19 красавiка 2024, Пятніца, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі рубель на мяжы

17
Расейскі рубель на мяжы
ФОТА: REUTERS

Банкіры РФ раяць рыхтавацца да новых санкцыяў ЗША.

Пакуль урад Расеі і ЦБ выпраменьваюць «аптымізм», расейскія інвестбанкіры рыхтуюцца да найгоршага.

Новы пакет санкцый ЗША з забаронай на інвестыцыі ў расейскую дзяржпазыку будзе ўведзены. Такое меркаванне падчас галасавання выказалі большасць прадстаўнікоў банкаў і інвесткампаній, якія бралі ўдзел у XV Расейскім Аблігацыйным кангрэсе Cbonds у Маскве, піша finanz.ru.

Нягледзячы на тое, што закон аб санкцыях, прыняты ў Штатах летам, патрабуе толькі прапрацаваць магчымасць абмежаванняў на крэдытаванне расейскага ўрада, з вялікай імавернасцю гэты крок будзе зроблены адміністрацыяй Дональда Трампа, якому ўжо амаль год даводзіцца адбівацца ад абвінавачванняў у сувязях з Крамлём, мяркуюць банкіры.

Хоць самі санкцыі - ужо практычна вызначаная справа, д'ябал - у дэталях. Важна, ці будзе забарона распаўсюджвацца на ўсе выпускі аблігацый федэральнай пазыкі, ці толькі на новыя, сказаў падчас кангрэса старэйшы віцэ-прэзідэнт Райффайзэнбанка Дзяніс Парывай.

Калі санкцыі забароняць толькі новыя інвестыцыі, гэта толькі спыніць прыток капіталу, які падтрымліваў рубель: агулам з 2016 года на валютны рынак прыйшло 18 млрд даляраў ад замежных інвестараў, якія набывалі расейскую валюту і ўкладвалі яе ў АФЗ.

«Мы страцім замежную пазыку. Калі палічыць, то бюджэт не атрымае блізу 15 млрд даляраў - той прыток капіталу, якога не будзе», - цытуе Парывая ТАСС.

Калі ж забарона будзе татальнай, гэта будзе «сур'ёзны шок», сказаў кіраўнік дырэктар Sberbank CIB Аляксандр Кудрын. Ён дадаў, што «не верыць, што Расея зможа хутка гэтую сітуацыю пераадолець».

На ацэнку «Альфа-банка», у гэтым выпадку адток капіталу будзе ўдвая большым - 35 млрд даляраў. Такую суму за рублі давядзецца набыць нерэзідэнтам, каб цалкам сысці з рынку і згарнуць усё фундаванне ў АФЗ (2,2 трлн рублёў).

Калі попыт на валюту будзе выстаўлены за адзін раз, пазбегнуць хуткай дэвальвацыі рубля будзе немагчыма, папярэджвае дырэктар «Цэнтра Развіцця» ВШЭ Наталля Акіндзінава.

Нават калі з рынка сыдзе 10% інвестыцый (220 млрд рублёў), рубель страціць 10% да даляра, курс якога перавысіць 68 рублёў, мяркуе аналітык ФК «Уралсіба» Вольга Сцерына. У крайнім выпадку ЦБ РФ давядзецца зноў павышаць ключавую стаўку. У цвёрдым варыянце «санкцыі будуць мець эфект выбуху бомбы», сказаў Парывай: «Гэта будзе азначаць, што амерыканскія банкі не змогуць мець стасункаў з расейскімі банкамі». Зрэшты, дадаў, гэта жорсткі сцэнар, і яго імавернасць значна меншая.

Адказ урада РФ на санкцыі будзе традыцыйным: давядзецца марнаваць апошнія рэзервы ў выглядзе Фонду нацыянальнага дабрабыту, заявіў Кудрын з Sberbank CIB. Калі ўлічыць ўжо праінвеставаныя грошы, на снежань 2017-га ў ФНБ заставалася 2,3 трлн рублёў.

Рэзервовы фонд, у якім было 5,5 трлн рублёў у лютым 2015 года, будзе цалкам вычарпаны ўжо сёлета.

Абвалу рынку дзяржпазыкі ўлады не дапусцяць: АФЗ у нерэзідэнтаў выкупяць расейскія банкі або ЦБ. «Асноўны ж удар, хутчэй за ўсё, будзе нанесены рублю, бо прадаўшы аблігацыі, нерэзідэнты будуць канвертаваць атрыманы прыбытак у валюту з далейшым яе вывадам за мяжу», - папярэджвае Багдан Зварыч, старэйшы аналітык «Фрыдам Фінанс».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках