19 красавiка 2024, Пятніца, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стартавала кампанія «Літара Ў патрабуе дапамогі!»

3
Стартавала кампанія «Літара Ў патрабуе дапамогі!»

Ў нескладовае для беларусаў – гэта не проста адна з літар алфавіта.

У Беларусі на платформе talaka.by стартавала кампанія «Літара Ў нескладовае патрабуе дапамогі!».

Што такое Ў нескладовае для беларусаў? Гэта не проста адна з літар алфавіта! Гэта тое, што вылучае беларусаў сярод іншых нацый. Літара Ў нескладовае гэта тое, што робіць нас адметнымі.

Беларусь — адзіная краіна ў свеце з помнікам літары Ў нескладоваму (Полацк).

«Ў нескладовае», між іншым, гэта і айчынны гурт.

30 снежня 2017 і 4 студзеня 2018 у Мінску адбудуцца пробныя дзіцячыя святочныя імпрэзы «Казка пра літару Ў нескладовае, якая ўратавала Каляды і Новы Год» (Навагодняя казка на роднай мове для дзяцей і бацькоў).

Казка «Як літара Ў уратавала Каляды» — гэта новы дзіцячы музычна- тэатральны праект Рамана Арлова, вядомага па «J:МОРС», «У нескладовае», мюзікле «Чарадзей».

Што можа здарыцца са звычайнымі беларускімі дзецьмі (а можа нават і іх бацькамі) ў навагоднюю ноч, калі яны зблытаюць Дзеда Мароза з Зюзем, Снягурку з Лёляй, і не пазнаюць Жыжаля і Мару?

Духі беларускага сусвету спыняюць час… і сонца не можа ўзысці, а значыць Новы Год і Каляды ніколі не прыйдуць!

Але Яська і Янінка могуць выправіць сітуацыю, калі хуценька вывучаць беларускую міфалогію, асабліва калядную. Патрэбна адказаць на шмат пытанняў, прайсці выпрабаванні, і сабраць чароўныя літары ў слове «НАДЫШОЎ». Асабліва цяжка знайсці апошнюю — «Ў нескладовае»…

Літара хаваецца ў Чароўным Калядным Бары, і пакуль Янінка не знойдзе «Ў нескладовае» — Новы Год і Каляды не надыдуць…

А Зюзя, Ляля, Жыжаль, Мара ды іншыя духі беларускага космасу дзецям дапамогуць.

І казка вернецца! І Новы Год з Калядамі надыйдуць!

Сродкі збіраюцца ў першую чаргу для набыцця касцюмаў і дэкарацый, запісу кампазіцый, бо плануецца арганізаваць паказы беларускамоўных спектакляў на пастаяннай аснове, каб не траціць грошы на арэнду, пішуць арганізатары.

«Хочацца правесці казкі пра літару Ў нескладовае на належным узроўні. На жаль, мы не маем падтрымкі дзяржавы і буйных спонсараў. Але вельмі прыемна здзівіў водгук нашых партнёраў, дзякуючы якім мы змаглі аператыўна размясціць рэкламу імпрэзы ў метро і на іншых каналах. Вядомы менеджар Віталь Супрановіч без пытанняў, аператыўна падключыўся і вельмі моцна дапамог на старце, хаця зразумела, што на дадзеным этапе гэта стратнае мерапрыемства.

Музыка Валік Грышко бясплатна зрабіў аўдыё і відэа-ролік.

А гурт «Без Білета» нават вырабіў міні-кліп на сваю новую беларускую песню «Святочная» па матывах нашага роліка

Пакуль гэта выглядае як сапраўдны народны праект, які патрэбны ўсім нам. Але без большай падтрымкі мы не зможам правесці ўсё на высокім узроўні і лепей за іншыя імпрэзы. А беларускае павінна быць як раз на парадак вышэй па якасці! Мы глядзім у будучыню, верым што праект будзе развівацца, як і будуць расці нашыя дзеткі беларусамі, якія ведаюць пра літару Ў нескладовае і не толькі» — адзначае Раман Арлоў, прадусар праекта.

У залежнасці ад сабраных сродкаў, арганізатары дадаткова плануюць зняць відэа-версію спектакля для далейшага распаўсюджвання ў інтэрнэт, на дысках, паказах па тэлевізіі.

Калі ўдасца сабраць 5000 рублёў, арганізатары абяцаюцца правесці бясплатны паказ для малазабяспечаных катэгорый насельніцтва.

«Такім чынам, мы збіраем мінімум 1000 рублёў, задача максімум 5000 рублёў. Мы верым, што гэты цуд можа адбыцца! Іначай навошта жыць:)

Прапанова будзе цікавая як фізічным, так і юрыдычным асобам, зацікаўленым у рэкламе сваіх паслуг.

Ахвяраваць можна ад 5р. да 20р., ад 50р. да 100р., ад 500р. да 5000р.

Ахвяраванні з опцыямі бясплатных квіткоў вы можаце падараваць сябрам і знаёмым, якія не цікавяцца беларускай культурай, для наведвання спектакля, магчыма яны адкрыюць для сябе дзівосны свет беларускай мовы», — кажуць арганізатары.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках