29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз дзяржаўную запазычанасць могуць правесці імклівую дэвальвацыю рубля

45
Праз дзяржаўную запазычанасць могуць правесці імклівую дэвальвацыю рубля

Гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні.

Дзяржаўная завінавачанасць Беларусі расце - да чаго гэта можа прывесці ў найбліжэйшай будучыні?

На гэтае пытанне onliner.by адказвае акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і прафесар-візітантка Кіеўскай школы эканомікі, кандыдатка эканамічных навук Мадрыдскага ўніверсітэта Кацярына Барнукова:

- Праблема дзяржаўнай запазычанасці турбуе далёка не толькі эканамістаў. Гэты паказчык рана ці позна адбіваецца на кожным з нас, таму пытанне «а як там дзяржаўная запазычанасць?» выклікае жывую цікавасць у кожнага беларуса.

І хвалюемся мы не дарма. У гэтым годзе яна вырасла, як і ў мінулым. Наогул кажучы, калі параўноўваць, сітуацыя атрымліваецца невясёлая. У пачатку 2014 года дзяржаўная завінавачанасць складала 22% у дачыненні да ВУП краіны, на сённяшні дзень гэты паказчык вырас да 39,8%.

Абмоўлюся, што ў гэтым годзе ў адсотках да ВУП ён павялічыўся нязначна (на 0,4%), але ў абсалютным вылічэнні вырас з 37 млрд да амаль да 42 млрд рублёў. Рост звязаны з новымі запазычаннямі, якія зрабіла нашая ўлада.

Частку з іх выдаткавалі на выплату старых крэдытаў, частка, фактычна, проста пайшла ў дзяржаўны золатавалютны рэзерв.

З чым звязана такое бесперапыннае павелічэнне завінавачанасці?

У большасці краін яка назапашваецца, калі ўзнікае дэфіцыт дзяржбюджэту, у той час як у Беларусі бюджэт чароўным чынам складваецца практычна заўсёды. Уся справа ў пазабюджэтных аперацыях. Напрыклад, такіх, калі дзяржава фінансуе дзяржпрадпрыемства або аплачвае іх пазыкі.

Паводле слоў першага намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, цягам крызісу 2015-2016 гадоў было прафінансавана запазычанасцяў дзяржаўных прадпрыемстваў амаль на $1,8 млрд. Робячы такія выдаткі, дзяржава, цалкам усвядомлена, нарошчвае свае замежныя і ўнутраныя запазычанасці.

У выніку мы назіраем два паралельныя працэсы, якія канфліктуюць адзін з адным. Першы: жорсткая манетарная палітыка Нацбанка. Другі: працяг бесперспектыўнага крэдытавання некаторых дзяржпрадпрыемстваў і эканамічна неапраўданае падвышэнне заробку дзяржаўным чыноўнікам.

Сумна прызнаваць, але менавіта папулісцкія захады збольшага зводзяць на нішто ўсе здаровыя тэндэнцыі, і гэта дрэнна адбілася на гандлёвым балансе краіны, які мы з вялікімі намаганнямі выпраўлялі цягам апошніх гадоў. Факт - імпарт цяпер расце хутчэй, чым экспарт, гэта значыць, што ў будучыні, калі нічога не распачаць, нам давядзецца прадаўжаць назапашваць замежную запазычанасць, каб гэты разрыў зменшыць.

Хмары на гарызонце ўжо згушчаюцца. Хутчэй за ўсё, у наступным годзе дзяржаўная запазычанасць зноў будзе расці, нам трэба будзе шукаць новыя крыніцы запазычанняў.

Больш за тое, трэба памятаць, што сёння мы будуем АЭС, і гэта будаўніцтва ідзе за кошт пазык, якія мы пачнём аддаваць, калі запусцім яе, што адбудзецца бліжэй да 2020 года. Тут таксама ўзніклі праблемы: калі раней мы разлічвалі, што атамная электрастанцыя будзе генераваць струмень валюты ў краіну, з якога і будзе аддавацца запазычанасць за будаўніцтва, то цяпер становіцца зразумела, што экспартаваць электраэнэргію будзе складана. Ні Польшча, ні Літва (два нашыя самыя імаверныя партнёры) купляць электраэнэргію не хочуць. Таму, калі АЭС будзе ўведзеная, ёсць імавернасць узнікнення яшчэ адной завінавачанасці, выплачваць якую будзе праблематычна.

У выніку ёсць усе падставы меркаваць, што бліжэй да 2020 года для нас зноў наступяць няпростыя часы, і вельмі шмат што залежыць ад таго, як мы да іх падрыхтуемся.

Пры песімістычным прагнозе прадоўжаць расці даўгі прадпрыемстваў, агульная запазычанасць дзяржавы. У дзяржсектары не адбудуцца рэформы, якія дазволяць палепшыць яе канкурэнтаздольнасць. У выніку можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой прадаўжаць нарошчваць замежную завінавачанасць стане вельмі складана: крэдыторы, якія разумеюць, што нашы магчымасці не бязмежныя, лагічна запытаюцца: як мы аддамо узятае ў пазыку?

Цяпер мы выдаткоўваем на выплату адсоткаў такіх дзяржаўных запазычанасцяў блізу 2% ВУП. Пакуль рызыкі дэфолту не вельмі відавочныя, але ўжо сёння пэўныя эканамічныя праблемы бачныя ўсё больш выразна, і варта прызнаць, што адзіным спосабам, якім мы маглі ад іх пазбаўляцца раней, была імклівая дэвальвацыя.

Адпаведна, калі ніякіх дзеянняў не рабіць, такі сцэнар развіцця падзей у будучыні можна прадбачыць.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках