23 красавiка 2024, aўторак, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Эфект Макрона» станоўча адбіўся на французскай эканоміцы

1
«Эфект Макрона» станоўча адбіўся на французскай эканоміцы
ЭМАНУЭЛЬ МАКРОН

Прывабнасць Францыі ў якасці краіны для вядзення бізнэсу ўзрасла ў вачах амерыканцаў.

Дзелавы клімат у Францыі значна палепшыўся пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Эмануэля Макрона. Такія вынікі адразу некалькіх апытанняў грамадскай думкі, якія праводзяцца як сярод французскіх прадпрымальнікаў, так і сярод замежных інвестараў. Пра «эфект Макрона» загаварылі СМІ і спецыялісты, ru.rfi.fr.

Прывабнасць Францыі ў якасці краіны для вядзення бізнэсу ўзрасла ў вачах амерыканцаў: паводле даследавання амерыканскай Гандлёвай палаты ў Парыжы, 52% бізнэсоўцаў з ЗША плануюць павялічыць найбліжэйшым часам колькасць працоўных месцаў у сваіх французскіх філіялах.

Згодна з праведзеным у канцы лістапада апытаннем сярод амерыканскіх прадпрымальнікаў, якія працуюць у Францыі, 72% з іх спрыяльна ацэньваюць эканамічныя перспектывы ў гэтай краіне. Для параўнання, у 2016 годзе такіх прадпрымальнікаў было толькі 30%. Гэта гістарычна высокі ўзровень, адзначаюць у Гандлёвай палаце: «Гэты ўздым аптымізму праяўляецца ў тым, што большасць амерыканскіх інвестараў маюць намер стварыць у Францыі новыя працоўныя месцы да 2020 года».

«Дзевяць апытаных з дзесяці мяркуюць, што палітыка прэзідэнта Эмануэля Макрона паляпшае інвестыцыйны клімат і імідж Францыі ў Злучаных Штатах», - каментуе апытанне амерыканскі кансалтынгавы кабінет Bain&Company. Аднак, агульны вынік апытання нельга ўважаць за станоўчы, бо на пытанне «ці параіце вы ўкладваць грошы ў Францыю або абераце іншую краіну», большасць амерыканцаў адказваюць «не». Хоць агульная тэндэнцыя радуе французскіх эканамістаў: розніца паміж станоўчымі і адмоўнымі адказамі сёлета склала 12%, тады як у 2016 годзе яна была 51%.

І хоць эфект ад правядзення рэформ Эмануэля Макрона яшчэ цалкам не праявіўся, французскія прадпрымальнікі таксама больш упэўнена глядзяць у будучыню. Паводле апытання, праведзенага Нацыянальным інстытутам статыстыкі і эканамічных даследаванняў (INSEE), «бізнэс-клімат» у Францыі дасягнуў найвышэйшай за апошнія 10 гадоў вяршыні. Гэты паказчык вызначаецца інстытутам штомесяц праз апытанне кіраўнікоў найбуйнейшых прадпрыемстваў усіх сектараў французскай эканомікі. Са студзеня 2008 года такой колькасці станоўчых адказаў Францыя яшчэ не дасягала, кажуць спецыялісты INSEE.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках