29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чатыры кандыдаты ў верхаводы «ДНР»: Што вядома аб сыходзе Захарчанкі

3
Чатыры кандыдаты ў верхаводы «ДНР»: Што вядома аб сыходзе Захарчанкі

У Данецку падзеі будуць развівацца не паводле Луганскага сцэнару.

Пасля змены верхавода так званай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігара Платніцкага на Леаніда Пасечніка, што стала вынікам зніжэння ўзроўню ўплыву на непадкантрольных тэрыторыях Данбаса Уладзіслава Суркова, яшчэ аднаму пратэжэ памочніка прэзідэнта Расеі - верхаводу так званай ДНР Аляксандру Захарчанку - усё часцей сталі прадказваць адстаўку. Наколькі магчымыя перастаноўкі ў акупаваным Данецку і хто можа заняць крэсла тамтэйшага завадатара, разбіраўся «Апостроф».

Нягледзячы на тое, што ў інфармацыйнай прасторы акупаванай Данецкай вобласці захоўваецца адносны спакой, падставы хвалявацца ў Аляксандра Захарчанкі ўсё ж ёсць. З ягоным зняццем з кіраўніцтва так званай «Данецкай народнай рэспублікі» (а то і зусім ліквідацыяй) у куратараў з’явіцца выдатная магчымасць схаваць канцы ў ваду ў гісторыі з уцёкамі Ігара Платніцкага, у якой сам Захарчанка адыграў не апошнюю ролю.

Адразу пасля заканчэння так званага «перавароту» ў Луганску стала зразумела, што верхаводу «ДНР» не свеціць аб'яднаць і ўзначаліць адразу дзве самаабвешчаныя «рэспублікі». І цяпер галоўная задача Захарчанкі - хоць бы ўтрымацца ў сваім крэсле. Зрэшты, шанцы ў яго досыць вялікія, бо АРДА прадаўжае знаходзіцца практычна пад аднаасобным уплывам каманды Суркова.

«У Данецку зусім іншы палітычны клімат, - распавяла «Апострофу» крыніца, набліжаная да Захарчанкі. - Пасля ўцёкаў Беса (баевіка Ігара Безлера, - «Апостроф»), Стралкова (аднаго з верхаводаў баевікоў Ігара Гіркіна-Стралкова, - «Апостроф») , гібелі Гіві і Матаролы ў Захарчанкі практычна не засталося палітычных канкурэнтаў з іншай пясочніцы. У нас, у Данецку, ніколі не было такога выразнага падзелу «галін улады» паміж расейскімі куратарамі, як у Луганску, таму і супрацьстаяння паміж Захарчанкам і ягонымі палітычнымі апанентамі з пачатку 2015 года ўжо не было. Думаю, што змена кіраўніка «ДНР» магчымая толькі ў тым выпадку, калі Захарчанка ўжо надта моцна праштрафіцца, але ніяк не паводле палітычных матываў».

У той жа час яшчэ адна крыніца «Апострофа» паведаміла, што калі «нейкія расейскія палітычныя сілы захочуць прыкласці намаганні», то замена акупацыйнай адміністрацыі ў Данецкай вобласці «не за гарамі».

«Настроі такія [аб змене кіраўнікоў ДНР] ходзяць ужо даўно. Ведаеце, і гэта не дзіўна, бо мала каму і тут, і там [у Расеі] падабаецца рэгулярны рост апетытаў Захарчанкі. Многія думаюць, што Захарчанка непахісны, але так думалі і аб Платніцкім. А яно вось як атрымалася. Так што магу выказаць здагадку, што падводныя плыні падточаць камень па імі Захарчанка», - распавёў суразмоўца, дадаўшы, што імавернасць сілавога адхілення врхаводаў «ДНР» вельмі малая. Звязанае гэта з яшчэ не прыціхлым скандалам у Луганску. «Магчыма, Захарчанка сам захоча сысці, магчыма, давядзецца чакаць «выбараў», - адзначыў ён.

Каго ж бачаць у Данецку на месцы Захарчанкі? Ёсць некалькі кандыдатаў.

Кандыдат №1. Аляксандр Хадакоўскі - экс-верхавод батальёна баевікоў «Усход», былы «кіраўнік» савета бяспекі ДНР», кіраўнік сепаратысцкай арганізацыі «Патрыятычныя сілы Данбаса».

Называе сябе апазіцыяй дзейнаму «кіраўніцтву» так званай ДНР вядомы рэзкімі выказваннямі на адрас Захарчанкі і ягонага атачэння. Паводле непацверджанай інфармацыі, Хадакоўскі - пратэжэ расейскіх сілавікоў і пасля перавагі куратарства ў АРЛА на бок сілавога блока РФ мае вялікія шанцы заняць месца Захарчанкі. Хадакоўскі мае ўплывовых заступнікаў у Маскве, якія робяць на яго сур'ёзныя стаўкі. Існуюць прагнозы, што ўвосень 2018 года Хадакоўскі забяспечаць перамогу на так званых «выбарах», у выніку чаго ён стане новым верхаводам «ДНР». У выпадку такога павароту падзей ёсць пагроза актывізацыі баявых дзеянняў на Усходзе Украіны з мэтай пашырэння тэрыторый, падкантрольных акупацыйнаму рэжыму.

Кандыдат №2. Ігар Безлер (Бес) - беглы вайсковы камандзір баевікоў, на гэты момант знаходзіцца ў акупаваным Крыме. Вядзе актыўную інфармацыйную вайну супраць Захарчанкі.

Крыніцы «Апострофа» на акупаваным Данбасе мяркуюць, што Безлер вернецца ў Данецк бліжэй да восені, каб паўдзельнічаць у «выбарах». Тым не менш шанцы на перамогу ў параўнанні з першым кандыдатам у яго невялікія.

Кандыдат №3. Аляксандр Барадай - расеец, экс-дарадца Захарчанкі, паплечнік Хадакоўскага, у 2014 годзе - так званы «кіраўнік» савета міністраў ДНР».

Цяпер з'яўляецца кіраўніком так званага «Саюза добраахвотнікаў Данбаса» (арганізацыі, якая аб'яднала баевікоў, што ваявалі на Данбасе). Некаторыя крыніцы «Апострофа» мяркуюць, што Хадакоўскі дыскрэдытаваў сябе на палітычнай ніве, таму давяраць яму кіраўніцтва «ДНР» не варта. У сувязі з гэтым можа быць прынятая пастанова перадаць стырно праўлення Барадаю. Але гэтая фігура будзе толькі намінальнай, фактычна курыраваць ягоную працу на месцы будуць праз Хадакоўскага.

Кандыдат №4. Дзяніс Пушылін - старшыня так званага «народнага савета ДНР». Пратэжэ расейскіх левых сілаў і расейскіх нацыяналістаў. З'яўляецца набліжаным да лідара ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага.

Пушыліну прадказвалі месца верхавода «ДНР» мінулай восенню ў перыяд актывізацыі дзейнасці нябожчыка экс-завадатара луганскіх баевікоў Валерыя Болатава. Паколькі абодва з'яўляліся асобамі са сферы ўплыву Жырыноўскага, у выпадку палітычнага прарыву левых сілаў у пытанні куратарства акупацыйнымі адміністрацыямі ў АРДЛА яны маглі паспяхова заняць «кіроўныя пасады». Ліквідацыя Болатава аслабіла пазіцыі расейскіх левых на Данбасе, але не выключана, што ЛДПР чарговым разам паспрабуе паставіць да кармушкі свайго чалавека.

Тым не менш крыніцы «Апострофа», знаёмыя з сітуацыяй, схіляюцца да таго, што Аляксандр Захарчанка ўсё ж найбліжэйшым часам будзе пакінуты ў ролі верхавода «ДНР». Аднак, паводле адной з версій, ён пяройдзе пад негалосны поўны кантроль новага «кіраўніцтва» так званай ЛНР.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках