18 красавiка 2024, Чацвер, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ вынеслі прысуд за кантрабанду з Польшчы праз Беларусь аптовых партый наркотыкаў

12
У РФ вынеслі прысуд за кантрабанду з Польшчы праз Беларусь аптовых партый наркотыкаў
ФОТА З САЙТА GRODNO24.COM

Якім чынам фуры з тонамі маку праходзілі мытны кантроль на беларускай мяжы, застаецца толькі здагадвацца.

Гэтая гісторыя пачалася ў жніўні 2013 г., калі расейскія наркабарцы паведамілі пра ліквідацыю злачыннай супольнасці, «якая носіць міжрэгіянальны і транснацыянальны характар», піша «Белгазета».

Групоўка, якую, паводле звестак аператыўнікаў, узначальваў грамадзянін адной з закаўказскіх рэспублік, які пастаянна пражывае ў Польшчы, спецыялізавалася на пастаўках забруджанага маку аптовымі партыямі ад 10 тон. Тавар ішоў фурамі праз Беларусь. Яго прымалі ў Маскве саўдзельнікі верхаводы, яны адказвалі за складаванне і збыт давераным асобам аптовых партый ад 0,5 да 2 т зелля. Яны ж адпраўлялі за мяжу грошы, атрыманыя пасля рэалізацыі наркотыкаў. Пасля гэтага ўдзельнікі наркагрупоўкі, як правіла, часова выязджалі з Расеі за мяжу.

Паводле аператыўнай інфармацыі, паліцыянтам стала вядома, што ў жніўні 2013 г. з Польшчы паступае чарговая партыя наркотыкаў. Груз паспяхова прайшоў усе працэдуры ў адным з пунктаў пропуску Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, перасёк без праблем Беларусь і праз Смаленскую вобласць прыбыў у Падмаскоўе. Там жа і была праведзена аперацыя затрымання. Грузам прыкрыцця кантрабанды выступіла пекінская капуста. Ну а маку ўсяго было канфіскавана 9943 т. Экспэрты вызначылі, што ў гэтай масе макавай саломы знаходзілася 543,477 кг.

Крымінальную справу пачалі разглядаць у лютым 2015 г. у судзе Маскоўскай вобласці. Перад судом паўсталі грамадзяне Расеі Канстанцін Бялоў, Мехці Мяхціеў і грамадзянін Польшчы, кіроўца Павал Цівіньскі. Яны абвінавачваліся ва ўдзеле ў злачыннай супольнасці, кантрабандзе і збыце раслін, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі. Паводле інкрымінаваных артыкулаў КК РФ ім пагражала максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 15 да 20 гадоў і аж да пажыццёвага зняволення. Аднак гэта крымінальная справа была не простай. Яе вярнулі пракурору для ліквідацыі парушэнняў закона. У выніку адказ перад судом трымалі двое. Справа ў дачыненні да трэцяга фігуранта, якога следства лічыла кіраўніком структурнага падраздзялення, якое ўваходзіць у склад злачыннай супольнасці, разглядалася асобна. У расейскіх СМІ паведамлялася, што яго ў выніку прызналі ў стане поўнай адсутнасці памяці.

Справа ў дачыненні да паляка Цівіньскага і расейца Бялова разглядалася з удзелам прысяжных засядацеляў. Вердыктам калегіі прысяжных абодва былі прызнаныя вінаватымі, але не ў тым аб'ёме, як прапаноўвала абвінавачванне. З паляка знялі абвінавачванне ва ўчыненні злачынства ў складзе злачыннай арганізацыі, з правам на рэабілітацыю ў гэтай частцы. У той жа час за кантрабанду наркатычнага сродку ў асабліва буйным памеры і падрыхтоўку яго збыту паляк атрымаў 16 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.

Бялоў сваю віну прызнаў цалкам, да вынясення прысуду ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Суд улічыў прызнанне ім віны, актыўнае спрыянне выкрыццю віны і крымінальнага пераследу іншых саўдзельнікаў злачынства і тую акалічнасць, што злачынствы ўчыненыя ім упершыню, а таксама тое, што на следстве ім было заяўлена хадайніцтва аб заключэнні дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. У выніку Бяляеў, прызнаны судом сябрам злачыннай арганізацыі, адкараскаўся 7 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Прысуд Маскоўскага абласнога суда ён не абскардзіў. А 35-гадовы Павел Цівіньскі такую спробу распачаў. Ён звярнуўся з апеляцыйнай скаргай у Вярхоўны суд РФ. Паляк паведамляў, што прысяжныя засядацелі былі ўведзеныя ў зман тым, што гэта нібыта ён перасёк дзяржаўную мяжу на аўтамабілі з кантрабандным таварам, на самай справе ён перасёк мяжу на іншым аўтамабілі, што ён з'яўляецца грамадзянінам іншай краіны і не можа ведаць усе расейскія законы. Вышэйшая судовая інстанцыя не знайшла падстаў для апраўдання альбо змякчэння пакарання.

Расейскія аператыўнікі меркавалі, што адзін з саўдзельнікаў макавай групоўкі з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Пра ягоны лёс нічога невядома. Якім чынам фуры з тонамі наркасыравіны бесперашкодна праходзілі мытны кантроль на мяжы, можна толькі здагадвацца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках