24 красавiка 2024, Серада, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фермер-бунтаўнік з-пад Лоева: Гэтая ўлада абапіраецца на маргінальныя элементы

10
Фермер-бунтаўнік з-пад Лоева: Гэтая ўлада абапіраецца на маргінальныя элементы

Жыхар Лоеўскага раёна распавёў аб барацьбе за зямлю і свае правы.

Фермеру з Лоеўскага раёна, які змагаецца за свае правы, пагражаюць крымінальнай справай, піша racyja.com.

Жыхар вёскі Страдубка, ветэрынар паводле адукацыі, Іван Хвоін кажа, што ягонае жаданне займець моцную гаспадарку разбілася аб канфлікты з мясцовым начальствам.

Іван Хвоін успамінае, як год таму яго вымусілі забіць усё пагалоўе свіней: «Прыехалі да мяне супрацоўнікі санстанцыі, міліцыя, МНС. Сказалі, каб я ўтылізаваў сваіх свіней, бо яны нібыта хворыя на свіную чуму. Але прыкмет чумы не было. Гэта была рожа. Магу пра гэта дакладна казаць, бо з'яўляюся ветэрынарам па адукацыі. Але паслухаўся, бо вельмі прадстаўнічая дэлегацыя да мяне прыйшла. У выніку, выразалі блізу 60 галоў свіней. Рэальны рынкавы кошт страты - блізу 10 тысяч даляраў. Ніякай кампенсацыі за страту я не атрымаў дагэтуль».

Але нягоды фермера на знішчэнні свіней не скончыліся. Неўзабаве ў яго сталі знікаць гусі. Агульная колькасць выкрадзенай птушкі - блізу 80 штук. Іван Хвоін падазрае ў крадзяжах беспрацоўных п'яніц, якія жывуць па суседстве з ім. Са слоў фермера, маргінальныя элементы рабілі замах на калгасную маёмасць, і маюць дачыненне і да крадзяжу яго гусей.

«Я звярнуўся ў Лоеўскі РАУС з нагоды таго, што ўтварыўся прытон непадалёк ад свайго дома. Жанчына арганізавала месца, дзе нелегальна набываюцца прадукты харчавання і ва ўсю прадаецца алкаголь. Яе не чапаюць, а ў мяне ўвесь час адбываюцца згубы. Пасля майго звароту прыехаў участковы, але нічога не зрабіў», - распавядае Іван Хвоін.

Тады фермер наважыў праявіць ініцыятыву. Убачыўшы, як «суседзі» чарговым разам цягнуць аднекуль мех бульбы, пайшоў за імі.

«На пункце, дзе яны мянялі бульбу на бутэльку спірту, я іх заспеў. А каб не адкруціліся, без ужывання сілы адабраў у іх алкаголь. Потым выклікаў міліцыю. Яны на мяне накінуліся з кулакамі. Я не адказваў, бо ведаў, чым гэта для мяне скончыцца».

Участковы міліцыянт па прыездзе на месца канфлікту распачаў дзве адміністрацыйныя справы. Толькі не ў дачыненні да аматараў алкаголю, а ў дачыненні да свавольнага фермера, які быццам бы зайшоў без дазволу ў чужы дом, адабраў бутэльку са спіртным і здзейсніў самавольнае правасуддзе.

У судзе Лоеўскага раёна Івана Хвоін прызналі вінаватым. Але на ўзроўні абласнога суда Гомельскай вобласці гэту пастанову скасавалі на падставе аднабаковасці і несправядлівасці адміністрацыйнай справы, складзенай участковым міліцыянтам. Суддзя Гомельскага аблсуда Мікалай Бакуноў накіраваў справу паўторна ў Лоеўскі раённы суд на разгляд іншаму суддзі. І вось тут пачалося самае цікавае. У Лоеўскім раённым судзе адміністрацыйную справу супраць фермера спынілі, затое паведамілі пра тое, што матэрыялы перададзеныя пракурору раёна для распачынання крымінальнай справы паводле артыкулаў 339 і 206 Крымінальнага Кодэксу.

Цяпер Івану Хвоіну інкрымінуецца хуліганства і рабаванне. Праваабаронца з Беларускага Хельсінскага Камітэта Алесь Яўсеенка падкрэслівае абсурднасць пераследу Івана Хвоіна, які насамрэч імкнуўся пазбегнуць здзяйснення правапарушэнняў. «Ня любяць у нас ініцыятыўных людзей. Чалавека, які займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, які спрабуе неяк падтрымліваць правапарадак, прыцягваюць да адказнасці. Іван Хвоін займаецца гаспадаркай, дапамагае аднавяскоўцам, якія не маюць працы. Але з яго хочуць зляпіць крымінальніка, выгнаць з вёскі ці нават з Лоеўскага раёна. Відавочна, што яму проста помсціць мясцовае начальства і міліцыянты за ягоную незгаворлівасць».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках