20 красавiка 2024, Субота, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паслы замежных дзяржаў масава загаварылі па-беларуску

8
Паслы замежных дзяржаў масава загаварылі па-беларуску

Кіраўнікі і прадстаўнікі дыпмісій замежных дзяржаў у Беларусі далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэшмобу.

Прадстаўнікі пасольстваў Швецыі, Кыргызстана, Славакіі, Чэхіі і Фінляндыі прачыталі на відэа творы беларускіх аўтараў у падтрымку ўдзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom».

На прапанову арганізатараў праекта адгукнуліся прадстаўнікі шматлікiх дыпмісій. Паслы і саветнiкi прызналіся, што з задавальненнем падтрымалі праект, выказаўшы сваё паважлівае стаўленне да беларускай культуры, мовы і літаратуры.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі Крысціна Юханесан пракаментавала свой удзел у праекце так: «Я з радасцю ўзяла ўдзел у ініцыятыве, якая падтрымлівае беларускую літаратуру. Для мяне гэта была адна з першых сустрэч са спадчынай беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Магу сказаць, што ў мяне засталіся толькі добрыя ўражанні і сапраўдная цікавасць да праекту». Крысціна Юханесан прачытала адзiн з самых вядомых твораў Максіма Багдановіча «Зорка Венера».

Да ініцыятывы далучыўся і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі Кубанычбек Касымавіч Амураліеў. Пасол прачытаў верш Максіма Багдановіча «Зімой». 9 снежня адзначалася 126 гадоў з дня нараджэння гэтага класіка беларускай літаратуры.

«Родная мова закладае аснову для мыслення і эмоцый чалавека. Гэта неад'емная частка чалавечай асобы, якая далучае нас да нашага культурнага асяроддзя. Родная мова — гэта таксама важны інструмент для атрымання новых ведаў і для вывучэння іншых моў. У нас у Фінляндыі таксама дзве афіцыйныя мовы: фінская і шведская. Я ўзяў удзел у гэтым праекце, бо мяне цікавяць новыя мовы, і я хацеў выказаць сваю павагу да беларускай мовы», — пракаментаваў падтрымку праекта Яне Хейсканен, саветнік-пасланнік, кіраўнік Аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Беларусі. Дыпламат абраў для чытання твор Якуба Коласа «Надыход зімы».

Пасол Славацкай Рэспублікі Ёзэф Мігаш абраў твор Якуба Коласа і прызнаўся, што беларуская мова здаецца яму вельмі прыгожай і мілагучнай.

Удзел у зімовым паэтычным флэшмобе таксама прыняў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт. Пасол падтрымаў праект, прачытаўшы твор Якуба Коласа.

«Мы ўдзячныя прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса за падтрымку праекта і ўдзел у нашай ініцыятыве і з радасцю адзначаем, што беларуская культура і літаратура цікавыя не толькі грамадзянам нашай краіны, але і прадстаўнікам іншых краін і культур», —пракаментаваў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках