28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тэлефанаваў новы следчы. Сказаў, што хоча сустрэцца»

15
«Тэлефанаваў новы следчы. Сказаў, што хоча сустрэцца»
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Як ідзе расследаванне суіцыдаў у войску.

Аляксандр Коржыч трагічна загінуў у барысаўскіх Печах. Ягоная смерць выклікала інфармацыйную хвалю, больш за дзесяць вайскоўцаў трапілі за краты, змянілася кіраўніцтва часткі, а Мінабароны анансавала рэформы. Разам з тым навінаў пра расследаванне як гэтай справы, так і іншых няма ўжо больш за месяц. «Радыё Свабода» сабрала тое, што вядома на гэты момант.

Справа Коржыча: «Новай інфармацыі пакуль няма»

Апошняе афіцыйнае паведамленне Следчага камітэта ў справе Аляксандра Коржыча датаванае 25 кастрычніка. Тады старшыня СК Іван Наскевіч выступіў з паведамленнем, што інфармацыя аб наяўнасці на целе загінулага вайскоўца слядоў барацьбы «не адпавядае рэчаіснасці». «На целе загінулага Аляксандра Коржыча няма ніводнага цялеснага пашкоджання, за выключэннем баразны ад пятлі. Сляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сляды збіцця, гэта так званыя трупныя плямы», - сказаў старшыня СК Іван Наскевіч. Пасля гэтага цішыня.

АРТУР ВІРБАЛ

«Пакуль новай інфармацыі аб ходзе расследавання гібелі Аляксандра Коржыча мы не публікуем», - коратка каментуе начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.

Паводле інфармацыі журналістаў, сваякі Аляксандра Коржыча перыядычна наведваюцца ў Менск для азнаямлення з ходам расследавання. Аднак падрабязнасцяў справы ні маці Аляксандра Святлана Коржыч, ні ягоныя сябры журналістам не распавядаюць. Спасылаюцца на падпіску пра неразгалошванне.

Праз два месяцы пасля гібелі вайскоўца па-ранейшаму застаецца невядомым лёс чалавека, які знайшоў ягонае цела. Згодна з версіямі, якія агучылі СМІ, ён можа быць падазраваным у справе і знаходзіцца ў СІЗА. Ці праходзіць лячэнне ў Навінках. Таксама невядомым застаецца дакладная дата смерці Аляксандра Коржыча. Дагэтуль незразумела, ці выстаўленыя каму-небудзь з затрыманых у гэтай справе абвінавачванні ў забойстве або ў давядзенні да самагубства. Вядома, што такія версіі разглядаліся следствам, аднак афіцыйна абвінавачванні ў гэтым нікому не выстаўлялася.

Іншыя справы, расследаванне якіх аднавіў Следчы камітэт

25 кастрычніка, адказваючы на пытанні журналістаў, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў, што СК правядзе дадатковую праверку фактаў суіцыду вайскоўцаў, а таксама выпадкаў прычынення цялесных пашкоджанняў і згубы. Пры гэтым старшыня СК заявіў, што праверка закране ўсе выпадкі, зафіксаваныя за час існавання СК, гэта значыць - за апошнія шэсць гадоў.

Родныя некаторых памерлых у войску жаўнераў распавялі, што новыя следчыя з імі ўжо звязваліся. «Нам патэлефанаваў следчы, сказаў, што хоча сустрэцца, пагаварыць, - распавядае маці загінулага пад Барысавам год таму Паўла Старанкова Валянціна. - Мабыць, я паеду да яго ў Менск. Нам сказалі, што расследаваннем займаецца следчы з Цэнтральнага апарата».

Першы раз справу Паўла Старанкова, які прапаў з часткі пад Жодзінам восенню 2016 года і быў знойдзены павешаным у лесе толькі ў лютым 2017-га, расследавалі некалькі месяцаў. Тады следства не знайшло прыкмет гвалту ў смерці 18-гадовага Паўла. Ягоныя бацькі спрабавалі абскардзіць закрыццё справы ў Барысаўскай пракуратуры, аднак новае расследаванне смерці Старанкова пачалося толькі пасля гібелі Коржыча. «Спадзяемся, цяпер штосьці здолеем даведацца», - кажа маці загінулага вайскоўца. Бацькі Старанкова па-ранейшаму не вераць у версію пра самагубства сына.

Маці загінулага ў барысаўскай частцы Арцёма Басцюка, расследаванне справы якога таксама аднавілі пасля смерці Коржыча, кажа, што таксама бачылася з новым следчым. Пры гэтым Таццяна Басцюк настроеная скептычна. «Нам з мужам падалося, што ён праводзіў апытанне павярхоўна», - кажа яна. Басцюкам нічога не вядома пра магчымыя затрыманні ў справе сына. Вынікі новага расследавання справы Арцёма Басцюка стануць вядомыя ў наступным месяцы. Тады ж следства павінна вызначыць, ці прадаўжаць ім займацца.

30 лістапада стала вядома, што брат загінулага ў Печах вясной 2015 годзе Міхаіла Бяўзюка дамогся аднаўлення расследавання абставінаў ягонай смерці. Іван Бяўзюк звярнуўся ў следчыя органы ў лістападзе 2017 года, пасля гібелі Коржыча. У размове ён паведаміў, што пра вынікі першага расследавання сям'і Бяўзюкоў нічога не вядома дагэтуль. «З нагоды новага расследавання са мной пакуль ніхто не звязваўся. Толькі папера прыйшла, што справай брата зноў займаюцца, і ўсё, - кажа Іван Бяўзюк. - Буду чакаць. Павінен жа са мной хтосьці звязацца».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках