20 красавiка 2024, Субота, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ўдвая

6
За два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ўдвая
Фота: bymedia

Асабліва зазналі жабрацтва сельскія рэгіёны.

За апошнія два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ўдвая і дасягнула ўзроўню - 29% насельніцтва, піша thinktanks.by.

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні BEROC "Дэтэрмінанты беднасці ў перыяд эканамічнага росту і яго адсутнасці. Ацэнка дынамікі беднасці ў Беларусі ў 2009-2016 гадах". Аўтар гэтай працы - навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль даследаваў узровень і дэтэрмінанты беднасці ў Беларусі на падставе звестак Белстата паводле выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак наконт узроўню жыцця за перыяд 2009-2016 года. Узровень беднасці ацэньваўся на аснове паказчыкаў спажывецкіх выдаткаў з выкарыстаннем падыходу, заснаванага на ацэнцы выдаткаў на задавальненне асноўных патрэб хатняй гаспадаркі з выкарыстаннем харчовай і абсалютных рысаў беднасці.

Згодна з выкарыстанай метадалогіяй, за апошнія два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ўдвая і дасягнула 29% насельніцтва. Падчас даследавання былі выяўленыя чыннікі рызыкі, якія негатыўна ўплываюць на ўзровень дабрабыту і падвышаюць імавернасць апынуцца за мяжой беднасці. У ліку такіх былі агульная колькасць сямейнікаў хатняй гаспадаркі і іх працоўнай статус, колькасць малалетніх дзяцей, статус самотнай маці. Названым чыннікам рызыкі патрабуецца дадатковая ўвага з пункту гледжання сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

У працы Алег Мазоль робіць некалькі высноў. Па-першае, цягам 2009-2011 гадоў галеча на нацыянальным узроўні ў Беларусі была яшчэ амаль без змен. Фінансавы крызіс 2011 году быў звязаны з невялікім павелічэннем маштабаў галечы, але не глыбіні і сур'ёзнасці праблемы. А цягам 2012-2014 гадоў

істотнае зніжэнне ўзроўню беднасці (на 18 адсоткавых пунктаў) было выкліканае ў асноўным моцным ростам даходаў хатніх гаспадарак (на 39%). Наадварот, эканамічны крызіс у 2015-2016 гадах быў звязаны з двухразовым павелічэннем беднасці ў Беларусі.

Па-другое, на думку даследчыка, іншыя вынікі барацьбы з галечай, несумненна, паказваюць на тое, што значна больш праблема беднасці існуе ў сельскіх раёнах краіны. Напрыклад, узровень беднасці для сельскіх рэгіёнаў цягам 2009-2016 гадоў быў прыкладна на 10,5 адсоткавыя пункты (ці 44%) вышэйшы, чым

у сярэднім у краіне. А ў гарадах ён быў на 4 адсоткавыя пункты (або 16%) ніжэйшы чым у сярэднім у Беларусі. Гэта сведчыць аб наяўнасці значнай эканамічнай няроўнасці ў дзяржаве.

У даследаванні звяртаецца ўвага на патрэбу неадкладна звярнуць увагу на скарачэнне няроўнасці ў гарадах і сельскіх раёнах.

Па-трэцяе, некаторыя рэгіянальныя адрозненні ў Беларусі таксама вялікія. Узровень беднасці ў Гарадзенскай вобласці ў 2016 годзе прыкладна на 3% ніжэйшы за нацыянальны. А для Берасцейскай і Магілёўскай абласцей гэты паказчык быў на 31% і 21% вышэйшы, чым у сярэднім, адпаведна.

Акрамя таго, як гаворыцца ў даследаванні, рэгіянальная палітыка дзяржавы мае патрэбу ў прыняцці дадатковых захадаў для сацыяльнай абароны насельніцтва ў сельскай мясцовасці, а таксама ў Берасцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, у якіх, паводле звестак даследавання, рызыка беднасці для хатняй гаспадаркі была найбольш высокай.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках