20 красавiка 2024, Субота, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Траціна беларусаў трапляе ў катэгорыю «абсалютная беднасць»

31
Траціна беларусаў трапляе ў катэгорыю «абсалютная беднасць»
ФОТА: BYMEDIA

У катэгорыі рызыкі - шматдзетныя сем'і і самотныя маці.

Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC правёў даследаванне для высвятлення ўзроўню беднасці ў Беларусі. За аснову ўзялі афіцыйныя звесткі Белстата - а менавіта, выбарачныя абследаванні хатніх гаспадарак за 2009 - 2016 гады. Але методыку даследчыкі выкарысталі міжнародную, піша kp.by.

Паводле звестак даследавання, у апошнія два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ўдвая, і ў 2016 годзе пад гэтую катэгорыю патрапіла 29,3% насельніцтва. Прычым у сельскай мясцовасці лічбы вышэйшыя (40,55%), а ў горадзе ніжэйшыя (25,27%)

Паводле звестак Белстата, малазабяспечанымі лічацца крыху больш за 4% ад усіх сем'яў.

- Чаму такое разыходжанне? І што такое абсалютная беднасць? Гэта ж не значыць, што людзі галадаюць і ходзяць у лахманах.

- У сваім даследаванні я выкарыстаў звесткі Белстата ў якасці першаснай статыстычнай інфармацыі. Але ўзяў да іх міжнародную метадалогію. Абсалютная беднасць - гэта калі людзі не могуць сабе дазволіць купіць нармальнае харчаванне, нармальныя паслугі на ўзроўні, які забяспечвае простае ўзнаўленне рабочай сілы, - распавёў «КП» навуковы супрацоўнік цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль. - Вядома, людзі не паміраюць ад голаду. Але шукаюць магчымасці з'ехаць з краіны. Адпаведна, пагаршаецца прапанова працоўнай сілы, можа расці злачыннасць. На мой погляд, сітуацыя досыць сур'ёзная, і ёй трэба надаць увагу.

- З вашага даследавання, у сельскай мясцовасці да ўзроўню абсалютнай беднасці ў мінулым годзе належалі 40,55% насельніцтва. Вы ўлічвалі тое, што ў вёсках многія вядуць гаспадарку і ім не трэба купляць некаторыя прадукты?

- Так, але пры гэтым яны выдаткоўваюць сродкі на куплю угнаенняў, неабходных сродкаў працы. Дарэчы, гэтая сума ўлічваецца ў выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак, якое праводзіць Белстат. У той жа час сельскае насельніцтва выдаткоўвае сілы на вядзенне гаспадаркі, а іх трэба папаўняць дадатковым спажываннем калорый. Гэта значыць спажыванне прадуктаў харчавання на вёсцы павінна быць вышэйшым, чым у горадзе. На мой погляд, тое, што дапаможная гаспадарка здольная папоўніць дэфіцыт грашовых сродкаў у сельскіх жыхароў, пытанне спрэчнае. Істотна паўплываць на беднасць на сяле гаспадарка не можа без развіцця сельскага прадпрымальніцтва.

- Вы аднеслі траціну насельніцтва да катэгорыі «абсалютная беднасць». Гэта нармальная лічба ці трэба біць трывогу?

- Патрэбная адрасная сацыяльная падтрымка насельніцтва. Агулам патрэбныя рэформы ў многіх сферах эканомікі. Лёгкага шляху, каб вырвацца з пасткі беднасці, няма. Хуткі шлях прывядзе да далейшага пагаршэння эканомікі.

Паводле звестак экспэрта, у катэгорыі рызыкі апынуліся сям'і, дзе не ўсе людзі працуюць, дзе ёсць маленькія дзеці, шматдзетныя сем'і, а таксама самотныя маці. Гэтыя сем'і больш за іншых рызыкуюць апынуцца ў катэгорыі «абсалютная беднасць», і менавіта ім дзяржава павінна надаваць сацыяльную падтрымку.

Як падлічвалі ўзровень беднасці?

Беднасць ацэньвалі праз узровень спажывецкіх выдаткаў. У кожнай сям'і ёсць выдаткі на асноўныя патрэбы. У даследаванні вылічылі кошт адной калорыі прадуктаў, узялі фізіялагічную норму спажывання калорый, разлічаную Міністэрствам аховы здароўя. Таксама ўлічылі нехарчовыя патрэбы. І потым усе выдаткі параўналі з афіцыйнымі сярэднімі даходамі.

Нагадаем, Белстат дае сваю ацэнку беднасці: чалавек жыве за рысай беднасці, калі яго ўзровень даходаў ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму (у мінулым годзе - 173 рублі 10 капеек).

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках