25 красавiка 2024, Чацвер, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яны змагаліся за Беларусь: Успаміны атамана «Зялёнага Дуба»

5
Яны змагаліся за Беларусь: Успаміны атамана «Зялёнага Дуба»

Беларускiя ваяры, якiя заслугоўваюць, каб iх памяталi.

У 1929 годзе ў Берліне выйшла кніга „Тамъ, гдѣ ещё бьются”, большую частку якой склалі нататкі зробленыя беларускімі атаманамі „Зялёнага Дуба” Дзергачом (Вячаслаў Адамовіч) і Крэчатам (Ярашэвіч?) яшчэ ў 1919-1924 гг. Кніга змяшчае інфармацыю датычную дзейнасці партызанскага руху таго часу. У прадмове да кнігі адзначаецца: „Некаторыя з гэтых нарысаў былі першапачаткова напісаныя іх аўтарамі на беларускай мове і спецыяльна для гэтай кнігі перакладзены на расейскую сваімі ж братамі паўстанцамі”, перадае „Радыё Рацыя”.

Адна з частак успамінаў партызанскага атамана „Зялёнага Дуба” Крэчата: „Там, дзе яшчэ змагаюцца” З нататніка паўстанцкага атамана. Я, – былы афіцэр Расейскай Імператарскай Арміі, каго партызаны, якіх я вёў, і чырвоныя, супраць якіх я біўся, ведаюць пад іменем “атамана Крэчата”. Мае нататкі з’яўляюцца адрыўкамі маіх партызанскіх успамінаў. Я прыгадаў вобразы мінулага з майго нататніка і пастараўся, як мог, перанесці на паперу тое перажытае, што глядзела на мяне скрозь кароткія і сухія, алоўкам накіданыя радкі. Шмат гадоў нашы “партызанскія атрады Зялёнага Дуба”, пад кіраўніцтвам Галоўнага Атамана Дзергача, вялі бязлітасную барацьбу супраць чырвоных на ўсёй тэрыторыі савецкай Беларусі. […] Вясна 1921 года…

Быў цёплы травеньскі вечар. Сонца даўно села, кідаючы залаціста-чырвоныя водблескі, якія адбіваліся ў ціхіх водах ракі Пцічы. Лес, цёмнай сваёй масай, стаяў, як зачараваны. Цяжка было на душы. Сумныя ўспаміны праходзілі адно за адным. Прыгадалася, як старэнькая маці калісьці выпраўляла на вайну, бласлаўляла крыжом: “Спасі і зберажы цябе Гасподзь”, – шапталі яе пабляднеўшыя вусны. – “Будзь верны таму, каму прысягнуў на Св. Евангеллі”. Прыгадаўся родны полк, які быў для мяне ўсім. Прыгадалася Усходняя Прусія, Голдап, Гумбінет ды іншыя гарады, дзе так адважна біўся полк. Прыгадаліся дабрадушныя твары жаўнераў, якія шчыра выконвалі свой абавязак перад Радзімай. Госпадзі! Дзе гэта ўсё? Куды падзелася? Хто пасмеў разбурыць усё тое, што будавалася стагоддзямі і жыццямі нашых продкаў? У думках прайшлі пакуты, збіцці, расстрэлы, сутарэнні Ч. К. Госпадзі! У чым правініліся гэтыя нясчасныя людзі, якіх тусячамі забівалі і забіваюць?Калі толькі ў любові да Радзімы?

Прыгадаліся расстраляныя афіцэры і партызаны, якія ў імя святой ідэі служылі “ў іх”, у чырвоных, прытворна носячы чырвоную маску. У памяці з’явіўся Рыгор Крывашэін, які па распараджэнні галоўнага штаба Зялёнага Дуба, быў ваенкомам у Менску і сваёй адданай працай дапамагаў знішчэнню ворагаў святога крыжа, але, апазнаны, быў зверскі закатаваны чырвонымі. Ці ён адзін быў такі?

А партызан Рыгор Дземідзёнак, які, каб пад катаваннямі не выдаць сваіх, нямецкім штыком адрэзаў сабе язык, і кінуў яго ў твар камісару Менскай Ч. К, які яго дапытваў? А падпаручнік Янкоўскі, аточаны з кучкай сваіх партызан з усіх бакоў чырвонымі, які, адчуваючы, што сілы яго слабеюць ад незлічоных ран, загадаў партызану Мікалаю Шышкевічу прыстрэліць яго, каб не дастацца ворагу жывым? А той жа Шышкевіч, які выканаў просьбу свайго начальніка і тут жа паследаваў яго прыкладу? Колькі было герояў! Яны ўсе сышлі, спяць вечным сном і не ведаюць, што творыцца з іх братамі.

А можа ведаюць і моляцца за нас у Прастола Усявышняга, бласлаўляючы нас на далейшыя подзвігі. Так, перш чым паміраць, трэба яшчэ многае здзейсніць. У думках з’явіўся Галоўны Атаман партызанскіх атрадаў Зялёнага Дуба Дзяргач. Я прыгадаў, як у 1919 годзе ўпершыню сустрэў яго ў Менску. Гэта былі дні, калі пасля маіх дзёрзкіх уцёкаў з сутарэнняў Гомельскай Ч. К. і пасля ўсялякіх доўгіх выпрабаванняў, я прыбыў у Менск. Што рабіць? – гэта была першая думка. Сядзець склаўшы рукі і спакойна глядзець на д’ябальскі баль я не мог. […] Выпадкова я сустрэў на вуліцы паручніка Анусевіча, (як пазней аказалася, гэта быў нягоднік, які удзельнічаў у патаемнай бальшавіцкай арганізацыі і здраджваў Беларускую Вайсковую Камісію, чальцом якой ён быў), і даведаўся ад яго, што ў Менску ёсць Беларуская вайсковая “антыбальшавіцкая” арганізацыя, званая Беларускай Вайсковай Камісіяй.

Туды я вырашыў пайсці і зарэгістравацца. Увайшоўшы ў вестыбюль, я сустрэў на лесвіцы чалавека, апранутага ў форму Вайсковай Камісіі, які спыніўся і запытальна паглядзеў на мяне. –

Паслухайце, – спыніў ён мяне. – Вы, калі не памыляюся, вайсковец?

– Так, я быў ім. А што?

– Значыць, я не памыліўся. Не здзіўляйцеся маім словам, але даверцеся мне.

– Я вас не разумею.

– Зараз зразумееце. Толькі перад гэтым дазвольце ў вас запытаць: вы ідзеце рэгістравацца?

– Так. Але чаму вы ў мяне пытаеце?

– Яшчэ адно пытанне. Якіх вы поглядаў?

– Я зноў зусім не разумею, навошта вам гэта ведаць?

– Будзьце шчырымі і адкажыце як ёсць. Вы афіцэр?

– Так.

– Якога палка?

– Такога-та.

– Цяпер скажыце, як афіцэр афіцэру, вы за манархію?

– Так, безумоўна, і пакуль я жывы.

– Тады ведайце, што ў Вайсковай Камісіі такім, як мы, не месца. Тут іншыя людзі. Тут людзі прынялі рэвалюцыю. Нашыя ідэі смешныя ім. – Што ж рабіць? І як быць карысным Радзіме? Няўжо ўсё загінула? Не, не загінула. Скажыце, ці хочаце вы ісці са мной? – Дык хто ж вы такія? – Я атаман партызанскіх атрадаў Зялёнага Дуба Дзяргач. У нас ёсць сфармаваныя партызанскія атрады. Там такі, як вы, будзе жаданым. Там вы, спадзяюся, знойдзеце іншых братоў па зброі. Згодныя?

– Не ведаю, ці магу я вам давяраць. Усё гэта так дзіўна…

Наша сустрэча, наша размова, нарэшце, ваша прапанова. – Калі не верыце, то ідзіце туды, куды ішлі, сказаў Дзяргач, ужо павярнуўшыся, каб сысці.

– Пастойце, – спыніў я яго. Вы не зразумелі мяне. Я сумняюся толькі таму, што не ведаю вас.

– Я ўсё сказаў, – рашуча адказаў Дзяргач.

– Ці вы ідзеце са мной, ці бывайце.

– Я іду з вамі, – сказаў я.

– Выдатна. Тады ідзем прэч ад гэтай гнілі. Гэта такія ж ворагі, як і бальшавікі.

Дзяргач не падмануў мяне. Я апынуўся з роднымі мне па духу. Далей польская вайна з бальшавікамі, пасля мір, а для беларускіх паўстанцкіх атрадаў загад пра разбраенне і інтэрнаванне партызан. Што ж рабіць? Трэба было шукаць і выйсце знайшлося. Атаман, сказаў я Дзергачу.

– Усё скончана. Усе нашы мары разляцеліся. Мы нікому цяпер непатрэбныя. Нам загадваюць раззбройвацца і ісці на ўсе чатыры бакі. На гэта я не пайду. Я заяўляю, што мае партызаны і я зброю не складзем. Я сёння ж пакідаю Польшчу, пераходжу з маім атрадам мяжу і буду працягваць. Блаславі мяне на гэта, атаман! Блаславі і зразумей! Калі кімсьці, хто мае сваю Радзіму, адноўлены мір з бальшавікамі, то для нас, згубіўшых Радзіму, міру быць не можа.

– Ты маеш рацыю Крэчат. Ідзі пад гэтым абраным табой іменем вынішчаць ворага і да блаславі цябе Гасподзь.

Ноччу, у канцы снежня 1920 года, пяцьсот дваццаць сем партызан пад маім кіраўніцтвам, перайшлі мяжу Польшчы, каля вёскі Бор, Лунінецкага ўезда. Прабіваючы зброяй дарогу, кідаючыся то ўправа, то ўлева, праз пяць месяцаў, мы дабраліся амаль пад самы Мозыр і зрабілі часовы прыпынак у гэтых цнатлівых лясах, на берагах ракі Пціч. Тут і застала нас вясна. Уздоўж ракі размясціліся групы партызан. Тут жа, мірна пашчыпвалі траву, хадзілі пад сёдламі коні. Амаль ніхто не спаў. Адны закусвалі, пацягвалі самагон з фляжак, іншыя сядзелі ці паўляжалі. Твары людзей, асветленыя месяцам, здаваліся дзіўна-фантастычнымі. І, насамрэч! Ці не глава з фантастычнага рамана – прабрацца з горсцю людзей за 200 вёрст у глыбіню гэтага вялізнага д’ябльскага царства і там ухітрыцца жыць сваім уласным маленькім царствам. Але што заставалася рабіць? Было два выйсця. Адзін – заставацца ў Польшчы і гніць па лагерах, іншы – беспрытульна бадзяцца ў сябе ж дома, бадзяцца пад страхам смерці, але ведаць, што ты служыш вялікай справе. Мы абралі другі варыянт.

“Лепш шчыра памерці”, – казалі мае партызаны, – “чым быць рабамі”. І яны, абраўшы, ужо не шкадавалі пра сваё рашэнне. Я глядзеў на іх і думаў: “Хто ацэніць ваш незаўважны подзвіг і вашу ахвярнасць? Можа, знойдзецца, хто пашкадуе вас, але не ацэніць ніхто”. – “Збірайцеся, братцы, у лятучы атрад”, – ціха запелі некалькі галасоў і таксама ціха падхапілі гэту баявую песню сотні грудзей.

– “Мы едзем, быць можа, у апошні набег”, – лілася ўзносячыся песня. Я слухаў яе і ўсё сэрца маё білася ў лад з гэтымі прызыўнымі гукамі…

“А калі загінем у няроўным баі, то з музыкай нас пахавайце”, – ціха гучала над ракой. Змоўкла песня. Стала яшчэ больш сумна. “То з музыкай нас пахавайце”, – я ў думках паўтарыў апошнія словы: чорнае прадчуванне было ў іх. “Не”,- падумаў я. – “Нас яшчэ рана хаваць. Мы павінны жыць. І будзем жыць, каб помсціць”. – Мы будзем жыць, – паўтарыў я ўслых. І тут нечакана чамусьці ўвесь сум як рукой зняло. Хацелася кудысьці бегчы, з кімсьці біцца, чымсьці даказаць сваю адвагу. Сарваўшыся з месца , я накіраваўся да партызанаў і крыкнуў:

– Хлопцы! Не сумуйце! Гэй, Паўлік! Дзе ты там? Зацягваў “Жураўля”. Здавалася, мой настрой перадаўся партызанам. Усе разам павесялелі, паліліся жарты і праз некалькі хвілін Паўлік ужо па-заліхвацку вытанцоўваў пад “Жураўля”. Мы жылі сённяшнім, не думаючы пра будучыню. Будучыня была ў Божых руках.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках