23 красавiка 2024, aўторак, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Прафзвяз РЭП - арганізацыя, якая пойдзе да канца

7
Генадзь Фядыніч: Прафзвяз РЭП - арганізацыя, якая пойдзе да канца

Беларусы ўсё часцей звяртаюцца ў незалежны прафзвяз, каб абараніцца ад самавольства наймальнікаў і ўладаў.

Ганна Мацвеенка, адна з работніц птушкафабрыкі «Хальч», распавяла praca-by.info, чаму яны з калегамі ўступілі ў РЭП і наважылі бараніць свае правы праз суд.

У прафзвяз РЭП звярнуліся птушніцы з птушкафабрыкі «Хальч», якім пагражае звальненне. Так як кантрактная сістэма надае наймальніку неабмежаванае права звальняць работнікаў на сваё меркаванне (не прадаўжаць кантракт), жанчыны разлічваюць, прынамсі, на звальненне паводле 41 артыкула Працоўнага кодэкса: на патрабаванне работніка праз парушэнне наймальнікам іх працоўных правоў. У гэтым выпадку яны павінны будуць атрымаць па тры сярэднямесячныя аклады пры звальненні. Справу вядзе прававы інспектар РЭПа ў Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

Як распавёў прафсаюзны юрыст, уступленне работніц ў незалежны прафзвяз выклікала незадаволенасць у начальства птушкафабрыкі «Хальч». З адной з жанчын, Ганнай Мацвеенкай, асабіста гутарыў старшыня Веткаўскага райвыканкама Алег Архіпенка.

Аднак жанчыны не плануюць адступацца ад планаў дамагчыся справядлівасці праз суд. Ганна Мацвеенка патлумачыла матывы сваіх дзеянняў:

- Можа, мы б і не заяўлялі пра тое, што не выконваліся ўмовы кантракту, калі б нас не пагналі з працы. Мы нічога не казалі, мы гатовыя былі і да 12 гадзін працаваць - але нас выгналі. Мы пойдзем да канца. Чаго нам баяцца? Горш, чым ёсць, ужо не будзе. Працы няма! Тут усё закрытае: у Веткаўскім раёне няма нічога. Нядаўна чакалі ў Веткаўскім музеі Мядзведзева (прэм'ер-міністра Расейскай Федэрацыі - заўв.) - ён прыязджаў на музей паглядзець. Хай бы яны ўсе заехалі на фабрыку! Ніхто не хоча - толькі на прыгажосць музея паглядзець. А тое, што працы няма ва ўсёй Ветцы, гэта нікога не хвалюе.

Генадзь Фядыніч, старшыня прафзвязу РЭП, пракаментаваў нежаданне работніц птушкафабрыкі «Хальч» падпарадкавацца ўгаворам і патрабаванням кіраўніцтва адмовіцца ад звароту ў суд:

- Сёння РЭП - гэта сумленне. Гэта тая арганізацыя, якая пойдзе да канца за людзей. І людзі гэта разумеюць. Але, напэўна, гэта не да канца разумеюць чыноўнікі. Відавочна, яны і цяпер дрэнна ведаюць, што такое незалежны прафзвяз РЭП. А я скажу па-іншаму: людзі павінны жыць, абароненыя ад самавольства наймальніка і ўладаў. Тут РЭП як раз выступае той структурай, якая дапамагае пазбавіцца ад усіх дамаганняў наймальніка і ўладаў. Дык чым дрэнны РЭП? Напэўна, ён тым і добры, што сёння яго баяцца ўлады; бо наш незалежны прафзвяз - за людзей.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках