24 красавiка 2024, Серада, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: Ва Украіне не стае праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі

13
Аляксандр Хара: Ва Украіне не стае праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі
АЛЯКСАНДР ХАРА
ФОТА: FACEBOOK

Кіеў павінен развеяць усе ілюзіі наконт Лукашэнкі.

Шпіёнскі скандал, абвінавачванні ўкраінскага прэзідэнта ў невыкананні дамоўленасцяў... Што ўпусцілі ўкраінскія палітыкі, уключаючы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, калі казалі, што Беларусь з'яўляецца надзейным сябрам і хаўруснікам Украіны?

Ці можа Украіна зазнаць напад з боку Беларусі, і ці могуць украінскія грамадзяне адчуваць сябе бяспечна на тэрыторыі суседняй дзяржавы пасля арыштаў ужо некалькіх украінскіх грамадзян і выкраданні ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба? Пра гэта гаварылася ў гутарцы супрацоўніцы ўкраінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» Марыі Шчур з былым дыпламатам, экспэртам недзяржаўнай арганізацыі «Майдан замежных спраў» Аляксандрам Харам:

- Вядома, цяперашні стан беларуска-ўкраінскіх стасункаў наўрад ці можна назваць дружалюбным, стратэгічным, як гэта зафіксавана ў нашых дакументах. Хачу нагадаць, што Беларусь была сярод тых краін (Расея плюс дзесяць краін), якія галасавалі супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў час галасавання на Генеральнай асамблеі ААН у 2014 годзе. Беларусь прагаласавала «супраць», калі разглядалася справаздача аб парушэнні правоў чалавека ў акупаваным Крыме літаральна два тыдні таму. Гэта паказвае, што каштоўнасна мы абсалютна на розных канцавоссях.

Беларусь з'яўляецца вайскова-палітычным хаўруснікам Расеі. І калі мы нават паглядзім у дамову аб стварэнні гэтай дзяржавы (так званай «саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі» - рэд.), то ключавымі задачамі з'яўляюцца ўзгодненая замежная і абаронная палітыка. І ўласна, гэта азначае, што ў канфлікце паміж Расеяй і Украінай Беларусь з пункту гледжання права, з пункту гледжання ідэалогіі сутнасці рэжымаў (недэмакратычных як у Беларусі, так і ў Расеі), з'яўляецца хаўруснікам Масквы.

З іншага боку, вядома, Лукашэнка спрабуе балансаваць паміж Расеяй і іншымі краінамі, і Украіна тут важны фактар. І таму з'яўляюцца ўсе гэтыя запэўніванні, быццам Беларусь не будзе выкарыстаная як плацдарм для ажыццяўлення агрэсіі. Вядома, у Беларусі няма такой мэты, як захоп Украіны або нанясенне ўдараў. Але адназначна Беларусь з'яўляецца такой пляцоўкай, у якой працуюць расейскія спецслужбы, выведка. І цяпер, зыходзячы з апошніх некалькіх выпадкаў мы бачым, што спецслужбы Беларусі (яны дагэтуль называюцца КДБ), працуюць на заказ і ў каардынацыі з ФСБ супраць украінскіх грамадзян, украінскіх інтарэсаў.

- Гэты шпіёнскі скандал, які разгортваецца проста цяпер на нашых вачах, для многіх ва Украіне стаў нечаканасцю на фоне тых вельмі прыязных і добрых стасункаў з Беларуссю.

Я нагадаю, што адбыліся тры сустрэчы на вышэйшым узроўні, апошняя з іх адбылася ўжо пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі адбылося выкраданне ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, якога перадалі расейскім спецслужбам. Яшчэ адна сустрэча адбываецца ў той час, калі абвінавачваюць у шпіянажы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Чаму для Украіны гэта выявілася такой нечаканасцю?

- Нягледзячы на тое, што Беларусь з'яўляецца нашым суседам, з пункту гледжання і гісторыі, і культуры, але інфармацыйная прастора не так насычаная праўдзівай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў Беларусі і што такое сучасны рэжым Лукашэнкі.

На жаль, нават тыя абяцанні, што ўкраінская тэлевізія будзе вяшчаць на тэрыторыі Беларусі, не былі выкананыя беларускім бокам. Але ў нашай інфармацыйнай прасторы ў асноўным прысутнічаюць дзяржаўныя, то бок, фактычна кантраляваныя Лукашэнкам, сродкі масавай інфармацыі (з Беларусі - рэд.). І гэта вялікая праблема, што мы кепска ведаем, што адбываецца па перыметры - не толькі з Беларуссю. Гэта першы момант.

Другі момант: мне здаецца, ілюзорнае стаўленне нашага вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі, вера ў гэтыя запэўніванні Лукашэнкі ў сяброўскіх дачыненнях, у тое, што ён спрабуе быць пасярэднікам паміж Украінай і Расеяй у канфлікце, і гэтак далей - гэта ўспрымаецца за чыстую манету. Гэтыя знакі ўвагі, якія спадар Парашэнка надае Лукашэнку, калі ён прымае яго ў Кіеве і кажа пра сяброўскія, асабістыя дачыненні - усё гэта ўводзіць у зман украінскае грамадства аб сутнасці рэжыму і пагроз, якія гэты рэжым нясе, па-першае, для ўласных грамадзян Беларусі, і па-другое, для Украіны.

- Наколькі Беларусь уяўляе небяспеку цяпер для Украіны, па-першае, у ваенным плане - мы бачылі гэтыя супольныя вучэнні «Захад-2017», і ў плане асабістай бяспекі? Бо, як мы бачылі, ёсць падставы для таго, каб на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія грамадзяне, прынамсі, некаторыя з іх, якія не маглі адчуваць сябе ў бяспецы.

- Украінскаму грамадзяніну, які нават не працаваў у органах дзяржаўнай улады або СМІ, пагражае небяспека страціць свабоду і нават жыццё, бо яго могуць выкарыстоўваць расейскія ці беларускія спецслужбы для правакацый супраць Украіны.

Але з іншага боку, я зусім не ўпэўнены, што спадар Лукашэнка можа кантраляваць свой сектар бяспекі, бо ў нас ёсць сумны досвед Украіны. Давайце ўспомнім часы Януковіча, калі нашы спецслужбы і ўзброеныя сілы ўзначальвалі кадравыя афіцэры расейскіх спецслужбаў, якія працавалі фактычна на інтарэсы Расеі, руйнуючы нашы спецслужбы і ўзброеныя сілы.

Цягам доўгага часу Лукашэнка знішчаў усё дэмакратычнае і нацыянальнае, і гэтыя прабелы былі запоўненыя ідэалогіяй «расейскага свету». Нават Лукашэнка ў пэўны момант не зможа процідзейнічаць магчымай агрэсіі Расеі з тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, не сам рэжым як такі з пункту гледжання ваенных пагроз небяспечны для нас, а тое, што ён фактычна не кантралюецца нават Лукашэнкам.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках