23 красавiка 2024, aўторак, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Brutto пра канцэрт у Берасці: Выдатны прыём, дзякуй!

6
Brutto пра канцэрт у Берасці: Выдатны прыём, дзякуй!
Фото: kp.by

Легендарны гурт адыграў трыумфальны канцэрт у Лядовым палацы Берасця.

Поўны Лядовы палац сабраў канцэрт гурту Brutto, які прайшоў 11 лютага ў Берасці, паведамляе tut.by.

У Берасце Сяргей Міхалок з кампаніяй прыехалі з Баранавічаў, дзе музыкі выступілі напярэдадні. Берасцейскі этап тура ў гарадах Беларусі чакана прайшоў з аншлагам. Танцпляц і цэнтральныя сектары былі запоўненыя людзьмі.

Берасце сустрэў Brutto з распасцёртымі абдымкамі. Танцпляц разварушыўся з першых акордаў без якога-небудзь разагрэву. Натоўп з захапленнем сустракаў кожную кампазіцыю і разам з брутальнымі хлопцамі выконваў іх суровыя хіты. Калі на пачатку канцэрту на танцпляцы гаспадарыла пераважна моладзь, то бліжэй да сярэдзіны, калі музыкі ўзяліся за хіты «Ляпісаў», да іх далучылася і публіка старэйшага ўзросту.

- Мы так доўга чакалі канцэртаў Сяргея Міхалка ў Беларусі - і проста не маглі прапусціць такую падзею, як канцэрт у Берасці! – распавялі kp.by берасцейцы Уладзімір і Мікалай. - А наогул у нас ёсць мара - музычны фестываль з удзелам Brutto да 1000-годдзя Берасця. Вось гэта было б свята з размахам!

На канцэрт у Лядовым палацы ў Берасці 11 лютага прыйшло больш за тысячу гледачоў. У фірменных майках гурту Brutto на танцпляцы скакалі і зусім юныя прыхільнікі і прыхільніцы, дзясяткі брутальных хлопцаў, і публіка старэйшага ўзросту. Усе яны аднолькава энэргічна паўтаралі за Сяргеем Міхалком: «- Хто мы? - Брута! - Што мы хочам? - Каб было крута!».

- Глядзі, глядзі, як класна Гуркоў танчыць! - крычалі адна адной на вуха сяброўкі, спрабуючы лепей разгледзець Віталя Гуркова, якому ўдаецца сумяшчаць спартыўную кар'еру і канцэрты.

І калі на пачатку канцэрту гледачы, якія купілі білеты на трыбуны, інтэлігентна сядзелі на сваіх месцах, то песню «Воины света» прыхільнікі слухалі і спявалі стоячы. Ну а потым зусім разняволіліся: хтосьці спусціўся на танцпляц, а хтосьці кінуўся ў скокі прама на сектарах.

Паміж песнямі Міхалок камунікаваў з публікай у асноўным мовай жэстаў і сваімі вершамі. Не сыпаў са сцэны банальнымі «Як настрой?» або «Я не чую вас!» Затое па Лядоваму рэхам пракацілася шчырае: «Дзякуй, Берасце!». Публіка адказала прывітальным свістам і доўгімі апладысментамі. Артысты выйшлі на біс - бонусам за цёплы прыём стала песня «Просперо».

Праўда, пасля канцэрту многія прызналіся: Лядовы палац - агідная канцэртная пляцоўка. Як бы артысты не наладжвалі апаратуру, акустыка залі усё роўна не пакідае шанцаў на добры гук.

- Ну так, гучанне так сабе... але якая атмасфера, энэргія! Я толькі дзеля гэтага прыйшла б на канцэрт яшчэ раз! - адказвае на незадаволенасць глядачка Таццяна.

- Афігенны прыём, дзякуй, чэрці! - так падзякаваў сваім фанатам гурт Brutto ў сацыяльных сетках.

Фото: tut.by

Brutto прывезлі праграму Double Hot, куды ўвайшлі найлепшыя трэкі гурту з альбома «Родны край» і Underdog, а таксама залатыя хіты «Ляпісаў» за апошнія 10 гадоў.

Раней свой рэпертуар музыкі прэзентавалі прыхільнікам ва Украіне, Амерыцы, Еўропе і Гомелі. Ужо на радзіме да Brutto далучылася знакамітая духавая секцыя «Ляпісаў», і, безумоўна, гучанне гурту стала яшчэ больш гучным, сакавітым і цікавым.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках