25 красавiка 2024, Чацвер, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, ці парадуе беларусаў снегам навагодняя ноч

9
Стала вядома, ці парадуе беларусаў снегам навагодняя ноч

Сіноптыкі і спецыяліст у народных прыкметах распавялі, якога надвор'я чакаць цяперашняй зімой.

Снежань сёлета прагназуецца цяплейшым, чым звычайна. А якімі будуць іншыя зімовыя месяцы? Беларускія і расейскія сіноптыкі і спецыяліст у народных прыкметах распавялі tut.by, якога надвор'я чакаць цяперашняй зімой.

Тэмпература паветра ў снежні будзе вышэйшай за кліматычную норму

- Мы не робім прагнозы на ўсю зіму, бо сезонныя прагнозы – справа няўдзячная. Мы робім прагнозы толькі на тыдзень і эксперыментальны прагноз на месяц, - адзначаюць у Белгідрамеце.

Мяркуецца, што снежань будзе цяплейшым за кліматычную норму.

- Першая дэкада снежня надта цёплая: тэмпература паветра на 2,5-3,5°С вышэйшая за кліматычную норму. Практычна на месяц зіма позніцца. За зіму ў метэаралогіі ўважаецца перыяд, калі сярэднесутачная тэмпература апускаецца ніжэй за 0°C. Гэта значыць, як толькі яна перасягнула нуль, можна казаць, што наступіла зіма. Звычайна гэта адбываецца ў другой палове лістапада. Цяпер справа набліжаецца да сярэдзіны снежня, і пакуль мы не гаворым пра пачатак устойлівай зімы, - тлумачаць спецыялісты.

У Белгідрамеце адзначаюць, што на гэтым тыдні будзе цёплае надвор'е. Пахаладанне будзе чаргавацца з адлігамі. Чакаецца, што да канца наступнага тыдня тэмпература паветра будзе вышэйшай за кліматычную норму на 3-4°С.

Паводле кліматычнай нормы 11 снежня ў Менску сярэднясутачная тэмпература павінна была б быць -5°C і паступова паніжацца да канца месяца да -8°C. А за мінулыя дні снежня сярэднясутачная тэмпература ў сталіцы толькі некалькі разоў была -1°С.

Нашы сіноптыкі скептычна ставяцца да заявы брытанскага прыватнага метэаралагічнага бюро Exacta Weather. Нагадаем, раней яны выказалі здагадку, што гэтая зіма будзе для еўрапейцаў самай суворай за апошнія сто гадоў.

- Кожны год восенню з'яўляецца інфармацыя пра тое, што нас чакае самая суворая зіма, а вясной мы чуем, што будзе незвычайнае лета. Ніводная нацыянальная метэаслужба не пацвердзіла інфармацыю прыватнага агенцтва пра суворую зіму. Паводле іх інфармацыі, у лістападзе ўжо павінны былі быць траскучыя маразы, але гэты прагноз не апраўдаўся. Лістапад у нас быў цёплым, палова снежня - цёплая, - рэзюмуюць беларускія сіноптыкі.

На тэрыторыі Расеі, якая мяжуе з Беларуссю, таксама не прагназуюць суворую зіму

Расгідрамет кожны год робіць імавернасны прагноз тэмпературнага рэжыму ў Расеі на ацяпляльны перыяд 2017-2018 гадоў. Дакладнасць іх прагнозаў апошнія 17 гадоў вагалася ў межах 58-81%.

Паводле гэтых прагнозаў у Смаленскай, Бранскай і Пскоўскай абласцях Расеі, якія мяжуюць з Беларуссю, тэмпература ў снежні і студзені будзе на 20% вышэйшай за норму. А вось у лютым у частцы Бранскай вобласці яна, як прагназуецца, будзе на 20% ніжэйшай за кліматычную норму.

Аднак перанесці гэтыя звесткі на тэрыторыю Беларусі нельга. У Расгідрамеце адзначаюць, што гэта метадалагічна няправільна.

- Нельга інтэрпаліраваць гэтыя звесткі на Беларусь. Для гэтага трэба ведаць вашы нормы, у вас могуць быць зусім іншыя працэсы, - адзначаюць там.

«Будзе класічная, без сур'ёзных адхіленняў зіма»

Этнолаг і фалькларыст Алена Доўнар-Запольская адзначае, што згодна з народнымі прыметамі гэтая зіма будзе класічнай, але не суворай.

- 9 снежня быў Юр'еў дзень. Адпаведна з гэтым днём вызначаюць і зіму, і нават вясну. Кажуць, «Колькі на Юр'я снегу, столькі ў траўні травы». У сам Юр'еў дзень снегу ў нас не было, але ён выпаў як раз у ноч на 10 снежня. Таму мы можам выказаць здагадку, што ў нас будзе нядрэнны травень з ужо зялёнай траўкай.

Фалькларыст адзначае, што ў студзені будуць Вадохрышчанскія маразы. І мяркуючы з ягад рабіны - а іх была сярэдняя колькасць, зіма агулам будзе не вельмі марознай. Паводле прыкметы, чым больш рабіны, тым больш марозная зіма.

Вызначыць, якой будзе зіма, можна па шышках: чым больш іх расце на вяршаліне дрэва, тым будзе халадней. Але сёлета шышкі былі і на ўзроўні паднятай рукі.

- У нас не будзе вельмі цяжкай марознай і суворай зімы, бо былі вельмі добрыя Пакровы 14 кастрычніка. Дзень быў незвычайны, светлы, з сонцам, - адзначае Алена Доўнар-Запольская.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках