24 красавiка 2024, Серада, 20:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Міровіч: Камуністычныя рэжымы руйнаваліся літаральна за некалькі гадзін

12
Максім Міровіч: Камуністычныя рэжымы руйнаваліся літаральна за некалькі гадзін
МАКСІМ МІРОВІЧ

У Беларусі, нарэшце, усё атрымаецца.

Стваральнік папулярнага блога ў «ЖЧ» Максім Міровіч вядомы нашаму чытачу, як аўтар праўдзівых артыкулаў пра жыццё ў СССР, патрыятычнага рэпартажу пра Слуцкі збройны чын.

Сайт Charter97.org задаў некалькі пытанняў папулярнаму беларускаму блогеру:

- Вы атрымалі вядомасць, як блогер, які піша на тэматыку СССР. У сваіх публікацыях вы паказваеце жыццё савецкага чалавека без прыкрас. Чаму вас так зацікавіла гэтая тэма?

- Гэта тэма далёка не адзіная ў маім блогу, але сапраўды займае даволі значнае месца. Калі сцісла - то мне вельмі не падабаецца тое, што ў апошнія гады ў рунэце ідэалізуецца СССР і штучна нагнятаецца пазітыўны вобраз гэтай краіны, з адной толькі мэтай - пераканаць, што несвабода можа быць лепшай за волю. На жаль, але многія вераць гэтым сучасным казкам пра тое, як добра жылося ў СССР, гэта інтэгральная ўласцівасць чалавечай памяці - памятаць толькі добрае і спрэс забываць дрэннае.

А асабліва смешна назіраць, як аб Саюзе пачынаюць «сумаваць» людзі 1990-х гадоў нараджэння, набываючы ад такіх казак нешта накшталт ілжывых успамінаў. Яны нічога не ведаюць аб татальнай галечы і канцлагерах, але ўсім распавядаюць, якое ў гэтай краіне было цудоўнае марозіва. Думаю, збольшага так адбываецца таму, што ў сістэме адукацыі ёсць вялікія прабелы - за лічбамі і датамі, якія завучваюць вучні, вельмі складана ўлавіць сапраўдны стан рэчаў у тыя гады. Не стае эмпірычнага досведу і таго, што называецца «адчуваннем эпохі». Асабіста я ў гэтай тэме рэкамендую ўсім фільмы эпохі Перабудовы, асабліва малавядомыя - яны вельмі дакладна перадаюць тыпажы і сітуацыю позняга СССР.

- Якія ўрокі могуць для сябе атрымаць беларусы з гісторыі савецкага таталітарызму?

- Перш за ўсё тое, што беларусам няма чаго рабіць у імперыях - пад якім сцягам яны б сюды не прыходзілі. Гэта вельмі добра можна ўбачыць з гісторыі войнаў XX стагоддзя - ад так званай «Грамадзянскай» да інтэрвенцыі ў Афганістан - для беларусаў гэта былі фактычна «чужыя войны», у якіх людзі гінулі за інтарэсы вялікіх дзяржаўных утварэнняў, у якія была інкарпараваная Беларусь. Дарэчы, як мне здаецца - гэта думка праходзіць чырвонай лініяй праз усе «ваенныя» кнігі Святланы Алексіевіч. Можа быць, літаратурныя крытыкі праз 30 ці 40 гадоў напішуць, што кнігі Алексіевіч насамрэч зусім не пра вайну і не пра Афганістан, а пра тое, што беларусам няма чаго рабіць у імперыях.

Другі вельмі важны момант - беларусам трэба, нарэшце, усвядоміць, што савецкі таталітарызм прыйшоў у Беларусь звонку і не быў складовай часткай развіцця нашага грамадства - бальшавізм быў прыўнесены сюды звонку, як вірус - які штучна падзяліў грамадства на «дрэнных» і «добрых». Магчыма, усведамленне гэтага факту дапаможа надалей не ўвязвацца ў чужыя гульні.

І трэці важны момант - гэта тое, што кожны таталітарызм шчыра падтрымліваюць не так ужо шмат людзей, ніякіх праславутых «90% аднагалосна падтрымліваючых курс партыі і ўрада» не існуе нават у Паўночнай Карэі. Гэта вельмі добра бачна з таго, як руйнаваліся камуністычныя рэжымы ва Усходняй Еўропе - за месяц да іх падзення афіцыйная статыстыка малявала амаль 100% -ю падтрымку «правадыра і настаўніка», як раптам усё руйнавалася літаральна за некалькі гадзін. Нешта падобнае, дарэчы, адбылося і ў СССР - у адну ноч была забароненая Камуністычная партыя, і не было ніякіх бунтаў - мільёны членаў партыі, якія яшчэ ўчора плацілі партыйныя ўнёскі, проста выкінулі партбілеты і раніцай пайшлі на працу:)

- Падыходзіць да канца 2017 год. Што вы зычыце беларусам у Новым годзе?

- Беларусам хочацца пажадаць пабольш грошай. Хочацца, каб наш ВУП і асабістыя даходы грамадзян сталі нарэшце павялічвацца. Лі Куан Ю, аўтар «сінгапурскага эканамічнага цуду» пісаў, што сапраўдная дэмакратыя пачынаецца там, дзе ёсць ВУП $50.000 на душу насельніцтва - і гэта сапраўды так і ёсць. У СССР людзям хлусілі пра тое, што ўсе багацеі - гэта злыдні, а жабраку пралетарыяту прыпісвалі нейкія няісныя ў прыродзе годнасці.

У рэчаіснасці ўсё адбываецца з дакладнасцю да наадварот - беднае грамадства найбольш азлобленае, дзікае і адчувальнае да прапаганды, тады як людзі ў заможных краінах паводзяць сябе больш прыстойна і цывілізавана, імі складаней маніпуляваць.

Увогуле - зарабляйце грошы, вандруйце, не бойцеся вучыцца новаму.

А ў Беларусь, нарэшце, здолее перамагчы гэтую сітуацыю.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках