, каб ўрачыстасць прайшла без сучка без задзірынкі. Я падумала: «А сапраўды, на вяселлях часам узнікаюць накладкі, і пазбегнуць іх можна толькі пры ўмове дакладнай арганізацыі свята. І гэты занятак як раз для мяне».

Прыкладна год я адпрацавала каардынатарам вяселляў. Каардынатар - гэта не арганізатар, ён не арганізоўвае ўрачыстасць, а толькі сочыць, каб па плане выконвалася ўсё тое, што прыдумаў нехта іншы.

Для мяне быў важны гэты досвед, ён дапамог адчуць атмасферу вясельнага свету знутры.

А тры гады таму я адкрыла ІП і стала арганізатарам вяселляў.

«Ехала з курсаў і плакала»

Мой бізнэс не патрабуе вялікіх укладанняў: не трэба выдаткоўвацца на арэнду памяшкання, закупляць дарагое абсталяванне. Але і без першапачатковага капіталу ўвайсці ў гэтую сферу складана. Аднаго жадання займацца арганізацыяй вяселляў мала, патрэбен досвед. Калі няма ўласнага, яго трэба ў кагосьці пераняць. Вядома ж, за грошы.

Мае першыя аднадзённыя курсы ў Менску каштавалі прыкладна $150 даляраў. Яшчэ $150 я выдаткавала на распрацоўку ўласнага лагатыпу. Праз год прыняла ўдзел ужо ў трохдзённых курсах, якія праводзіла вядомая ва Украіне арганізатарка вяселляў. Навучанне каштавала $500. Нам не толькі распавядалі, «як трэба рабіць», але і навучалі на рэальных вяселлях. Мы назіралі, як усё адбываецца, і нават бралі ўдзел у працэсе. Досвед быў бясцэнны. Але я ехала дадому з курсаў і ўсю дарогу плакала. Я не ўяўляла, як у нашым горадзе можна арганізаваць хоць нешта мінімальна падобнае да таго, што ўдалося ўбачыць там.

Максімум - дзевяць месяцаў

Мае кліенты - пары, якія толькі плануюць ажаніцца, і некаторыя з іх нават не заўсёды сапраўды могуць сказаць, калі гэта адбудзецца. На падрыхтоўку і зацвярджэнне сцэнару можа сысці некалькі месяцаў. Адным спатрэбілася нават дзевяць месяцаў - пакуль гэта максімум.

Адны маладыя прыходзяць з выразна прадуманымі ідэямі, і мая дапамога ім патрэбна, каб ўвасобіць іх у жыццё. Іншыя - не ведаюць, чаго хочуць. На гэты выпадак у мяне распрацаваны анкеты для жаніха і нявесты. Вывучыўшы іх адказы, мне лягчэй вызначыць, якое вяселле падыдзе менавіта ім.

Калі бачу, што бюджэт у маладых абмежаваны, але працаваць з імі мне цікава, раблю зніжку. Досвед працы з імі спатрэбіцца ў будучыні.

У Еўропе выразная такса - 10% ад бюджэту вяселля

Арганізацыя вяселляў - гэта павольныя грошы. Я магу паўгода працаваць з маладымі, а ганарар атрымаю толькі ў дзень вяселля. У Еўропе ў вясельных арганізатараў выразная такса - 10% ад бюджэту вяселля. У мяне пакуль адна цана - $500 даляраў з пары.

Нярэдка чую, што гэта "неяк вельмі шмат». Для фатографа, які правёў з маладымі некалькі гадзін, а потым некалькі дзён выдаткаваў на рэтуш фота, - гэта чамусьці нармальна. Для вядучага, які правёў вяселле па гатовым сцэнары, - прымальна. А для чалавека, які выдаткаваў столькі часу і сіл, прыдумаў, арганізаваў і распісаў усе па хвілінах, гэта шмат?! Бо на мне ляжыць адказнасць як за ўсё вяселле, так і за любую дробную дэталь. А такіх дэталяў - сотні. Нават пеньюар нявесце, які раніцай яна надзене для фотасесіі, і швачку, якая яго сшые, шукаю я. Каб фатограф альбо цырульнік не спазніліся - сачу я. І, калі гэта адбудзецца, усе шышкі паляцяць у мяне.

У будучыні я мару адкрыць сваё вясельнае агенцтва, але разумею, што на гэта спатрэбіцца не адзін год. Тым не менш я веру, што мой зорны час, як арганізатара вяселляў, надыдзе, калі будуць жаніцца дзеці цяперашніх маладых.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках