16 красавiка 2024, aўторак, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ пра нядопуск Расеі да Алімпіяды: Проста выгналі гультаёў прэч

20
СМІ пра нядопуск Расеі да Алімпіяды: Проста выгналі гультаёў прэч

Як адрэагавалі на пастанову МАК вядучыя заходнія медыі.

МАК адхіліў Расею ад удзелу ў Алімпіядзе-2018. Расейскія спартоўцы, якія прызнаныя чыстымі, змогуць выступіць пад нейтральным сцягам. Што пішуць аб гэтым замежныя СМІ — у аглядзе РБК.

The New York Times, ЗША

Алімпійскую каманду Расеі не дапусцілі да зімовых Гульняў 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхенчхане. На Алімпіядзе забаронена прысутнічаць расейскім дзяржаўным чыноўнікам, на цырымоніі адкрыцця не будзе падымацца сцяг Расеі, не будзе гучаць яе гімн. Усе спартоўцы з Расеі, якія атрымаюць спецыяльныя дазволы на ўдзел у спаборніцтвах, якія будуць выступаць у індывідуальным парадку ў нейтральнай форме, а ў афіцыйных справаздачах будзе паказана, што Расея медалёў не здабыла.

Такім стала пакаранне, вынесенае ў аўторак «фанабэрыстаму спартыўнаму цяжкавагавіку», які доўгі час выкарыстоўваў Алімпіяду як дэманстрацыю глабальнай сілы, але быў выкрыты ў сістэматычным выкарыстанні допінгаў з дапамогай схемы, якая раней здавалася неймавернай. Пакаранні гэтыя надзвычай суровыя і ў гісторыі Алімпійскіх гульняў беспрэцэдэнтныя.

У сваёй пастанове МАК з усёй перакананасцю заявіў, што Расея вінаватая ў выкарыстанні маштабнай дзяржаўнай допінгавай праграмы. Гэтую схему можна параўнаць, бадай, толькі з сумна вядомай допінгавай праграмай, якая была распаўсюджаная ў ГДР у 1960-я, 1970-е і 1980-е гады.

Цяпер спартыўны свет будзе чакаць рэакцыі Расеі.

Le Monde, Францыя

Пастанова МАК у дачыненні да Расеі занадта шмат значыць у свеце спорту. Краіна ўважаецца за самую ўплывовую сёння ў алімпійскіх колах, традыцыйна моцная ў зімовых тыпах спорту. Пастанова значыць шмат і для МАК, і для многіх міжнародных федэрацый, многія з якіх маюць дачыненне да будучага чэмпіянату свету ў футболе і жывуць на грошы расейскіх спонсараў. Расейскі прэзідэнт — адзін з самых аўтарытэтных у свеце, у тым ліку і для кіраўніка МАК Томаса Баха.

Каб захаваць свой імідж, у МАК не было выбару, акрамя як пакараць, прынамсі часткова, Расею. Аднак поўнай забароны камітэт не хацеў, абараняючы такім чынам самых маладых спартоўцаў ці тых, хто трэніраваўся за мяжой.

Але гэтая пастанова не можа задаволіць расейскую ўладу, якая далей адмаўляе існаванне арганізаванай допінгавай праграмы і маніпуляванне сочынскімі пробамі.

The Guardian, Вялікабрытанія

Мы жывем у свеце, дзе кожны дурань, троль і тыя, хто знаходзяцца пад іх уплывам, могуць назваць кожную гісторыю fake news. На гэтым фоне асабліва выдатна, што даклады Рычарда Макларэна не толькі вытрымалі праверку на fake news, але і былі дапоўненыя пераканаўчымі довадамі.

Але нават цяпер уся гісторыя выглядае занадта ўжо дзіўнай. Расейскі ўрад спрабаваў дыскрэдытаваць Макларэна і ягонага галоўнага інфарматара Грыгорыя Родчанкава і зрабіць гранічна яснае заблытаным. Але ім не ўдалося.

Пастанова МАК — справядлівая пастанова. Яна паказала, што забарона — гэта не помста, а сумленная гульня. У алімпійскіх колах цыркулююць чуткі, што Расея можа адрэагаваць на такую пастанову байкотам Гульняў. А лепш было б прызнаць памылкі, што Расея адмаўляецца рабіць дагэтуль.

Der Spiegel, Нямеччына

Тое, што адбылося ў Расеі, было «беспрэцэдэнтным нападам на цэласнасць алімпійскага руху і спорту», кажа прэзідэнт МАК Томас Бах, на якога накіраваны два дзясяткі тэлевізійных камер. Бах выглядае суровым, вочы звузіліся, як быццам яго асляпілі ўспышкі камер.

Але ў Пхенчхане расейскім спартоўцам дазволілі спаборнічаць пад нейтральным сцягам. Адзіная ўмова — яны павінны давесці, што не з'яўляюцца часткай допінгавай сістэмы. Праводзіць допінг-тэставанне будзе незалежная спецыяльна створаная для гэтага камісія. Надзвычай мяккае пакаранне за злачынства, якое швайцарскі галоўны следчы Самуэль Шмід назваў «сістэматычнай маніпуляцыяй з антыдопінгавай сістэмай».

А што Уладзімір Пуцін? Прэзідэнт Расеі паўстане перад прэсай у сераду, каб агучыць пазіцыю, што да пастановы МАК. Ці ахвяруе ён віцэ-прэм'ерам Мутко? Як пракаментуе ўдзел Міністэрства спорту ў сістэме допінгу?

Chicago Tribune, ЗША

Беспрэцэдэнтнае ў гісторыі Алімпійскіх гульняў пакаранне, якое адпавядае беспрэцэдэнтным маштабам падману Расеі. Гэта рух у правільны бок. Улада імкнецца захаваць цэласнасць алімпійскага руху, ідэалу, які на працягу многіх гадоў быў запэцканы скандаламі, звязанымі з карупцыяй і, вядома, допінгам. Мы неаднаразова звярталіся да МАК з патрабаваннем больш жорсткага стаўлення да Расеі, і цяперашняя пастанова абумоўленая шэрагам прычын.

Пастанова МАК — гэта магутнае паведамленне: ніхто не пацерпіць падману Расеі, якая гатовая зрабіць усё дзеля перамогі. МАК мог бы зрабіць яшчэ адзін крок і забараніць усім расейскім спартоўцам удзел у гульнях, пакінуўшы шанец толькі для тых, хто гуляе сумленна. Такое сячэнне нацыянальнай ідэнтычнасці стала б важным паведамленнем для Масквы.

Ці слухае Крэмль і прэзідэнт Пуцін гэтага паведамленне — зусім іншае пытанне. Улічваючы схільнасць Масквы да адмаўлення, было б дзіўна, калі б яна зноў пачала паказваць з сябе нявінную ахвяру заходняй палітыкі. Раней Расея пагражала байкатаваць Гульні. Ну што ж, калі так, гэта іх выбар.

USA Today, ЗША

Яны зрабілі гэта. Кранальна, але чальцы выканаўчага камітэта Міжнароднага алімпійскага камітэта зрабілі гэта. Яны проста выгналі гультаёў прэч.

Самая д'ябальская дзяржаўная допінгавая машына нашага часу і горшая з часу адхілення Усходняй Нямеччыны ад Алімпіяды, нарэшце, атрымала пакаранне, якога яна заслугоўвае.

У працяглай, заблытанай гісторыі Алімпійскіх гульняў і маніпуляцый з допінгам ніколі не было больш тонкага моманту.

Без уніформы. Без сцяга. Без гімна. Зноў і зноў, для кожнага расейца, хто зможа давесці, што ён чысты і заваюе залаты медаль, срэбра або бронзу.

Як гэта будзе выглядаць! Як гэта зневажальна для Расеі, для кожнага чыноўніка, які пазбаўляў медалёў спартоўцаў іншых краін, тых, што гулялі паводле правіл у Сочы, у Рыа, у Лондане. І якая ж гэта выдатная падзея для расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Неймаверна, МАК, найстарэйшы з найстарэйшых клубаў інтарэсаў у свеце, адвярнуўся ад свайго ўласнага спонсара. Ён сказаў Пуціну, чалавеку, які выдаткаваў $51 млрд, каб даць МАК грандыёзныя зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы ўсяго чатыры гады таму, што пара сыходзіць.

У гэтай сазе шмат паваротаў, бо асобныя расейскія спартоўцы цяпер будуць спрабаваць патрапіць на Гульні, але факт застаецца фактам: Расея як нацыя не ўдзельнічае ў будучых Алімпійскіх гульнях. Расея была строга пакараная. Расея цяпер загразне ў міжнароднай ганьбе.

Дрэнныя хлопцы саступілі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках