20 красавiка 2024, Субота, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як амерыканскія габрэі дапамагаюць крымскім татарам

Як амерыканскія габрэі дапамагаюць крымскім татарам
Фотa: m.avdet.org

Гісторыя крымскататарскага народа натхніла кіраўніка фонду з ЗША.

Вальтэр Рубі – карэнны амерыканец, габрэй па паходжанні, а таксама кіраўнік Вялікага Вашынгтонскага мусульмана-габрэйскага форуму (The Greater Washington Muslim-Jewish Forum). Гэтая арганізацыя не толькі развівае дыялог паміж эмігранцкімі супольнасцямі ўнутры ЗША, але і падтрымлівае крымскіх татараў. Вальтэр распавёў, як даведаўся пра крымскататарскі народ, што натхніла яго на дапамогу гэтым людзям і, ці магчыма паўплываць на лёс крымскіх татараў са Злучаных Штатаў, піша krymr.com.

Упершыню Вальтэр прыехаў у Крым у 2004 годзе – разам з украінскай жонкай Таццянай. Пасля гэтага ён наведваўся туды рэгулярна.

«Я настолькі палюбіў гэта месца, што ў мяне з'явілася думка калі-небудзь набыць там дом. Мне падабалася і прырода, і гісторыя Крыма», – успамінае амерыканец.

У 2008 годзе Вальтэр наладзіў стасункі з габрэйскай суполкай Крыма. Тады ж ён пачаў супрацоўнічаць са створаным у Нью-Ёрку «Фондам міжэтнічнага ўзаемаразумення», які наладжваў кантакты паміж амерыканскімі габрэямі і іншымі меншасцямі і суполкамі ЗША, уключаючы мусульманскія. Пазней гэта сталі рабіць і ў Еўропе.

ВАЛЬТЭР РУБІ

У 2010 годзе ў Кіеве прайшла канферэнцыя, прысвечаная габрэйска-мусульманскім стасункам. Вальтэр Рубі распавядае, што там быў прадстаўнік крымскататарскай супольнасці, з якім яны пачалі агульную праграму.

«Праграма палягала не толькі ў правядзенні святаў, але і ў выпрацоўцы адзінага адказу ад абедзвюх супольнасцяў на злачынствы і акты агрэсіі, учыненыя як супраць габрэяў, так і крымскіх татараў. Вы ведаеце, што абедзве групы сутыкаюцца з дастатковай колькасцю нападаў, учыненых на глебе нянавісці. Вельмі важна было паказаць прыклад, як мусульмане і габрэі заступаюцца адзін за аднаго і разам супрацьстаяць агрэсіі», – растлумачыў Вальтэр Рубі.

У 2010 годзе ў Сімферопалі амерыканец сустрэўся з Мустафой Джамілевым. Са слоў Вальтэра, ён быў надзвычай уражаны гэтай сустрэчай. У 2012 годзе ён і ягоныя калегі арганізавалі канферэнцыю ў Парыжы, на якую запрасілі і прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны Крыму, і крымскіх татараў. Супрацоўніцтва развівалася да анэксіі паўвострава ў 2014 годзе.

«Пасля гэтага большасць габрэйскай абшчыны Сімферопаля, якія раней былі блізкімі да крымскіх татараў, аддаліліся ад іх. Многія ў габрэйскім асяроддзі падтрымалі Расею. Калі адзін смелы рабін з Сімферопаля адкрыта заявіў у заходняй прэсе, што не жадае жыць у таталітарнай краіне, прыхаджане параілі яму з'ехаць з Крыма. Ён вымушаны быў пакінуць сваё жыллё і маёмасць і разам з сям'ёй бегчы з Крыма ў Еўропу. Многія ягоныя суайчыннікі ўхвалілі анэксію. Калі шчыра, гэта стала шокам для мяне. Я не памятаю, каб у савецкі час габрэі ідэнтыфікавалі сябе як расейцы ці савецкія патрыёты. Але, відавочна, сітуацыя змянілася», – адзначае амерыканец.

ВАЛЬТЭР РУБІ

Аднак крымскія татары прадаўжалі супрацоўнічаць з амерыканскім фондам. Вальтэр Рубі ўсё так жа дапамагаў крымскататарскаму народу – цяпер ужо з амерыканскай сталіцы:

«Калі я лепш пазнаў гісторыю крымскіх татараў – асабліва аб дэпартацыі 1944 года, калі 46% дэпартаваных проста загінула, – мяне гэта шакавала, тым больш, што я сам належу да народа, які перажыў мноства пакут. І калі паўстала пагроза, што гэта можа здарыцца зноў на віну той жа краіны – Расеі, я не мог заставацца ў баку. Я быў захоплены тым, як гэты маленькі народ імкнецца захаваць свае мову і культуру. Вядома, я рабіў усё магчымае, каб ім дапамагчы».

«Я захаваў усе кантакты, і вясной 2016 года наш фонд запрасіў двух лідараў крымскататарскага народа ў Вашынгтон. Менавіта тады прынялі пастанову аб прыпыненні дзейнасці Меджліса ў Крыме. Я прадставіў нашых гасцей некаторым амерыканскім палітыкам, чальцам Кангрэса і лідарам мясцовых мусульманскіх і габрэйскіх абшчын. Яны змаглі знайсці тут падтрымку. Праўда, гэта было яшчэ пры папярэдняй адміністрацыі ЗША», – успамінае Вальтэр.

Летам 2016 года Фонд міжэтнічнага ўзаемаразумення арганізаваў кампанію, каб сабраць грошы для дзяцей крымскіх татараў. Затым Рубі стварыў Вялікі Вашынгтонскі мусульмана-габрэйскі форум. Ён і сёння падтрымлівае стасункі з крымскататарскімі актывістамі і наладжвае сувязі паміж мусульманамі і габрэямі ЗША.

Са слоў актывіста, насуперак усім засцярогам, людзям з гэтак розных груп было не так складана знайсці агульную мову:

«Стасункі паміж супольнасцямі пачалі выбудоўвацца на здзіўленне паспяхова. Магчыма, таму што эмігранты і этнічныя і рэлігійныя меншасці сутыкаюцца з такімі праблемамі. У рэлігіі і традыцыі гэтых народаў надта шмат агульнага. Нават на фоне таго, што сітуацыя ў Палесціне істотна абвастрылася ў апошнія дзесяць гадоў, стасункі паміж мусульманамі і габрэямі ў ЗША сталі нашмат лепшымі. Вядома, гэта не значыць, што яны згодныя ў ацэнцы падзей, якія адбываюцца. Але нават на фоне рознагалоссяў яны разумеюць, наколькі важна выбудаваць нармальныя працоўныя дачыненні ўнутры краіны пражывання. Цяпер абедзве супольнасці дапамагаюць адна адной, і, безумоўна, не ўважаюць адна адну за ворага».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках