25 красавiка 2024, Чацвер, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнікі магілёўскай спецвучэльні жорстка збілі навучэнцаў пасля ўцёкаў

33
Кіраўнікі магілёўскай спецвучэльні жорстка збілі навучэнцаў пасля ўцёкаў
ФОТА: АНЖАЛІКА ВАСІЛЕЎСКАЯ/TUT.BY

Шэсць падлеткаў атрымалі траўмы.

Крымінальную справу завёў Следчы камітэт на дырэктара спецвучэльні закрытага тыпу №2 і ягонага намесніка. Мужчын вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, піша tut.by.

26 лістапада шэсць хлопцаў уцяклі са спецвучэльні. Іх знайшлі і вярнулі ва ўстанову. Пасля гэтага кіраўнікі спецустановы збілі непаўналетніх.

Афіцыйная прадстаўніца абласной управы Следчага камітэта Аксана Саленюк паведаміла журналістам: "Следствам выяўлена, што абвінавачаныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў узначаленай імі ўстановы адукацыі абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучэльні, збілі непаўналетніх, а затым арганізавалі незаконнае змяшчэнне іх у пакой, абмежаваўшы тым самым свабоду".

Шэсць падлеткаў атрымалі траўмы. Адзін з іх, 16-гадовы ўраджэнец Чэрыкава Андрэй, апынуўся ў лякарні з траўмай хрыбта. Аб гэтай траўме маці хлопца, Алена Шчаўлікава, даведалася ад медыкаў. Калі жанчына стала высвятляць паходжанне траўмы, у спецвучэльнні ёй паведамілі, што за два дні да таго былі ўцёкі падлеткаў з вучэльні, але адміністрацыя пра гэта бацькам не паведаміла.

16-гадовы Андрэй трапіў у спецвучэльню 26 кастрычніка. Яны з аднакласнікам адкрылі чужы аўтамабіль, дасталі панэль прыбораў, прыхапілі з сабой калоду гульнявых карт. За гэты падлеткаў прысудзілі да паўгода абмежаванні вольнага часу - з 21.00 да 7.00 яны павінны былі знаходзіцца дома. Андрэй не выконваў рэжым, таму інспектар у справах непаўналетніх накіраваў матэрыялы ў суд, каб адправіць хлопца ў спецустанову. З 12 кастрычніка ён быў у прыёмніку-размеркавальніку ў Менску, а 26-га кастрычніка ягонага перавялі ў Магілёў. Гэта значыць, у СПТВ №2 хлопец прабыў толькі месяц.

У размове з маці падлетак патлумачыў, што адважыўся на ўцёкі праз невыносныя умовы. "Я спытала, навошта. А ён адказвае: "Мама, там жыць было невыносна. Нас увесь час збівалі. Нам усё забаранілі: званкі, лісты, перадачы". Я спытала, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта, хоць у лістах пісаў: "Я зраблю, вытрымаю". Сын сказаў, што лісты чыталі - і не адправілі б, калі б пра такое напісалі. Праз тэлефон ён таксама не мог нічога сказаць, бо ўвесь час побач знаходзіўся супрацоўнік, кантраляваў", - распавядае са слоў сына Алена.

Андрэй распавёў маці, як яго збівалі пасля затрымання. Хлопцаў па адным заводзілі ў дзіцячы пакой, дзе іх збівалі трое супрацоўнікаў спецустановы. Потым уцекачоў пакінулі стаяць у гэтым пакоі на ўсю ноч з уключаным святлом.

"Як сказала мне следчая, гэта адзіны пакой на тэрыторыі ўстановы, дзе няма відэакамер. Сын распавёў, што яго спачатку адзін раз ударылі, ён упаў. А потым, калі ўдарылі ў спіну, яму забалела, ён закрыў яе рукамі. Білі двое, нагамі. Раніцай у панядзелак, мне следчая распавяла, гэтых шасцярых на загад дырэктара асобна ад усіх пазней належнага павялі на сняданак, каб астатнія дзеці іх не бачылі. І толькі ў аўторак, калі сын, як ён тлумачыў мне, ужо не мог ісці - так яму было балюча! - яго павезлі ў шпіталь. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі, кажа, папярэдзіў дзяцей: "Гэта толькі пачатак для вас". А сыну сказаў, што ён сімулянт".

Здымак у шпіталі паказаў, што ў хлопца закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзела. Падлетак у шпіталі ўжо трэці тыдзень, неўзабаве яго выпішуць, бо даўжэй трымаць у стацыянары не могуць. Яму накладуць гарсэт, загіпсуюць і адправяць назад у спецвучэльню.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках