19 красавiка 2024, Пятніца, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзе веры няма

1
Уладзе веры няма
Віктар Малочка

Не веру, прычым ніводнай яе галіне!

«Не надо думать – с нами тот, кто все за нас решит» (У.С.Высоцкі).

Вось чытаю на розных мясцовых сайтах справаздачы аб тым, як хутка ў Салігорску пачалі будаваць другую паліклініку ў новым мікрараёне. "Хутка", бо не прайшло і некалькіх дзесяцігоддзяў, як яе павінны былі пабудаваць.

Хто толькі не падымаў гэтую праблему-праблем пабудовы другой паліклінікі ў Салігорску: і актыўныя грамадзяне Салігорску, і незалежныя прафзвязы (НПГ), і розныя грамадскія аб’яднанні, і “Еўрапейская Беларусь”, і ,канешне ж, АГП, калі я быў кіраўніком яе абласной арганізацыі.

Мной і арганізацыяй (АГП) вялася праца, каб зрушыць гэтую сітуацыю на працягу некалькіх год. Яна вялася яшчэ тады, калі паліклініку планавалася будаваць насупраць магазіна “Сонечны” (зараз “Крышталь”) па вул. Багамолава, дзе была выдзелена пляцоўка пад будаўніцтва. Паліклініку не пабудавалі, бо трэба было тэрмінова пабудаваць шматкватэрны дом для спецыялістаў, якія прыязджалі для лядовага палацу. Але ад імя партыі пісаліся розныя запыты ў мясцовых органы улады, у ПП НС (дэпутатам Абаленскаму і Данілевіч), у Міністэрства аховы здароў’я, Адміністрацыю Лукашэнка і г.д. Была нават апублікавана петыцыя, каб сабраць подпісы за тое, каб забраць частку грошай з паліклінікі ў Ждановічах і аддаць на будаўніцтва паліклінікі ў Салігорску. І тут, шаноўныя, трэба прызнаць: вы нас не падтрымалі і свае подпісы не паставілі. Чаму?

Таму, лічу, паліклініка ў Ждановічах ужо ёсць, а у нас… На запыты былі атрыманыя самыя розныя адказы, у якіх чаго толькі не было (не было толькі, што “нашыя караблі барозняць прасторы...”, а вы тут са сваёй паліклінікай”). Усе спасылаліся на адсутнасць грошай на будаўніцтва новай паліклінікі. Потым вырашылі перабудаваць будынак ЖЭС па вуліцы Маладзежнай, каб адчыніць там філіял. Ведаю, што рамонт ішоў, але што там зараз?

І вось справа, здаецца, зрушылася з месца. Грошы знайшліся, і будаўніцтва ідзе, як сказаў адзін з кіраўнікоў Стройтрэста № 3 (“Імя Кастрычніцкай рэвалюцыі”), ідзе аж у тры змены (рэвалюцыйнымі метадамі і з вялікім энтузіязмам). Будзем спадзявацца, што сам будынак паліклінікі пабудуюць і пабудуюць хутка. Будзем спадзявацца, што і абсталяванне будзе пастаўленае ў свой час. Яшчэ будзем спадзявацца, што вас, шаноўныя салігорцы, не запросяць на суботнік, каб дапамагчы будаваць, а таксама і не “папросяць”, каб вы пералічылі ”добраахвотна” грошы на будаўніцтва паліклінікі, бо яна ж будуецца для вас (так вам скажуць спадары ідэолагі на працы). Не, калі хто хоча добраахвотна паўдзельнічаць у суботніку і добраахвотна пералічыць грошы, я ні ў якім разе не адгаворваю. Зразумейце мяне правільна.

Але, калі паглядзець далей, то з’яўляюцца “смутныя сумневы”. Проста адчыніце сайт “Салігорская ЦРБ”, адчыніце “Вакансіі” і палічыце, колькі дактароў не хапае ў Салігорску на сёння. Калі палянуецеся лічыць, то я вам скажу: 69 (ШЭСЦЬДЗЕСЯТ ДЗЕВЯЦЬ). І гэта толькі дактароў! Я правільна палічыў, спадарыня Гендугава? Дык дзе дактароў, медсясцёр і г.д. возьмуць для новай паліклінікі, калі такі недахоп у той, што ёсць? Хто-небудзь думаў? Іх жа, напэўна, спатрэбіцца нават не некалькі дзясяткаў. Скажаце, што загадаюць выпускнікам і яны прыедуць. Добра, загрузілі іх у аўтобусы і прывезлі у Салігорск. А дзе яны будуць жыць? Хто ім пабудуе кватэры? Аб гэтым ужо думаюць? Ці можа ўжо кватэры для іх будуюцца? Дык пакажыце гэта у рэпартажах.

Навошта я гэта пішу? Каб вы, шаноўныя, прачыталі і падумалі, што не ўсё так проста тое, аб чым кажа ўлада, а таксама і не усё так весела, як зараз увечары, калі ўсё ў агеньчыках, а да Новага году яшчэ месяц (каму патрэбна гэтае “свята”, якое пачалося за паўтара месяцы да Новага году?). А таксама, каб вы і не вельмі спадзяваліся, што ўлада сказала – улада зрабіла.

Калі некага цікавіць, што я сам думаю аб цяперашняй “уладзе”, то я ёй проста не веру, прычым ніводнай яе галіне!

P.S. Колькі дзён таму чытаў на “Хартыі-97” маленькі рэпартаж аб недахопе дактароў у ЦРБ у Маларыцкім раёне. Працытую па памяці, што сказаў галоўны доктар: “Не хапае шмат дактароў, асабліва вузкай спецыялізацыі. У гэтым годзе падавалі заяўку на 13 маладых спецыялістаў, прыехалі 8, дзве з іх ужо пайшлі ў дэкрэт”…

Віктар Малочка, ucpb.org

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках