18 красавiка 2024, Чацвер, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая рэформа Трампа пакіне Крэмль без грошай за нафту і газ

10
Падатковая рэформа Трампа пакіне Крэмль без грошай за нафту і газ

Цэны на вуглевадароды могуць рэзка пайсці ўніз.

Выдатным калядным падарункам для амерыканцаў назваў Дональд Трамп падатковую рэформу, якую Кангрэс канчаткова ўхваліў 20 снежня, а сам прэзідэнт ЗША падпіша магчыма 3 студзеня 2018 года. Калі ў найбуйнейшай эканоміцы планеты адбываецца самае шырокамаштабнае за апошнія тры дзесяцігоддзі змяненне сістэмы падаткаабкладання, то гэта немінуча ў той ці іншай форме адаб'ецца і на ўсёй сусветнай эканоміцы, піша dw.com.

Сланцавыя радовішчы стануць больш рэнтабельнымі

Для Нямеччыны і іншых краін Еўразвязу, да прыкладу, радыкальнае зніжэнне ў ЗША падаткаў на прыбытак кампаній з 35% да 21% азначае, між іншым, істотнае абвастрэнне глабальнай канкурэнтнай барацьбы за інвестыцыйную прывабнасць. Калі Злучаныя Штаты прапануюць з гэтага часу амерыканскім і замежным інвестарам, што працуюць на тэрыторыі краіны, гэткія спрыяльныя фіскальныя ўмовы вядзення бізнэсу, то дзяржавам ЕЗ давядзецца неўзабаве неяк адказаць на гэты выклік, калі яны не хочуць сутыкнуцца з адтокам капіталу за акіян, настойліва папярэджваюць нямецкія СМІ.

А вось для Расеі і краін АПЕК прынцыпова важна іншае. Для іх радыкальнае зніжэнне ў ЗША стаўкі карпаратыўнага падатку і выдаванне кампаніям іншых фіскальных льгот могуць абвярнуцца падзеннем сусветных коштаў на іх галоўны экспартны тавар - нафту. Аднак гэтаму аспекту рэформы Трампа ні нямецкія назіральнікі, ні, што куды больш дзіўна, расейскія СМІ пакуль асаблівай увагі не надалі.

Але ж элементарная эканамічная логіка падказвае, што значнае зніжэнне падатковага цяжару не можа не даць імпульсу тым кампаніям, якiя працуюць на тэрыторыi ЗША і займаюцца здабычай нафты (і газу) з сланцавых парод. Яны атрымліваюць магчымасць значна павысіць рэнтабельнасць свайго дарагога высокатэхналагічнага бізнэсу ці хаця б зрабіць яго прыбытковым, бо цэлы шэраг фірмаў у гэтай сферы стратныя.

Амерыканцы павялічаць вытворчасць нафты і звадкаванага газу

Іншымі словамі, пры новых падатковых стаўках частка амерыканскіх фірмаў надалей гатовая будзе здабываць сланцавую нафту пры больш нізкіх сусветных цэнах на гэты энэрганосьбіт, чым дагэтуль лічылася. Аднак у апошнія месяцы нафтавыя каціроўкі, наадварот, растуць, чаму ў значнай ступені спрыяла ўгода АПЕК+. Яна была складзеная ў канцы 2016 г. паміж сябрамі картэля і некаторымі краінамі, якія не ўваходзяць у яго, перш за ўсё - Расеяй, і з тых часоў двойчы падаўжалася. У апошні раз (30 лістапада 2017 году) адразу да канца 2018 года.

Такім чынам, у амерыканскіх кампаній, якія займаюцца здабычай як сланцавай, так і традыцыйнай нафты, цяпер з'явіўся двайны стымул узяцца за пашырэнне вытворчасці: кошты, якія выраслі на сусветным рынку і зніжэнне ў Амерыцы падаткаў. Таму можна, думаецца, смела дапусціць, што ў першай палове 2018 года ЗША будуць узмоцнена нарошчваць (рэнтабельную!) нафтагазавую здабычу. Тым больш, што даступныя амерыканскім энэргетычным кампаніям запасы нафты і газу практычна раптоўна павялічыліся, бо ў рамках падатковай рэформы Трампа гэтыя фірмы атрымалі права бурыць на Алясцы ў рэгіёне, які дагэтуль з'яўляўся прыродаахоўнай зонай.

Такім чынам, у кароткатэрміновай і ўжо тым больш у сярэднетэрміновай перспектыве вельмі імавернае зніжэнне коштаў - як на амерыканскую нафту, якая будзе ўсё больш уціскаць у Злучаных Штатах імпартаваную, між іншым, Саудаўскую, так і на амерыканскі звадкаваны прыродны газ (ЗПГ), які ЗША маюць намер узмоцнена экспартаваць і ў Еўропу, і ў Азію, асабліва ў Кітай.

Для Расеі ўсё гэта азначае ўзмацненне міжнароднай канкурэнцыі і, магчыма, скарачэнне экспартнай выручкі. А для Нямеччыны - патанненне энерганосьбітаў, што закупляюцца за мяжой.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках