24 красавiка 2024, Серада, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

180 гадоў таму нарадзіўся беларускі паўстанец і падарожнік Канстанцін Ельскі

4
180 гадоў таму нарадзіўся беларускі паўстанец і падарожнік Канстанцін Ельскі
КАНСТАНЦІН ЕЛЬСКІ

Чалавек, які праславіў нашу навуку і баявы дух, паходзіў з менскай шляхты і быў сваяком Манюшкі.

Канстанцін Ельскі нарадзіўся ў вёсцы Ляды (цяпер у Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці Беларусі). Ён быў са збяднелага шляхецкага роду Ельскіх. Яго маці, Клатыльда, была сястрой Станіслава Манюшкі.

У 1853 годзе скончыў Менскую гімназію. У 1853-1856 гадах вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага універсітэта, затым перавёўся на матэматыка-натуральны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1860 годзе. Два гады наведваў педагагічныя курсы. У 1862 годзе атрымаў ступень магістра.

Канстанцін Ельскі прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні свайго цёзкі Кастуся Каліноўскага.

Пасля падаўлення паўстання ў 1863 годзе нелегальна перайшоў у Румынію; затым апынуўся ў Канстанцінопалі. У Турцыі ён некаторы час займаўся геалагічнай практыкай, але ў 1865 годзе прыехаў у Парыж, дзе стаў працаваць у Прыродазнаўчым інстытуце. Неўзабаве ён атрымаў прапанову паехаць у калонію Французская Гвіяна у Паўднёвай Амерыцы, каб рыхтаваць і высылаць у Парыж для музеяў калекцыі насякомых, чучалы і шкуры звяроў і птушак.

У Гвіяне Ельскі збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпараваныя чучалы адпраўляліся ў Музеі Еўропы. Адных толькі павукоў Ельскі паслаў блізу 300 экземпляраў. Ім быў адкрытыя і ўпершыню апісаныя некалькі новых відаў раслін і жывёл.

Прабыўшы ў Гвіяне звыш чатырох гадоў, Ельскі ў 1869 годзе перабраўся ў Перу, дзе працаваў каля дзесяці гадоў. Ён вывучаў фаўну наваколля Лімы, перасёк Кардыльеры і прайшоў у даліну Чанчамаё і ў раён возера Хунін. Разам з Янам Штольцманам Ельскі даследаваў (1875-1878) паўночныя раёны Перу на мяжы з Эквадорам, а затым даліну ў вярхоўях ракі Мараньён. У гэты перыяд Ельскі ўдзельнічаў у стварэнні і арганізацыі працы прыродазнаўчага музея ў Ліме.

З 1878 годзе Ельскі жыў у Варшаве; пасля жаніцьбы з Аленай Корсак, пераехаў у Кракаў, дзе з 1880 года працаваў захавальнікам прыродазнаўчых калекцый Кракаўскай акадэміі навук і прафесарам заалогіі на Вышэйшых жаночых курсах прыродазнаўства ў Прамысловым музеі імя Баранецкага.

У 1886 годзе К. М. Ельскі ўдзельнічаў у геалагічнай экспедыцыі на паўвостраве Брэтань, а ў кастрычніку 1890 года — у Далмацыі.

У сваіх навуковых поглядах быў прыхільнікам эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна. Даследаванні Ельскага прывялі да адкрыцця невядомых відаў жывёл, у тым ліку сысуна Dinonys. У гонар вучонага адзін від лаўра атрымаў назву Ocotea Jelscii. Ён аўтар працы «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з'яў» (1891). Частка ўспамінаў «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» выйшла пасля яго смерці — у 1898 годзе, у Кракаве.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках