19 красавiка 2024, Пятніца, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шлындзікаў: Сёння прапануюць адныя ўмовы «прыватызацыі», а заўтра - зусім іншыя

4
Шлындзікаў: Сёння прапануюць адныя ўмовы «прыватызацыі», а заўтра - зусім іншыя

Чаму інвестары не «ўзяліся» на кручок беларускіх уладаў?

14 снежня парламентарыі прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон аб прыватызацыі. З дзейнага закона выключаны пункты, якія вызначаюць паўнамоцтвы і парадак зацвярджэння адпаведных планаў для прыватызацыі і пераўтварэння дзяржпрадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы.

- Жыццё паказала, што існы парадак сябе не апраўдаў. Гэтыя планы не спрацоўваюць, - заявіў журналістам намеснік старшыні парламенцкай камісіі ў эканамічнай палітыцы Леанід Брыч.

Крук: Продажу дзяржаўных прадпрыемстваў няма ў спісе прыярытэтаў уладаў

Эканаміст Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук распавёў «Заўтра тваёй краіны» аб тым, чаму планавая прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў не ўдалася.

- На мой погляд, асноўная прычына таго, што нават пры вялікім жаданні ўладаў гэтая мэта не будзе неўзабаве дасягнутая праз велізарную суму завінавачанасці, якую назапасілі гэтыя прадпрыемствы, - падкрэслівае экспэрт.

У такой сітуацыі чакаць прытоку інвестараў не даводзіцца: у многіх выпадках цяжка ацаніць, ці змогуць гэтыя прадпрыемствы самастойна справіцца з абслугоўваннем назапашаных пазык.

Акрамя таго, кажа эканаміст, сёння ўлада не дэманструе выразнай гатоўнасці праводзіць прыватызацыю:

- Продажу дзяржпрадпрыемстваў няма ў спісе прыярытэтаў уладаў. І жыццё акурат паказвае, што прыватызацыя адбываецца толькі тады, калі дзяржаве тэрмінова патрэбныя грошы, а інвестар пры гэтым прапануе прывабныя ўмовы. Але гэта кропкавыя і ўнікальныя сітуацыі. Напрыклад, продаж Белтрансгазу або velcom, - нагадвае экспэрт.

На думку суразмоўцы «Заўтра тваёй краіны», пастанова адмовіцца ад планавай прыватызацыі не з'яўляецца сенсацыяй.

- Гэта хутчэй прызнанне рэальнасці таго, што ў сённяшнім парадку дня прыватызацыя знаходзіцца ў другім дзясятку прыярытэтаў. І яна не разглядаецца ўладамі ў якасці інструмента, здольнага разварушыць эканамічнае жыццё краіны, - падводзіць вынік Дзмітрый Крук.

Шлындзікаў: Сёння прапануюць адны ўмовы продажу, а заўтра зусім іншыя

На думку экс-прэзыдэнта канцэрну «Амкадор» Васіля Шлындзікава, прапанаваныя ў праекце змены ў закон аб прыватызацыі будуць такімі ж неэфектыўнымі, як і дзейны дакумент. Прычына ў асаблівасцях самой эканамічнай сістэмы, што дзейнічае ў краіне.

- Мы ўсе з'яўляемся сведкамі таго, што адбываецца з прыватызаванымі прадпрыемствамі. Асабліва, калі гэта паспяховыя прадпрыемствы. Раптам высвятляецца, што пры продажы нешта няправільна палічылі, не так разгледзелі і наогул не па правілах перадалі. І адбіраюць. У нас гэта сістэма, і пачалася яна, калі не памыляюся, з «Кераміну», - кажа экспэрт.

Ён перакананы, што пры існай уладзе ахвотных рызыкаваць сваімі грашыма, купляючы беларускія дзяржпрадпрыемствы, будзе мала ў кожным выпадку.

- Бо велазавод у Менску прадавалі досыць прымальнымі ўмовам. І чым усё скончылася? Сёння ўлады прапануюць адны ўмовы продажу, а заўтра з'явяцца зусім іншыя. А крайнім у кожным выпадку застанецца інвестар. Таму тыя, у каго ёсць грошы, разумеюць, што лепш пачынаць справу з нуля, чым купляць абшарпаныя сцены, даводзіць іх да ладу, каб потым усяго гэтага пазбавіцца, - кажа Васіль Шлындзікаў.

Паводле ягоных слоў, для сапраўды паспяховага продажу дзяржпрадпрыемстваў уладам трэба забяспечыць шэраг умоў.

Па-першае, скараціць колькасць кантрольных органаў і праверак, а таксама ліквідаваць адміністрацыйныя бар'еры. Акрамя таго, перакананы эканаміст, у краіне не стае незалежнага суда, у якім бы бізнэс мог бы эфектыўна бараніць свае інтарэсы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках