25 красавiка 2024, Чацвер, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«10 прычын, чаму БелАЭС гэта вялікая праблема»

8
«10 прычын, чаму БелАЭС гэта вялікая праблема»
Фота: БелТА

МЗС Літвы выпусціла брашуру з галоўнымі небяспекамі, якія нясе Астравецкая АЭС.

Увядзенне ў эксплуатацыю першага энэргаблока Беларускай АЭС адкладзена да 2019 года, мантаж корпуса першага рэактара павінен быў пачацца ў канцы 2016 года.

«Яшчэ не пачала працаваць, а ўжо развальваецца. Што ж будзе, калі ўключаць?» - кажуць жыхары Астраўца пра сваю АЭС, піша «Радыё Свабода».

Літва пратэстуе супраць БелАЭС на вышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію з БелАЭС, прызначыла адмысловага «пасла па БелАЭС». Літву ў гэтым падтрымлівае прэзідэнт Эстоніі, але большасць краін, як кажа прэм'ер Літвы, «ацэньваюць БелАЭС толькі праз эканамічную прызму». Менск хоча змякчыць пазіцыю Літвы з нагоды БелАЭС - Літва рэагуе холадна.

1. На снежань 2016 году было пацверджана 10 інцыдэнтаў і 4 смерці (паводле беларускіх звестак, 4-ая смерць не пацвердзілася, будаўнік траўмаваны, але жывы. — РС). Інфармацыя пра здарэнні прыходзіць са спазненнем на некалькі тыдняў з неафіцыйных крыніцаў, беларускія ўлады спрабуюць адмаўляць яе.

2. 16 еўрапейскіх сталіцаў — у патэнцыйна небяспечнай зоне (у прыватнасці Вільня — у 50-кіламетровым радыусе. — РС).

3. Пляцоўка абраная без належнай ацэнкі (насамрэч, ёсць звесткі, што ацэнка была, пляцоўка была прызнаная небяспечнай яшчэ ў 1993 годзе. — РС), не выкананыя ацэнкі ўздзеяння на асяроддзе, крытэры выбару пляцоўкі сакрэтныя, альтэрнатыўныя пляцоўкі не ацэньваліся.

4. Ненадзейная ацэнка сейсмічнай пагрозы: у раёне пляцоўкі здараліся землятрусы ў 5-7 балаў па шкале Рыхтэра (рэкордны для Беларусі землятрус у 1908 годзе меў эпіцэнтр каля станцыі Гудагай. — РС). Паводле МЗС Літвы, беларускія экспэрты адзначаюць, што сейсмалагічныя даследаванні базаваліся на памылковых звестках.

5. Беларусь адмаўляецца выконваць 4 з 6 крокаў у аналізе пляцоўкі і праекту АЭС, патрабаваных SEED-місіяй. SEED-місія мела праходзіць да выбару пляцоўкі, а БелАЭС будуецца ўжо 7 год без яе (місія прыехала на БелАЭС 16 студзеня 2017 году. — РС).

6. Стрэс-тэсты мусілі быць праведзеныя 5 год таму, не праведзеныя дагэтуль (былі анансаваныя на 1-10 верасня 2016 году, пазней паведамляліся іншыя даты, пра паспяховае правядзенне тэстаў не паведамлялася. — РС). А Беларусь абяцала Еўракамісіі правесці стрэс-тэсты яшчэ ў 2011 годзе.

7. Да 95% пітной вады для траціны жыхароў Літвы будзе забруджана ў выпадку аварыі. Басейн ракі Віліі, якая ёсць крыніцай ахалоджання БелАЭС, пакрывае 72% Літвы.

8. БелАЭС вытрымае падзенне лёгкага самалёту, да 5 тон. Але цяжкі самалёт, як 200-тонны камерцыйны авіялайнер, прывядзе да катастрофы ўзроўню Чарнобыля і Фукусімы. Іншыя такія праекты АЭС у Еўропе абароненыя.

9. Нацыянальны орган у радыяцыйнай бяспецы слабы палітычна і прафесійна: палітычныя рашэнні тэхнічных праблемаў, сумнеўнае ліцэнзіяванне, адсутнасць кантролю над праектам АЭС. Напрыклад, трагедыя на Фукусіме адбылася праз страту энэргазабеспячэння сістэмы ахалоджвання. Беларусь яшчэ не вырашыла, як абароніць БелАЭС ад такога, а беларускі рэгулятар не бачыць у гэтым праблемы.

10. Беларускія ўлады не хочуць кааперацыі. 330-тонны корпус рэактару ўпаў з вышыні 4 мэтраў (насамрэч, дакладная вышыня не называлася, корпус «упаў краем на зямлю» «з вышыні росту Лукашэнкі ці крыху вышэй». — РС). Беларусь не раскрывала інфармацыю пра здарэнне, калі інфармацыя прасачылася — спачатку адмаўляла яе, называла здарэнне «няштатнай сітуацыяй». Літва называе гэта «тыповым стаўленнем Беларусі».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках