19 красавiка 2024, Пятніца, 13:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскія актывісты: Накіраваўшы намаганні па адным вектары, мы даможамся ашаламляльных вынікаў

1
Магілёўскія актывісты: Накіраваўшы намаганні па адным вектары, мы даможамся ашаламляльных вынікаў

У Магілёве адсвяткавалі Дзень правоў чалавека.

10 снежня абласны цэнтр адсвяткаваў Дзень правоў чалавека ў грамадскім цэнтры «Кола», паведамляе mspring.online.

Магілёўскія праваабаронцы адзначылі Дзень правоў чалавека сумесным выступам у грамадскім цэнтры «Кола». Прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта, Магілёўскага праваабарончага цэнтра, ПЦ «Вясна», незалежнага прафзвязу РЭП і цэнтра абароны правоў дзяцей расказалі, чым жыла праваабарончая супольнасць горада ў 2017 годзе.

Сябра праўлення БХК і дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка распавёў пра канцэпцыю правоў чалавека і тую спадчыну, якую пакінуў пасля сябе Савецкі Саюз (на галоўным фота)

- Некалькі гадоў таму я пацікавіўся ў пракурора, якую сілу мае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У адказ пачуў - рэкамендацыйную. На жаль, першая праблема, з якой сутыкаюцца праваабаронцы - адсутнасць разумення, што такое правы чалавека. Як сярод грамадзян, так і сярод і чыноўнікаў, - пазначыў праблему Краўчанка.

Кіраўнік магілёўскага аддзялення ПЦ «Вясна» Аляксей Колчын распавёў пра адміністрацыйны пераслед актывістаў з боку дзяржавы, палітвязняў і грамадскую прыёмную цэнтра.

Праваабаронца Барыс Бухель звярнуў увагу на залежнасць судоў ад выканаўчай улады і папярэдзіў прысутных аб тым, што ў справах з палітычным падтэкстам апраўдальнага вердыкту чакаць не выпадае:

- У нас ёсць прыклад палітыкаў Алега Аксёнава, Уладзіміра Шанцава, журналістаў Уладзіміра Лапцэвіча і Аліны Скрабуновай, актывіста Станіслава Паўлінковіча, калі суды адкрыта парушалі закон аб нарматыўна-прававых актах і прымалі пастановы, выгадныя беларускім уладам. На жаль, мы не можам казаць пра незалежнасць судоў хоць бы таму, што кожнага з суддзяў нават раённага суда прызначае Лукашэнка. Гэта азначае поўную залежнасць ад выканаўчай улады, - сказаў на заканчэнне Бухель.

Яго думку падтрымаў мадэратар мерапрыемствы і журналіст mspring.online Аляксандр Буракоў:

- У 2017 годзе мы мелі справу адразу з трыма адміністрацыйнымі пастановамі судоў наконт журналістаў. Карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзіміра Лапцэвіча пакаралі штрафам 1045 рублёў за тое, што ён паслаў сем лістоў у рэдакцыю часопіса беларусаў Беластока «Ніва». Аліну Скрабунову пакаралі двума штрафамі за сюжэты пра прыёмнік для бяздомных жывёл, «Дранікі-фэст» і кавярню «Шпаркі ласось». Улады адмыслова дэманструюць, што яны прыцягваюць да адказнасці па непалітычных тэмах. Аднак караюць асабліва незалежных журналістаў, - распавёў Буракоў.

Інспектар незалежнага прафзвязу РЭП Аляксандр Хамратаў распавёў пра важнасць калектыўнай дамовы з наймальнікам і тарыфнай сеткай, а таксама салідарнасці:

- Сёлета нам удалося абараніць правы жанчыны, якая страціла руку на вытворчасці і дамагчыся для яе заробку за пяць гадоў. Але для гэтага спатрэбілася яе жаданне і старанне. Мне здаецца, што калі б праваабаронцы і тыя, хто ім спачуваюць, накіравалі свае намаганні па адным вектары, нам удалося б дамагчыся ашаламляльных вынікаў, - сказаў Хамратаў.

Пра абарону правоў непаўналетніх распавяла прадстаўніца цэнтра ў абароне правоў дзяцей Наталля Шкадун:

- Я крыху прывучыла раённыя ўлады вывучаць кодэксы і законы, але працы ўсё роўна шмат. Адным з дасягненняў уважаю тое, што нам удалося прымусіць магілёўскую радзільню вылучыць асобныя пакоі для пераапранання для парадзіх. Да гэтага ўсе проста збіраліся ў памяшканні, падобным на памяшканне «Кола» і пераапраналіся пры старонніх. Трэба не баяцца біцца за свае правы. Гэта дапамагае жыць.

Спецыяльны госць Дня правоў чалавека Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі прэзентаваў адразу дзве навінкі - коміксы супраць смяротнага пакарання і выставу «Кожны мае права ведаць свае правы»:

- Выстава мае міжнародны маштаб, да гэтага падобныя стэнды выстаўляліся ва Украіне і ў Грузіі. У Беларусі мы вырашылі прадставіць іх у Магілёве, бо нам спадабалася ідэя Тыдня правоў чалавека. Яна падрыхтаваная сукупнымі намаганнямі сеткі Дамоў правоў чалавека, ПЦ «Вясна», украінскай арганізацыі «МАРТ» і іншымі нашымі сябрамі, - распавёў Андрэй Палуда. Пра працэс стварэння выставы распавяла сцэнарыстка і праваабаронца Паліна Сцепаненка. Экскурсію па стэндах правялі валанцёры праваабарончага цэнтру «Вясна» Юры Мяцельскі і Сяргей Тустаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках