19 красавiка 2024, Пятніца, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалая Статкевіча арыштавалі на мяжы і закавалі ў кайданкі

83
Мікалая Статкевіча арыштавалі на мяжы і закавалі ў кайданкі
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

(Абноўлена) На палітыка надзелі кайданкі на памежным пераходзе Лоша паміж Беларуссю і Літвой.

Лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча арыштавалі на мяжы. На палітыка надзелі кайданкі на памежным пераходзе Лоша паміж Беларуссю і Літвой.

Пра гэта Charter97.org паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.

«Мы ехалі на аўтамабілі ў Літву праз памежны пераход Лоша. Пасля праверкі пашпартоў памежнікі затрымалі Мікалая Статкевіча, надзелі на яго кайданкі, аўтамабіль, які належыць мне, адагналі на спецстаянку, а нас з Мікалаем змясцілі ў нейкае дапаможнае памяшканне, дзе нас ахоўвае цэлы лейтэнант.

Прычын затрымання не тлумачаць, мабыць, чакаюць указанняў высокага начальства з Менска. Свае прозвішчы памежнікі адмовіліся называць», - распавяла Марына Адамовіч.

Прыблізна праз гадзіну пасля затрымання палітыка вызвалілі. «Знялі кайданкі, вызвалілі аўтамабіль, адпусцілі. Без тлумачэнняў і прабачэнняў», - напісала Марына Адамовіч у «Фэйсбуку».

Нагадаем, што сёння ў Менску праходзіць пасяджэнне кіраўнікоў урадаў краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы.

Мікалай Статкевіч распавёў «Радыё Свабода», што звычайна карыстаецца памежным пераходам Лоша, калі едзе ў Літву, але раней такіх затрыманняў не было:

«Звычайна кажам: праверце, ці выязныя мы, - распавядае адзін з лідараў БНК. - Што далажыць пра нас трэба і што на іх экране будзе чырвоная паласа, мы ведаем.

А тут раптам сказалі загнаць аўто на стаянку, замкнулі з усіх бакоў, надзелі на мяне кайданкі без тлумачэння прычын. Кажу: «Калі вы выкарыстоўваеце спецсродкі, то назавіце прычыну». Адказваюць: «У нас ёсць сакрэтная інструкцыя, алгарытм дзеянняў». Прозвішчаў яны не называюць - толькі нумары. Пакінулі лейтэнанта - лейтэнант уцёк, усе хаваюцца, ніякіх тлумачэнняў. Пытаюся, ці маюць права. «Маем». І што, так кожнаму?».

Мікалая Статкевіча пратрымалі ў кайданках блізу 30 хвілін, затым знялі іх і адпусцілі. За гэты час на мяжы ўтварылася чарга, але першы беларус у ёй пазнаў палітыка і прапусціў яго перад сабой, каб той не спазніўся. Мікалай Статкевіч гутарыў з журналістамі ўжо на літоўскай тэрыторыі.

На думку аднаго з лідараў БНК, магла прыйсці нейкая каманда на затрыманне з Менска, і з ёй не ведалі што рабіць; або каманда была старая, скасаваная паўсюдна, але выпадкова не скасаваная на гэтым канкрэтным пераходзе.

Ён сумняваецца, што затрыманне звязанае з мэтай паездкі, бо едзе не на палітычнае мерапрыемства. Але каманда была, на думку Мікалая Статкевіча, менавіта на жорсткае, «крымінальнае» затрыманне з кайданкамі, бо калі б не выпускалі праз нявыплачаныя штрафы або не адбытыя дні арышту, затрымлівалі б мякчэй.

«Шкада толькі блізкіх, - дадае Мікалай Статкевіч. - Бацька чакае, бо я заўсёды тэлефаную пасля перасячэння мяжы, і загадзя кажу час, калі патэлефаную. І жонка перажывае. А мяне гэтым шоў, такімі выкрутасамі не здзівіць».

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках