24 красавiка 2024, Серада, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Беларусам трэба быць гатовымі да распаду Расейскай імперыі

15
Зміцер Бандарэнка: Беларусам трэба быць гатовымі да распаду Расейскай імперыі

Беларусь павінна стаць часткаю Еўропы ў палітычным і вайсковым плане.

Урад Беларусі яшчэ 6 снежня ўхваліў праект у рамках праграмы «саюзнай дзяржавы» аб удасканаленні аб'ектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаныя для супольнага выкарыстання з Расеяй.

Што гэта азначае на практыцы? На гэты і іншыя пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Што напраўду стаіць за фармулёўкай «вайсковая інфраструктура саюзнай дзяржавы»? Ці можна казаць, пра тое што ў Беларусь будуць уведзеныя расейскія войскі?

- Ужо можна гаварыць – і гэтага не хавае кіраўніцтва Міністэрства абароны Беларусі – што на беларускія склады будуць пастаўленыя расейскія танкі, БТРы ды іншая вайсковая тэхніка.

Мы маем абсалютна адкрытую мяжу з Расеяй, якую расейскія войскі могуць перасекчы ў кожны момант.

Хачу нагадаць, што раней, калі ішла гаворка аб вайскова-паветранай расейскай базе на тэрыторыі Беларусі, міністр абароны заяўляў, што ў гэтым няма патрэбы, бо Беларусь мае некалькімі дзясяткаў падрыхтаваных аэрадромаў, і ў выпадку патрэбы сотні расейскіх самалётаў у кожны момант могуць быць на іх размешчаны.

Сёння можна сказаць, што вучэнні «Захад-2017» выканалі сваю гібрыдную функцыю і паступова падрыхтавалі грамадскую думку да таго, што расейскія войскі будуць на тэрыторыі Беларусі.

Заўважце, у афіцыйных СМІ ўвесь час гаварылася: «Не, нічога не будзе, ніякага размяшчэння не будзе!». А цяпер ужо беларускіх грамадзян праінфармавалі, што ў нас будзе размяшчацца расейская вайсковая тэхніка і ў кожны момант могуць быць перакінутыя войскі.

У кожнай нармальнай краіне спачатку было б усенароднае абмеркаванне, дыскусія ў медыях, выслухоўванне меркаванняў спецыялістаў. У нас жа проста паставілі перад фактам: Беларусь у вайсковым плане ўжо частка тэрыторыі імперыі. Аб якой «саюзнай дзяржаве» ў гэтым плане можа ісці гаворка, калі зразумела, што ў вайсковым сэнсе – гэта Расейская Федэрацыя.

- Якія гістарычныя асацыяцыі ў сувязі з гэтым у вас выклікае беларускі ўрад? Ці можна казаць, што ён дзейнічае, як «нямы сэйм» Рэчы Паспалітай у 1793-м?

- Калі казаць у гістарычным плане, трэба ўспомніць, што першы падзел Рэчы Паспалітай быў у 1772 годзе, а гарадзенскі або «другі нямы» сэйм адбыўся ў 1793 годзе. Гэта значыць, краіны-суседзі, найперш Расея, выкарыстоўвалі тую ж стратэгію захопу – ціхачом.

Адзіная розніца ў тым, што Беларусь была апошнія 200 гадоў у складзе Расейскай імперыі, царскай і савецкай, а перыяд незалежнасці доўжыўся ўсяго блізу 20 гадоў. Гэта значыць, мы, напраўду, не выходзілі са складу імперыі па-сапраўднаму.

Улада Лукашэнкі – гэта не больш чым улада кіраўніка саюзнай рэспублікі з больш пашыранымі атрыбутамі.

- Якія яшчэ наступствы для Беларусі і яе суседзяў, акрамя хуткага перакідання расейскіх войскаў, будзе мець сённяшняя сітуацыя?

- Важна разумець, што на Захадзе ёсць вайскоўцы і ёсць палітыкі. Вайскоўцы даўно ўважаюць беларускае войска за частку расейскага. Гэта было зафіксавана цвёрда на саміце NATO у Варшаве.

Перакідка невялікіх падраздзяленняў Альянсу ў краіны Балтыі, Польшчу, Румынію акурат была звязаная з вайсковай актыўнасцю Расеі менавіта ў Беларусі. Гэтыя батальёны з'яўляюцца невялікі сілай стрымлівання супраць супольна расейска-беларускай вайсковай групоўкі.

А палітыкі Захаду і Украіны працуюць на тое, каб патрапіць на расейскі рынак ва ўмовах санкцый і сустрэчных контр-санкцый. Гэтая схема была адпрацаваная яшчэ рэжымам Саакашвілі, калі была вайна Грузіі з Расеяй, а ўся кантрабанда вінаў, «Баржомі» і іншых тавараў ішла праз Беларусь, і грамадзяне Грузіі траплялі ў РФ з тэрыторыі нашай краіны.

Такім жа чынам цяпер Беларусь з'яўляецца кантрабандным хабам, і Лукашэнка патрэбны заходнім кіраўнікам і ўкраінскай уладзе менавіта для пранікнення на расейскі рынак, а таксама для імпарту расейскіх нафтапрадуктаў.

Таму вайскоўцы NATO ўсведамляюць пагрозу ад сітуацыі, якая склалася, а палітыкі больш думаюць пра экспартныя і кантрабандныя плыні. А беларускі народ пастаўлены ў такое становішча, што людзі павінны думаць аб тым, як пратрымацца хоць бы месяц, бо калі не будзе працы – чалавек проста не зможа выжыць, аплаціць «камуналку» і гэтак далей. Цалкам магчыма, што гэта адная з мэтаў Расеі ў дачыненні да Беларусі - утрымліваць беларусаў у такім эканамічным становішчы, каб яны не маглі падумаць пра супраціў.

- Якой павінна быць рэакцыя краін, якія ўваходзяць у блок NАТА, ды і Украіны? Што могуць зрабіць грамадскія актывісты і апазіцыйныя палітыкі ўнутры Беларусі?

- Як ужо часта бывала ў гісторыі, будучыня Беларусі будзе залежаць ад глабальных працэсаў і ад працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне.

Цяпер экспэрты кажуць аб тым, што Расея разлічвае дэстабілізаваць Еўрапейскі Звяз, разлічвае ўнесці раскол у агульную пазіцыю краін Захаду. А Захад, найперш – ЗША, разумеючы небяспеку дзеянняў РФ, «што засвяцілася» падчас анэксіі Крыму і вайны на Данбасе, уводзіць супраць яе санкцыі.

Цалкам магчыма, што Расея паўторыць лёс Савецкага Саюза, калі велізарныя вайсковыя групоўкі стаялі ў еўрапейскіх краінах, Бэрлін быў часткай савецкага блока, пачалася экспансія ў Афганістан, у Афрыку (Анголу і Мазамбік), Нікарагуа, Грэнаду – а потым у імгненне савецкая імперыя раскідалася.

Мне падаецца, што Расея паўторыць лёс Савецкага Саюза. Чым больш Пуцін будзе фінансава падтрымліваць Лукашэнку, тым хутчэй распадзецца Расея. Беларусі трэба быць гатовай да распаду Расейскай імперыі, а беларускім лідарам трэба выкарыстоўваць гэты момант для таго, каб краіна ўвайшла ў нармальную еўрапейскую супольнасць – як у эканамічным, так і ў палітычным, і ў вайсковым плане.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках