25 красавiка 2024, Чацвер, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кійко: Больш за ўсё ўладу ненавідзяць у рэгіёнах

8
Уладзімір Кійко: Больш за ўсё ўладу ненавідзяць у рэгіёнах

У малых гарадах людзям жывецца цяжэй за ўсё.

Апазіцыі трэба больш актыўна дзейнічаць на рэгіянальным узроўні, бо менавіта ў малых гарадах людзям жывецца найцяжэй.

Пра гэта прэс-службе БНК распавёў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Віцебску Уладзімір Кійко.

- Якія падзеі, на ваш погляд, былі самымі значнымі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў гэтым годзе?

- Самымі галоўнымі і важнымі былі, несумненна, акцыі пратэсту, якія прайшлі ва ўсёй краіне. Для многіх гарадоў, асабліва ў раённых цэнтрах, яны сталі сапраўднай падзеяй, можна сказаць, гістарычнага маштабу. Ніколі яшчэ ў сучаснай гісторыі Беларусі не выходзіла столькі шмат людзей на пратэстныя акцыі ў Воршы, Пінску ды іншых райцэнтрах. Такога не чакалі не толькі шматлікія палітолагі - сама ўлада была шакаваная смеласцю людзей. Таму, без сумневу, гэтыя акцыі, старт якім даў арганізаваны БНК «Марш абураных беларусаў» у лютым, і ёсць самай важнай падзеяй гэтага года.

- Давайце паспрабуем падвесці вынікі гэтага «года пратэстаў».

- Як мне здаецца, асноўным з'яўляецца ўсведамленне грамадзянамі таго факту, што цяперашняе палітычнае кіраўніцтва краіны не стане далей эфектыўна кіраваць краінай і эканомікай, не ў стане адказваць за свае ж учынкі ды ініцыятывы. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі масавыя акцыі пратэсту. У многіх людзей расплюшчыліся вочы, і яны самі сабе сказалі, што так жыць больш нельга. Нават тыя, хто не лічыў сябе апанентам рэжыму, а займаў пазіцыю абыякавасці, відавочна, вызначыліся. Калі яшчэ ўзімку 2017 года многія казалі - «Так, Лукашэнка кепскі, але дзе гарантыя, што замест яго прыйдзе лепшы», то цяпер яны кажуць «Хто хочаш, але толькі не Лукашэнка». Гэта і ёсць, на мой погляд, галоўны вынік гэтага года.

Што да апазіцыі, то цягам года канчаткова стала зразумела, хто ёсць хто. Здаровая яе частка, якая ўважае рэжым за злачынны, не падыгрывае яму. І гэта правільна, бо, як вядома, з тэрарыстамі перамовы не вядуць і гуляць з імі паводле іх правілаў небяспечна. Другая частка, на жаль, выступае адвакатам д'ябла на Захадзе і выбрала сваёй стратэгіяй супрацоўніцтва з уладай.

Для мяне год цалкам удалы, бо менавіта ў гэтым годзе я далучыўся да дзейнасці БНК. Дзякуючы ўдзелу ў пратэстных акцыях, я змог пазнаёміцца з многімі неабыякавымі і актыўнымі беларусамі, якія з'яўляюцца патрыётамі сваёй краіны, для якіх справядлівасць і сумленнасць не пустыя словы. Такія знаёмствы дорага каштуюць. Толькі дзеля іх можна выходзіць на акцыі.

- Якой павінна быць стратэгія дзеянняў БНК у наступным годзе?

- На мой погляд, абраная стратэгія з'яўляецца цалкам паспяховай, неабходна і далей яе пільнавацца. Трэба прыцягваць у супраціў новых людзей, шукаць новыя ідэі і ініцыятывы. Неабходна больш актыўна дзейнічаць на рэгіянальным узроўні. Як паказвае практыка, менавіта там людзям жывецца найцяжэй. Найбольш жорсткае непрыманне дзейнай улады, нянавісць да яе - у малых гарадах.

- Чаго б вы зычылі беларусам у 2018 годзе?

- Поспехаў, веры ў свае сілы і быць больш актыўнымі і аптымістычнымі. І тады сітуацыя ў краіне можа змяніцца. Бо ўсялякая дыктатура не вечная, рэсурс яе абмежаваны. Вельмі хутка ў нас наступяць доўгачаканыя перамены да лепшага.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках