23 красавiка 2024, aўторак, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўцы здзівіліся: Рэактар БелАЭС ляжыць пад накрыўкай без сцен

37
Літоўцы здзівіліся: Рэактар БелАЭС ляжыць пад накрыўкай без сцен

Што выявіла польска-літоўская дэлегацыя ў Астраўцы.

«Росатом» заяўляе, што адкіды будуць перапрацоўвацца ў Расеі, але не кажа, што далей: ці будуць яны вяртацца ў Беларусь ці заставацца ў Расеі

Што будзе з ядзернымі адкідамі БелАЭС, не вядома дагэтуль, а Беларусі атамная станцыя ўжо не патрэбная. Як выглядае будаўнічая пляцоўка ў Астраўцы, на якую амаль не пускаюць журналістаў? А таксама пра тое, чаму не адбылося двухбаковай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Менску, – у інтэрв'ю «Белсату» з журналістам польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхалам Патоцкім, які толькі што вярнуўся з Беларусі.

- Вялікі саміт, 25-годдзе АДКБ, з’ехаліся ўсе найважнейшыя кіраўнікі краін, быў Пуцін у Менску, а такое здараецца рэдка. Чаму не адбылося сустрэчы і не развязаныя ўсе пытанні, якіх апошнім часам назбіралася шмат?

- З Пуціным і Лукашэнкам ніколі не бывае нецікава. Акурат гэта – наступны доказ. Я думаю, калі мы гаворым пра дачыненні дзвюх аўтарытарных краін, тут вельмі часта ёсць асабістыя прычыны для такіх неспадзяванак. Цалкам магчыма, ёсць нейкія асабістыя прычыны, але таксама не сакрэт, што паміж Менскам і Масквою ёсць адрозненні. Праблема ў інтэграцыі ўнутры Еўразійскага саюзу, які будуюць. Ёсць, вядома, пытанні і вайсковых баз, пра якія Беларусь ды Расея ўжо кажуць шмат гадоў. Мы не маем пакуль ніякіх доказаў, бо ніхто нічога не тлумачыць. Але тут могуць быць асабістыя прычыны і палітычныя. Проста лідары дзвюх краін не дамовіліся пра штосьці і няма пра што гаварыць.

- А якія асабістыя прычыны могуць быць? Асабістая непрыязь, нечага не падзялілі?

- Напрыклад, пра нешта не дамовіліся. Можа быць, каманды прэзідэнтаў не дамовіліся пра нейкія канкрэтныя рэчы гэтай сустрэчы, і яна не адбылася. Гэта нармальна і ў дэмакратычным свеце. Скажам, калі каманды лідараў не дамовяцца пра нешта канкрэтнае, не падрыхтуюць правільна сустрэчы, тады яе адмяняюць. То бок гэта, вядома, спекуляцыі, бо я нічога не ведаю пра гэта, і ніхто не ведае, якія там рэальныя прычыны.

- Літаральна некалькі дзён таму вы вярнуліся з вялікай паездкі, дзе даследавалі ўсё, што адбываецца вакол Астравецкай АЭС. Вы былі як на беларускім баку, гэтак і на літоўскім. Станцыя цяпер на стадыі завяршэння будоўлі: 89% прац ужо скончаныя. Што вас уразіла? Што вам паказалі? Бо мы ведаем, што Астравецкую АЭС хаваюць ад журналістаў, асабліва замежнікаў.

- Нам гаварылі, што мы пятыя, калі казаць пра журналістаў, якія наведалі АЭС сёлета. Але, вядома, сярод гэтых пяці групаў былі беларускія і расейскія журналісты. Сапраўды вельмі складана атрымаць дазвол на наведванне электрастанцыі. Мы дабіваліся 2,5 месяцы. І толькі за дзень да візіту на пляцоўку дазволілі ўвайсці туды. Мы нават у Менск ехалі, не ведаючы, ці будзе наогул магчымасць наведаць станцыю. У найгоршым сцэнары мы думалі, што паедзем у Астравец, увойдзем у інфацэнтр у горадзе. І нічога больш не ўдасца. Нам удалося, мы былі на пляцоўцы.

Мы былі ў адмысловым цэнтры, дзе адбываецца навучанне спецыялістаў, якія будуць працаваць на АЭС. Нам не дазволілі ўсяго здымаць, мы мелі магчымасць фатаграфаваць толькі з аднаго канкрэтнага месца і толькі пэўны від будоўлі без наваколля. Нам гэта тлумачылі бяспекаю. Электрастанцыя амаль ужо гатовая, першы блок амаль гатовы. 89 % гатоўнасці – гэта ў сярэднім пра два блокі. У 2019 годзе першы блок ужо павінен працаваць, а другі – праз год. Праз год там ужо будзе паліва. Пакуль у першым блоку будуць праходзіць выпрабаванні, трэнаванні, будуць правяраць гэты блок на ўсякія магчымасці, і потым прыедзе паліва з Расеі.

- Наколькі я ведаю, была адная рэч, якая вас моцна ўразіла, што рэактар ужо на месцы.

- Рэактар першага блока ўжо ў будынку. Рэактар для другога блока таксама ўжо на месцы, але ляжыць пад такой накрыўкаю без сцен.

- Што гэта азначае?

- Калі мы паказалі гэта адмыслоўцам з Літвы, яны не маглі паверыць…

Рэактар мусіць захоўвацца. Рэальна гэта сэрца электрастанцыі, самае важна месца для атамнай электрастанцыі пагатоў.

Рэактар так проста не мусіць ляжаць пад такой ненадзейнаю накрыўкаю.

- Застаецца вострае пытанне, якое ўздымаюць беларускія эколагі: што будзе далей з адкідамі? Мы ведаем, што АЭС будуе расейскі «Росатом», і яны вельмі цьмяна кажуць, што будзе адбывацца далей з гэтым ужо адпрацаваным палівам. Нешта новае ў гэтым ключы вам удалося даведацца?

- Ніхто нам не адказаў канкрэтна на пытанне, куды дзенуцца потым гэтыя адкіды. Мы пыталі беларускае Міністэрства энергетыкі, а таксама «Росатом». «Росатом» адказаў, што адкіды будуць перапрацоўвацца ў Расеі, але не адказаў, што далей: яны будуць вяртацца ў Беларусь ці заставацца ў Расеі?

Беларускія эколагі казалі, што расейскае заканадаўства забараняе імпартаваць атамныя адкіды. Таксама пытанне дамоўленасці паміж краінамі. Ніхто не ведае насамрэч, вось адказ. Магчыма, яны будуць потым захоўвацца ў Беларусі. Станіслаў Шушкевіч, палітык і ядравы фізік, сказаў нам, што ёсць такія фізічныя ды тэхнічныя магчымасці, каб захоўваць у Беларусі. Але дзе канкрэтна, ніхто не ведае.

- Вы былі таксама на тэрыторыі Літвы, размаўлялі з людзьмі, якія вельмі непакояцца гэтым фактам. Якая цяпер пазіцыя Літвы, і наколькі Польшча зацікаўленая ды звяртае ўвагу на тое, што адбываецца?

- Польскія міністэрствы нам адказалі, і гэта былі афіцыйныя заявы міністраў, у тым ліку міністра замежных спраў. Польшча не збіраецца набываць электраэнергіі з Астраўца. Літва наогул спрабуе блакаваць гэтую інвестыцыю. Ёсць прыклады, калі ўжо пабудаванай электрастанцыі не адкрылі (у Аўстрыі быў такі прыклад). Гэта дэмакратычная краіна, гэта было пасля рэферэндуму.

Складана сабе ўявіць такое ў Беларусі. Вядома, гэтую электрастанцыю адкрыюць. Я не сумняваюся ні на секунду. Але Літва, напрыклад, на заканадаўчым узроўні забараніла набываць электраэнергію з Астраўца.

Для Беларусі гэта праблема, бо яна разлічвала на тое, што частка гэтай энергіі пойдзе на экспарт. Цяпер ужо бачна, што калі наогул пойдзе, то толькі ва Украіну ці Расею. Але з Расеяй таксама праблемы: у Расеі таннейшая электраэнергія, чымся будзе вытварацца ў Астраўцы.

- То бок каму была патрэбная гэтая інвестыцыя?

- Яна патрэбная была Беларусі ў дакрызісны час, калі дзяржава развівалася на 11 % за год, калі спажыванне электраэнергіі расло. Цяпер падчас стагнацыі і вельмі доўгай рэцэсіі столькі энергіі наогул не трэба Беларусі. На гэты момант гэтая электрастанцыя не патрэбная.

Вядома, улады Беларусі кажуць і нам таксама тлумачаць, што мы можам зачыніць нейкія састарэлыя газавыя электрастанцыі, гэта праўда. Што мы будзем атрымліваць таннейшую за расейскі газ электраэнергію, гэта таксама праўда. Тут ёсць і плюсы гэтай інвестыцыі, але калі сёння ўлады Беларусі прымалі б такое рашэнне, я думаю, што не прынялі б яго. Ведаючы тое, што ведае сёння.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках