19 красавiка 2024, Пятніца, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

І вось тут народ загаманіў

35
І вось тут народ загаманіў

Як барысавец наведаў адну з медыцынскіх дзяржустаноў Беларусі.

Прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў напісаў у «Фэйсбуку» пра тое, як наведаў з сваяком Менскую абласную дзіцячую лякарню:

- Бараўляны. Да акуліста. Два месяцы чакалі. На запіс, загадзя. Прыехалі. Процьма людзей. Чэргі. Вакол чэргі. Як у ранейшыя часы ў маўзалей. Чаканне. Панурыя твары. Перыядычна разборкі і лаянка, з высвятленнем, хто раней прыехаў і хто за кім стаяў. Траплянне без чаргі. Тыпу, іх нехта праводзіць. Дзеці. Шмат дзяцей. Бацькі і дзеці. Перажываюць.

У чэргах размовы паміж наведвальнікамі. Пакуль ёсць час, знаёмяцца і дзеляцца праблемамі. Хто прыехаў сюды за 200 кіламетраў, хто за 100. Усе спадзяюцца і вераць у лепшае. Дастаткова суправаджаючых. Асабліва з састарэлымі. Хто з працы адправіўся, хто адгул узяў. Сёй-той абмяркоўвае адкрыццё лякарні для «абраных» і параўноўвае з тым, што ў іх цяпер перад вачыма.

Плююцца. Незадаволенасць сітуацыяй у краіне агулам. Народ выказваецца больш адкрыта і смела. Стаміліся ад хлусні і малюнкаў у ТБ і СМІ. Наважыў крыху разрадзіць абстаноўку. Калі чарговы наведвальнік займаў чаргу, я наважыўся гучна, каб усе пачулі, спытаць.

- Скажыце, а ці ёсць у чарзе хоць адзін «дэпутат» «парламента»?

Народ ажывіўся і зірнуў на мяне са здзіўленнем. Сёй-той заўсміхаўся.

- А можа ў чарзе ёсць хоць адзін з «дэпутатаў» абласнога «савета»? Ці ўвогуле, ёсць хоць нейкі «дэпутат»?

І вось тут народ загаманіў. Самі загаманілі і закрычалі. Няма тут ні «дэпутатаў», ні дырэктараў прадпрыемстваў. Маўляў, яны сюды не хадакі.

Задумаўся. А і праўда, куды яны хадакі? Нібыта адзін народ. У адной краіне жывем. А вось падзяліліся на саслоўі і рангі. Хто ля разбітага карыта, а хто ля кармушкі.

Чарга завялася і прадаўжала шукаць сярод сябе «дэпутата». А я? Сышоў на свежае паветра. Няхай гавораць. Выпісалі сваяку прыход на красавік. Чакаем. Можа, у красавіку ў чарзе будзе хоць адзін «дэпутат» «парламента».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках