29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры-бунтары з Менска дайшлі да ААН

6
Пенсіянеры-бунтары з Менска дайшлі да ААН

Менчукі бароняць сваё права на годнае жыллё.

Барак на Запарожскай быў прызнаны непрыдатным для жыцця яшчэ ў 2002 годзе. Паступова ўсіх жыхароў з яго рассялілі. І толькі сям'я пенсіянераў Карповічаў далей жыве ў пустым двухпавярховым доме.

Як піша belaruspartisan.org, Галіна Іванаўна і Вячаслаў Паўлавіч неаднаразова звярталіся ва ўсе інстанцыі з адной просьбай — перасяліць іх з даўно адсяленага дома без выгод. Але — безвынікова.

Барак, у якім жывуць Карповічы, прыходзіць у заняпад на вачах: ад фасада адколваецца цэгла і, як кажуць пенсіянеры, падае проста на галаву. Месцамі яна рассыпалася і ператварылася ў пыл. Суседскія хлапчукі разбілі вокны ў апусцелым жытле. У дадатак у доме пад падлогай трэснула цеплатраса, праз гэта цяпло "выцякае" на двор, а ў кватэры старых пануе невыносны холад.

ЖЭС выпраўляць гэтыя паломкі не спяшаецца, хоць камуналку Карповічы плацяць спраўна. І сумы часта немаленькія. Толькі за кастрычнік за кватэру без каналізацыі і гарачай вады сям'я заплаціла 56 рублёў.

Пенсіянеры прызнаюцца, што аб выгодах ужо не думаюць. Больш хвалююцца аб тым, як бы застацца ў жывых у састарэлым доме. Калі адбылася трагедыя ў Магілёве, дзе пад плітой перакрыцця даўгабуду загінулі дзеці, старыя прызнаюцца, што сталі часта задумвацца — ці застаўся ў барака запас трываласці, ці не здарыцца з імі такое?

І яшчэ — не разумеюць, чаму пасля магілёўскай трагедыі чыноўнікі паабяцалі праверыць усе старыя дамы, а ў іх адселены барак так і не зазірнулі.

У адміністрацыі Партызанскага раёна паведамілі: звароты ад пенсіянераў былі, і іх пытанне разглядаецца. Чыноўнікі патлумачылі: дом уважаецца за непрыдатны для пражывання, у адпаведнасці з чым старым двойчы прапаноўвалася часовае жыллё, але яны самі адмовіліся.

- Менскі трактарны завод прапаноўваў інтэрнат на Кашавога, 30. Гэта пакой у інтэрнаце калідорнага тыпу. І прапаноўваўся пакой у блоку. Але ад абодвух прапаноў адмовіліся, — паведаміў намеснік кіраўніка Павел Караневіч.

Паабяцалі кватэру

Карповічы тлумачаць: інтэрнат ім спрабуюць прапаноўваць усе апошнія гады. Але пачуць, што ў пажылых людзей не той стан здароўя, каб жыць у працоўным інтэрнаце, чыноўнікі не хочуць. Яшчэ і папракаюць, што тыя не згаджаюцца на "ўсе выгоды".

У двухпавярховіку Карповічы жывуць з 1975 года. Ордэр на усяленне ў кватэру сям'і тады выдаваў выканкам: дом знаходзіўся на яго балансе.

Акрамя Галіны Іванаўны і Вячаслава Паўлавіча, якія прапрацавалі ўсё жыццё на Мінскім трактарным заводзе, у доме жылі супрацоўнікі Маторнага завода, Другога аўтобуснага парка і будаўнічых арганізацый. Усім жыллё выдаў выканкам.

У 2002 годзе двухпавярховік прызналі непрыдатным для жыцця і перадалі на баланс Мінскага трактарнага завода, кажуць суразмоўцы. Цягам наступных двух гадоў з дома масава пачалі высяляцца жыхары, якія паспелі пабудаваць кватэры. Трактарны завод прапаноўваў льготныя крэдыты, але Карповічы на той момант выйшлі на пенсію і не мелі права прэтэндаваць на такое паслабленне. У выніку апынуліся закладнікамі сітуацыі.

Старыя мяркуюць, што ў МТЗ, на чыім балансе знаходзіцца барак, няма вольнага жылля. Чаму перасяленне немагчыма.

Незвычайны абарот набыла сітуацыя пасля звароту да намесніка старшыні Менгарвыканкама Віктара Лапцева. Са старымі звязаліся прадстаўнікі трактарнага завода з абяцаннем даць аднапакаёвую кватэру на Шчарбакова, 17.

- Гэта былы інтэрнат, які перарабілі пад кватэры. Але жыхары плацяць невялікую штомесячную плату. Мы былі згодныя і на гэта, — прызнаецца Вячаслаў Паўлавіч.

На заводзе сказалі, што кватэра вызваліцца ў жніўні, і параілі напісаць заяву, што і было зроблена. У прызначаны тэрмін з пенсіянерамі ніхто не звязаўся. А калі яны патэлефанавалі самі, ім папулярна растлумачылі, што нічога ім не выгарае.

Пытанне адкрытае

Зрэшты, потым было яшчэ весялей. Мужу і жонцы прыйшла папера ад завода аб тым, што дом без каналізацыі і гарачай вады збіраюцца пераводзіць у разрад... камерцыйнага жылля. Пенсіянерам прапанавалі падпісаць пагадненне, і нават калі яны адмовяцца — збор ўсё роўна прыйдзецца плаціць.

Карповічы на пагадненне не пайшлі. Кажуць, што ў іх не тая пенсія, каб "плаціць па 200 даляраў за месяц". Хоць калі б ім здавалі жыллё льготным коштам, яны б пагадзіліся пераехаць. На заводзе пенсіянерам сказалі, што ніякіх ільготных коштаў.

Калі б дом быў прызнаны аварыйным, жыхароў паводле законе павінны былі перасяліць у аператыўным парадку, прапанаваўшы ім на выбар кватэру аналагічнай плошчы або грашовую кампенсацыю. Але ў адміністрацыі адзначаюць: на сённяшні момант барак прызнаны непрыдатным для пражывання.

Між тым, вядома нямала прыкладаў, калі людзей перасялялі і з больш дыхтоўнага жылля — калі зямля пад ім задавальняла нейкага інвестара.

У адміністрацыі паабяцалі разабрацца ў сітуацыі. Паведамілі, што цяпер стаіць пытанне аб перадачы дома іншай арганізацыі. Разам з тым, як хутка разгледзіцца пытанне, у адміністрацыі не ведаюць.

- Мы цяпер дзелім шкуру незабітага мядзведзя. У Карповічаў кватэра ва ўласнасці. Цяпер перасяліць і даць ва ўласнасць аналагічную адміністрацыя не можа, таму што ў нас не прадугледжана заканадаўствам. Ім прапануецца часова перасяліцца, а ўжо тая арганізацыя, якая будзе праводзіць руйнаванне, іх права і рэалізуе, — дадаў ён.

Карповічы прызнаюцца, што скептычна ставяцца да такога абяцання, бо перасялення дамагаюцца доўгія гады. Звярталіся ў вышэйшыя дзяржаўныя інстанцыі, але пытанне ўвесь час спускаўся на раённую адміністрацыю. Дайшлі да ААН, але працягваць разбіральніцтва не наважыліся. Пенсіянеры ўздыхаюць і кажуць, што будуць зноў пісаць у адміністрацыю Лукашэнкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках