25 красавiка 2024, Чацвер, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Матэвуш Маравецкі: Польшча будзе збліжаць краіны «Трохмор’я»

Матэвуш Маравецкі: Польшча будзе збліжаць краіны «Трохмор’я»
Матэвуш Маравецкі

Польшча прадоўжыць ініцыятывы для ўмацавання бяспекі рэгіёну.

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што NАТА з'яўляецца і будзе заставацца асновай бяспекі краіны, а Злучаныя Штаты застануцца галоўным хаўруснікам Варшавы. Пра гэта ён сказаў з трыбуны польскага Сэйма, прадстаўляючы праграму Радзе міністраў, паведамляе «Радыё Польшча».

Матэвуш Маравецкі таксама заявіў, што Польшча будзе працягваць свае намаганні па збліжэнні краін рэгіёну.

«Гэта асабліва актуальна для Вышаградскай групы і ініцыятывы «Трохмор’я». Таксама мы б хацелі вярнуцца да рэальнага стратэгічнага партнёрства ва Усходняй Еўропе, мы плануем паглыбіць нашы стасункі з Украінай, Літвой і Грузіяй, даць ім новую якасць. Хоць для танга патрэбныя двое», - сказаў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, Матэвуш Маравецкі заявіў, што ягоны ўрад будзе шчыльна супрацоўнічаць з польскай дыяспарай і абараняць добрае імя Польшчы за мяжой.

«Польшча - гэта не толькі грамадзяне, якія жывуць у Польшчы, але і палякі, раскіданыя па ўсім свеце. Мы будзем умацоўваць праграмы рэпатрыяцыі. Нас налічваецца 60 млн чалавек ва ўсім свеце, і ў нас ёсць абавязацельствы перад усімі палякамі, у іх ёсць абавязкі перад Польшчай», - сказаў Матэвуш Маравецкі.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што мэтай ягонага ўрада будзе стымуляванне вяртання як мага большай колькасці палякаў на радзіму.

Таксама кіраўнік урада сказаў, што Варшава не пагодзіцца на Еўразвяз «двух хуткасцяў». Матэвуш Маравецкі сказаў, што Еўропа ўсё яшчэ аднаўляецца пасля фінансавага крызісу, які пачаўся 10 гадоў таму. Цяпер, з ягоных слоў, Стары кантынент шукае новыя шляхі і ідэі і, у той жа час, узважвае будучыню еўрапейскага праекта.

«Мы не хочам дзяліцца і пакідаць кагосьці ззаду сябе, мы не згодныя дзяліць Еўропу на лепшых і горшых», - падкрэсліў Матэвуш Маравецкі.

Ён адзначыў, што ўсё часцей у ЕЗ «хтосьці атрымлівае фору, і не тыя, хто слабейшы, а тыя, хто мацнейшы». «Гэта няправільна», - сказаў прэм'ер-міністр.

Нагадаем, міністры ўрада Беаты Шыдла захавалі свае пасады ў новым кабінеце прэм'ера Матэвуша Маравецкага. Віцэ-прэм'ерамі засталіся міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі і кіраўнік Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Яраслаў Говін. Трэцім віцэ-прэм'ерам стала экс-кіраўніца польскага ўрада Беата Шыдла.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках