18 красавiка 2024, Чацвер, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Абвясціў пра незалежнасць Беларусі ў Кангрэсе ЗША»

«Абвясціў пра незалежнасць Беларусі ў Кангрэсе ЗША»

13 снежня 1907 нарадзіўся Мікалай Лапіцкі, настаяцель першай беларускай царквы ў эміграцыі.

Мікалай Лапіцкі нарадзіўся 13 снежня 1907 года ў беларускай праваслаўнай сям'і ў вёсцы Грэлікі Вілейскага павета Віленскай губерні. Падчас Першай сусветнай вайны знаходзіўся з бацькамі ў эвакуацыі ў Расеі. Пасля вяртання ў 1918 годзе паступіў у гімназію ў Вілейцы. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Віленскую праваслаўную семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі захапіўся творчасцю Змітрака Бядулі.

У жніўні 1930 года скончыў семінарыю, працягнуў навучанне на факультэце праваслаўнага багаслоўя Варшаўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1932 года ажаніўся з Валянцінай Трафімюк, дачкой багатага землеўладальніка з Беласточчыны. У ліпені 1934 года атрымаў дыплом і быў пасвечаны ў святарскі сан. Неўзабаве абараніў магістарскую працу на тэму «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часу кіравання Уладзіслава Ягайлы».

За выкарыстанне беларускай мовы і патрыятычныя пропаведзі быў пераведзены ў глухую вёску Стэфанполь. Падчас Другой сусветнай вайны займаўся пошукам і вызваленнем з канцлагераў палонных беларусаў. У 1942 годзе ўдзельнічаў ва Усебеларускім царкоўным саборы, на якім было абвешчана стварэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1944 годзе апынуўся ў эміграцыі. У 1946 годзе разам з Беларускім царкоўным саборам арганізаваў у Рэгенсбургу з'езд духавенства і вернікаў, які катэгарычна выказаўся супраць далучэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы да Расейскай замежнай праваслаўнай царквы.

Пасля перасялення ў ЗША быў пробашчам парафіі святой Ефрасінні Полацкай у Саўс Рыверы (англ. South River). Выдаваў часопіс «Царкоўны Светач».

Мікалай Лапіцкі вядомы тым, што першым абвясціў аб незалежнасці БНР у Кангрэсе ЗША. Пасля святар рэгулярна зачытваў Устаўную грамату БНР аб незалежнасці Беларусі перад амерыканскімі парламентарыямі.

Нечакана памёр 8 жніўня 1976 года ў Беларускім санаторыі ў Глен-Спей (штат Нью-Ёрк). Пахаваны на беларускіх могілках у Саўс Рыверы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках