22 лютага 2019, Пятніца, 16:24
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Што вядома пра беларуса са спісу Forbes

6
АНДРЭЙ МАКСІМАЎ

Андрэй Максімаў трапіў у спіс паспяховых маладзёнаў, складзены часопісам Forbes.

Учора стала вядома, што стваральнік кампутарных гульняў Андрэй Максімаў трапіў у спіс паспяховых маладзёнаў, складзены часопісам Forbes. Tut.by больш даведаўся пра біяграфію мастака, які нарадзіўся ў Беларусі і дамогся поспеху за акіянам.

Андрэй Максімаў нарадзіўся ў Менску. Пасля школы ён паступіў на Факультэт міжнародных дачыненняў БДУ, але правучыўся там усяго год. Пасля першага курса ён кінуў вучобу дзеля працы 3D-мастаком у Wargaming.net. Гэта было ў 2008 годзе - кампанія тады была значна меншай, чым цяпер.

«Памятаю адна з маіх калегаў, калі ёй упершыню мяне прадставілі, пачала напаўжартам абурацца, што кампанія выкарыстоўвае дзіцячую працу, бо мне тады было 18», - успамінаў у інтэрв'ю для сайта Render.ru.

Максімаў працаваў над стварэннем гульні Order of War. Пасля ён некалькі разоў успамінаў, як кожны з мастакоў атрымаў прэмію 150 даляраў, бо гульня выглядала нашмат лепш, чым папярэдні праект студыі - «Аперацыя «Баграціён».

Потым Максімаў стаў «імаверна, першым штатным мастаком» у World of Tanks. Праз год працы ў Wargaming яму прапанавалі адкрыць уласны аддзел даследаванняў і распрацовак, але ён наважыў «паглядзець, што яшчэ можа прапанаваць гульнявая індустрыя».

Пасля гэтага ён два гады зарабляў фрылансам і прадаўжаў вучыцца. Максімаў так і не атрымаў дыплом ВНУ, але «працаваў амаль увесь час, што не спаў», каб адтачыць сваё майстэрства.

«Самая вялікая складанасць, хутчэй за ўсё, была ў тым, што некаторыя рэчы хутка проста не атрымліваюцца. На тое, каб навучыць сябе, сыходзяць гады, гэтак жа як і ва ўніверсітэце, - разважаў ён у інтэрв'ю. - І тут ніяк не зрэзаць і не змахляваць. Проста сціснуць зубы і працаваць, пакуль больш няма сіл, а потым працаваць далей».

У 2013 годзе маладзён пераехаў у канадскі офіс кампаніі Gameloft, каб працаваць над гульнёй Modern Combat 4: Zero Hour. Атрымання рабочай візы давялося чакаць 12 месяцаў. З ягоных слоў, за час жыцця ў Канадзе ён паспрабаваў усё багеты і сыр, з якімі мог справіцца, а пасля «настаў час рухацца далей».

Андрэй пераехаў у Сан-Францыска для працы ў кампаніі Kixeye над гульнёй Unreal Engine 4, а затым у Лос-Анжэлес у Naughty Dog. Там ён працаваў над Uncharted 4, якую назваў «найлепшай гульнёй, у якую вы калі-небудзь гулялі». Цяпер ён заняты распрацоўкай The Last of Us: Part II.

Маладзён працуе вельмі шмат - блізу 70 гадзін на тыдзень.

«Сакрэт у тым - што сакрэту няма. Працуй, пакуль не знікнуць сілы працаваць, а потым працуй далей, - казаў ён у інтэрв'ю. - Абяцаю, што калі хто заўгодна будзе асэнсавана працаваць так 3 гады запар, то здабудзе цалкам вялікі навык за гэты час. Паспрыяць жа можа любоў да сваёй справы - гэта адзінае, што дасць вам дастаткова сіл усё гэта перажыць».

Мастак мяркуе, што дамогся больш, чым мог сабе калі-небудзь уявіць: ягоныя працы бачылі дзясяткі мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.

«Калі б 10 гадоў назад вы сказалі б мне, што кар'ера ў гульнявой індустрыі можа прывесці да такога, я б вам не паверыў, - казаў ён у інтэрв'ю сайту 3dtotal. - Там, адкуль я родам, стварэнне відэагульняў для заробку было чымсьці з вобласці фантастыкі».