28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пагоня»

8
«Пагоня»
АЛЕСЬ МАРАЧКІН
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

«Пагоня» Максіма Багдановіча – гэта беларуска-ліцьвінскае «Евангельле».

Алесь Марачкін, які зараз знаходзіцца ў шпіталі, падзяліўся з чытачамі Charter97.org развагамі наконт верша «Пагоня» Максіма Багдановіча.

Справа ў тым, што першай кнігай, якую прынеслі выбітнаму мастаку, была кніга паэзіі Багдановіча. Алесь Марачкін распавёў, што пасля наркозу сніў, як чытае верш «Пагоня» сваім сябрам у сувязі з дыскусіяй, як нам звацца ліцьвінамі, ці беларусамі?

«Не па сваёй волі... маючы вольную хвіліну, роздум мой, слоўца маё пра геніяльны верш М. Багдановіча «Пагоня». Зараз гэта актуальна, бо распачалася палеміка – хто мы, спадкаемцы вялікіх ліцьвінаў (літоўцаў) ці беларусы? Пры разглядзе гэтага пытаньня адразу, забягаючы наперад, выкажу – адно другому не супярэчыць. Падрабязна выклаў свой пункт гледжаньня на гэтую тэму Зянон Пазьняк.

Аднак вернемся да верша «Пагоня» М. Багдановіча. На мой погляд, у гэтым творы закладзена ўся гістарычная квінтэсэнцыя выжываньня нацыі. Калі хочаце – нацыянальная ідэя. Словы хоць і зацёганыя, але для нас маюць вялікі сэнс, абапіраючыся на тэкст Паэта. Адразу хачу сказаць, што я далёкі ад школьнага тлумачэньня вядомых радкоў. «Пагоня» Багдановіча – гэта беларуска-ліцьвінскае «Евангельле».

Ужо з першых радкоў паэт перадае настрой трывогі.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах…

Не забывайма – гэта быў час напярэдадні вялікіх пераменаў, а перадусім час I-ай сусьветнай імперыялістычнай вайны. Імперыі развальваліся, паняволеныя народы шукалі свае шляхі да свабоды. Старадаўняя Літоўская Пагоня тады здавалася сімвалам Адраджэньня нацыі.

У бязьмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі – гады.

Вы за кім у пагоню сьпяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

У наступным чацьвёртым слупку паэт дае адказ. Жорсткі, бескампрамісны. Адзін толькі раз прапісана слова «Беларусь». Ды дзеля гэтага пісаўся названы твор.

Мо яны, Беларусь, панясьліся

За тваімі дзяцьмі уздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

А сёньня ці не так? Ці не сёньняшні начальнік краіны навязаў савецкія сімвалы, скасаваўшы нашыя гістарычныя «Пагоню» і «Бел-чырвона-белы сьцяг»? Ці не ён выказаў свае негатыўныя адносіны да нашае роднае мовы?

Дзеці Беларусі. Але ж гэта нашыя дзеці...

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Гэткую ролю бярэ на сябе Старадаўняя Літоўская Пагоня.

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць…

А шмат каму не баліць... Не да таго, не да гэтага. Абыякавасьць паядае нас знутры. Так, як кажуць у народзе, «пусьці павалюся». Жывем, як мокрае гарыць...

Шосты слупок – радкі самаахвярнасьці. Евангельскае «Прымі свайго сына».

Маці родная, Маці-Краіна!

Не усьцішыцца гэтакі боль...

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Гэта своеасаблівы катарсіс... Ачышчэнне. Апошні слупок Бясконцай Надзеі... Вярнуць дзяцей сваіх на Радзіму не чужынцамі. Несупынна нясуцца збройныя коні. Справу сваю воі не перакладаюць на чужыя плечы. Завяршаюць пачатае. А пасьля... Пройдзе час... І мы, не раскінутыя, як трэскі на полі, – «Выйдзем шчыльнымі радамі».

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках