21 студзеня 2018, Нядзеля, 2:00
Рубрыкі

У Беларусі ўсё ж увядуць «падатак на шопінг»?

86

Рэжым востра мае патрэбу ў валюце.

6 снежня Нацбанк Беларусі апублікаваў цікавыя лічбы: 22 месяцы запар беларусы больш прадаюць валюты, чым купляюць. Але чысты продаж гатовай валюты рэкордна ўпала і скараціўся ўдвая.

Беларусы заўсёды былі вядомыя сваёй ашчаднасцю. Адкладаць на «чорны дзень» - адметная рыса нацыянальнага характару. «Чорны дзень» для беларускай эканомікі даўно наступіў і расцягнуўся на гады, а запасы беларусаў змізарнелі. За кошт каго Лукашэнка будзе папаўняць дэфіцыт валюты ў краіне? На гэтую тэму ў інтэрв'ю Charter97.org разважае прадпрымальнік, прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктар Марчык:

- Гэтая сітуацыя на валютным рынку зусім натуральная і ў духу нашага часу. Калісьці беларусы выжывалі толькі за кошт «ашчадку». Да 2011 года яшчэ неяк можна было купіць валюту, адкласці сродкі. А потым даляр падскочыў утрая.

І тут спрацаваў прынцып даміно: людзі пачалі страчваць працу, зменшыліся даходы і пакупніцкая здольнасць. У выніку пачалі банкрутаваць нашыя прадпрымальнікі. Адбылася ланцуговая рэакцыя. Бліжэй да 2015 годзе пачалася другая хваля крызісу, якая ўдарыла па ўсіх слаях насельніцтва.

А як нашы ўлады развязваюць эканамічныя праблемы? Рэформы праводзяць? Не, Лукашэнка заявіў, што ён усё рэформы ўжо правёў. Вядома, яго ўсё задавальняе і ён любіць паўтараць, што ўсё для народа робіць. Толькі ў яго разуменні народ - гэта апрычнікі з МУС і баяры з Драздоў. А астатнія - нелюдзі. Мэта знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе - забеспячэнне свайго дабрабыту і дабрабыту світы. Таму адзіны метад кіравання нашых уладаў - узаконены рэкет.

- У Беларусі вялікая колькасць запазычанасцяў у валюце, прадпрыемствы таксама павінны неяк расплачвацца з замежнымі пастаўшчыкамі. Адкуль нашы ўлады возьмуць грошы?

- Тут усё вельмі проста. Чым далей у лес, тым больш дроў. Да гэтага нашым кіраўнікам атрымлівалася трымацца на плаве. Быў нейкі баланс, людзі здавалі валюту, неяк зводзілі канцы з канцамі. Цяпер жа браць валюту няма адкуль.

Беларусы на чым свет стаіць клянуць самазванага «павадыра». Кажуць, няхай бы Лукашэнка пажыў на той заробак, на які жывем мы. А ён на тэлевізіі кажа, што не ведае, колькі атрымлівае. Маўляў, у тумбачцы ўсе грошы кладу, а Міколка бярэ, колькі яму трэба. А наш брат кожную капейчыну лічыць. Трэба ж неяк выжываць ад заробку да заробку.

Вось і атрымліваецца, што запасы беларусаў змізарнелі, а Лукашэнка будзе шукаць з каго гэтую валюту вытрасці. Застаецца толькі чакаць новых дэкрэтаў, новых указаў і законаў, якія супярэчаць Канстытуцыі. Будзе ўзмацняцца фінансавы ціск на людзей.

- А якія сферы могуць стаць крыніцамі валюты для ўладаў?

- У нас пануе прывязка да даляра і еўра. Калісьці ў ІП была прывязка арэнднай платы да валюты. Акцыямі пратэсту прадпрымальнікаў нам удалося дамагчыся, каб арэндную плату прывязалі да базавай адзінкі.

Але давайце не будзем падманвацца. Калі з'явілася такая вострая патрэба ў валюце - усё могуць вярнуць назад.

Нашыя аўтамабілісты плацяць за «зялёныя карты» і страхоўкі ў валюце - таксама поле дзейнасці для нашых «законапісак».

Прыходзіць на думку заява Лукашэнкі пра мыту $100 для тых, хто хоча выехаць на шопінг за мяжу. Вось вельмі «добрая» ідэя для новых пабораў. Тут і з нашых складоў ўсякае смецце «павыграбаюць», а калі захацеў купіць нешта танней, паехаў за мяжу - плаці мыту ў валюце.

- Хто больш за ўсё пацерпіць ад такіх «валютных махінацый»?

- Як я казаў, усё ў нас ўзаемазвязанае. І ланцуговая рэакцыя ўдарыць па маламаёмасным і пенсіянерам. Яны і цяпер заціснутыя так, што далей няма куды.

Тыя, у каго нейкі бізнэс, нейкі ашчадак - будуць далей захрасаць у абавязках. Дробнаму бізнэсу прыйдзе гамон, нашыя ўлады даўно гэтага дамагаюцца. «Ільвіная дзель» беларусаў не жыве, а выжывае.

Чыноўнікі звыклі быць дармаедамі і трутнямі. Труцень жыве за кошт пчол, якія яго цалкам абслугоўваюць і кормяць. А ў нашай краіне камусьці проста імпануе такі тып паводзін.

Калі перайсці на бытавы ўзровень, то нашая ўлада - гэта сусед-жлукта, які ўвесь час пазычае на бутэльку, а аддаваць не хоча. Але ж трыванне заканчваецца.

Трэба перастаць лячыць сімптомы і звярнуць увагу на крыніцу захворвання. Тут два выйсці: альбо асобныя індывіды возьмуцца за розум, альбо мы памяняем гэтую ўладу. Іншых развязанняў я не бачу.