29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларусы – еўрапейская нацыя

10
Чаму беларусы – еўрапейская нацыя
Рацарскі фэст у Мсціслаўлі
Фота: belsat.eu

Вядомы гісторык расклаў гэтае пытанне па палічках.

«Мы ўвесь час хістаемся: адной нагой у Расеі, другой у Еўропе. І ўзнікае пытанне – ці доўга мы яшчэ будзем так стаяць у раскараку?». Доктар гістарычных навук, аўтар і вядоўца цыклу праграмаў на «Белсаце» «Загадкі беларускай гісторыі» Алесь Краўцэвіч мяркуе, што для беларусаў надышоў час рабіць выбар.

Курс вядомага гарадзенскага гісторыка «Беларусь у еўрапейскім кантэксце» стаў даступным кожнаму гарадзенцу. Першая лекцыя была прысвечана вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі.

Гэты цыкл – спроба факталагічна паказаць, што еўрапейская гісторыя з’яўляецца неад’емнаю часткаю гісторыі Беларусі, што фундамент беларускай ментальнасці будаваўся на еўрапейскім індывідуалізме і пашане да правоў чалавека.

«Я вагаю лодку ў бок Еўропы і ўвесь час паказваю, што мы стагоддзямі былі Еўропай, па ментальнасці мы – еўрапейцы, што расейская дзяржаўнасць нам чужая, што мы індывідуалісты. Расейская дзяржаўнасць – гэта дзяржаўнасць азіяцкага тыпу, якая апяруе масамі. Традыцыя расейскай дзяржаўнасці – гэта «чалавек – цаглінка» для пабудовы дзяржавы, а традыцыя заходне-еўрапейскай дзяржаўнасці – чалавек мае правы. Асоба.

У гэтым вялікая розніца. Напрыклад, мы жылі паводле Статута Літоўскага, аднаго з лепшых кодэксаў права ў Еўропе, у нас было магдэбургскае самакіраванне. А ў Расеі самакіраванне гарадоў з’явілася толькі ў другой палове ХІХ-га ст. Расейскія гарады кіраваліся дэспатам і зараз нават з навінаў, якія нам навязваюць праз расейскае тэлебачанне, можна пабачыць, што жыццё ў Расеі каштуе вельмі танна. Гэта іх традыцыя. Нашая – еўрапейская. Павага да індывідуальнасці, павага да правоў чалавека, самастойнасць чалавека», – лічыць гісторык.

«Калі яшчэ расейцы далучылі нас, то здзіўляліся, што яны прывыклі жыць вялікімі абшчынамі, 3-4 пакаленні, калі дзед кіруе сям’ёй у 40 чалавек, а беларусы – як толькі сын падрасце, адразу да бацькі – давай дзяліцца, хачу мець уласную гаспадарку. Гэта еўрапейскі індывідуалізм», – дадае Алесь Краўцэвіч.

Паварот «тварам да Еўропы»

«Арыентацыя на Еўропу» – так будзе называцца адна з лекцый цыклу, якая ахопіць час з сярэдзіны ХІІІ ст., калі ВКЛ адварочваецца ад Візантыйскай цывілізацыі і паварочваецца «тварам да Еўропы». У сваёй лекцыі гісторык раскрые, як гэта праяўлялася.

«Найперш пачалі з’яўляцца матэрыяльныя прыкметы, побытавыя рэчы. З’явіліся першыя гатычныя помнікі. Камянецкая вежа – адзіны ацалелы помнік гатычны з 13-га ст. Новыя катэгорыі матэрыяльнай культуры, узбраення. Цэгла, дахоўка, кафля, шкляныя начынні. Прыёмы будаўніцтва – тыя самыя Лідскі замак, Крэўскі замак, Гарадзенскі замак Вітаўта. Гэта была Еўропа. Потым прыйшла ментальнасць. Нашыя хлопцы паехалі ў еўрапейскія ўніверсітэты вучыцца і адзін з іх так доўга вучыўся, што выдаў кніжку першую ва ўсходне-славянскім свеце. Францішак Скарына яго клікалі. Другое выданне бібліі на нацыянальнай мове – гэта выданне беларускай бібліі. Ці другая, ці трэцяя – спрачаюцца», – распавядае гісторык.

Пазіцыя жанчыны ў ВКЛ, таксама з’яўляецца выдатным сведчаннем еўрапейскай ментальнасці, а часам нават лепшым у пытанні законаў і правоў, чымся ў некаторых заходнееўрапейскіх краін.

«Жанчыны ў нас паводле статута, асабліва жанчыны шляхцянкі, былі суб’ектам права, мелі права атрымліваць спадчыну. Напрыклад удава магла атрымаць у спадчыну маёмасць мужа, У нас не было з жанчынамі, як у Расеі, што яна сядзела зачыненая. Гэта прыблізна, як цяпер у некаторых мусульманскіх краінах, дзе жанчына не можа сама без мужчыны выходзіць на вуліцу.

«Живет моя зазноба в высоком терему, а в терем тот высойкий нет хода никому». Яны трымалі жанчын усё жыццё ў гэтых церамах. А калі мы чытаем асабліва шляхецкія тэстамэнты, відаць, як гэтыя жанчыны распараджаліся маёмасцю, якія гэта былі жанчыны. Гэта праяўляецца нават у тым, як шляхцічы пісалі пра сваіх жонак: малжонцы дарагой, каштоўнай, пакідаю ўсю сваю маёмасць, за тое дабро, што яна мне ўсё жыццё рабіла.

Такія замалёўкі ўвесь час сустракаюцца», – распавядае выкладчык.

Калі Масква стала «беларускай»

«Падчас няспынных войнаў з Масквой у ХVII-м ст. Расея была тады краінай адсталай і маскоўскія жаўнеры сотнямі тысяч вывозілі з ВКЛ рамеснікаў. Нават адзін гісторык пісаў, што пасля адной з гэтых войнаў «Москва на некоторе время стала беларускай». І ў зброевай палаце там большая палова працавала беларускіх рамеснікаў. Беларусы навучылі рабіць іх пячную кафлю. Расейцам гэтая кафля так падабалася, што яны ўстаўлялі яе ў сцены цэркваў», – кажа спадар Алесь.

А ў чым мы былі лепшыя за заходніх еўрапейцаў?

На гэтае пытанне Алесь Краўчэвіч таксама мае падрыхтаваны адказ.

«Нам ёсць чым ганарыцца! У плане, канешне, эканамічным і палітычным мы былі перыферыяй Еўропы. Але наш гонар – гэта небывалая для Еўропы сітуацыя рэлігійнай і духоўнай талерантнасці. У нас ужываліся шмат вераў. Гэта XV-XVI стагоддзі асабліва. Пратэстантызм, праваслаўе, каталіцызм, мусульманства ў татараў, іудзейства ў габрэяў».

Калі нас спытаюць, чым мы лепшыя за заходніх суседзяў, то можна смела адразу адказваць: у нас ніколі не было інквізіцыі, – канстатуе беларускі гісторык.

«У нас ніколі не палілі людзей за рэлігійныя погляды. Хоць і былі сутыкненні, але ў асноўным у нас былі дыспуты. Да прыкладу – Сымон Будны, каторы быў бы спалены стоадсоткава, таму што ён не верыў у боскасць Хрыста. Ён жыў спакойна ў Нясвіжы, друкаваў кніжкі. І мы ведалі як ён выглядаў, дзякуючы карыкатуры, якую на яго намалявалі езуіты. Яго не спалілі, а малявалі на яго карыкатуры. Розніцу адчуваеце?»

Двума нагамі ў Еўропу

Алесь Краўцэвіч

Першая лекцыя гісторыя ўжо адбылася ў «Цэнтры гарадскога жыцця» і была прысвечаная вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі. Гісторыя гэтага перыяду, гэта акурат доказ таго, што фармаванне беларускага народа адбывалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх працэсаў, – каментуе гісторык.

«Мы ўзніклі ў выніку працэсу, які агарнуў усю Еўропу. І мы адразу ў гэтым удзельнічалі. У нас ёсць кніжкі, у кнігарню любую зайдзі. Беларусь у кантэксце сусветнай цывілізацыі, у кантэксце еўрапейскай цывілізавцыі. А калі пачынаеш чытаць, то бачыш, што ніякага кантэксту там няма. Там ідзе гісторыя Беларусі ў той або іншай інтэрпрэтацыі. Мы далучыліся да Заходняй Еўропы пасля мангола-татарскага нашэсця і агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Мы прысутнічалі ў гэтай Еўропе, былі фарпостам у Еўропе на мяжы з Расеяй. Шчытом Еўропы былі. Не Польшча была, а Беларусь была шчытом Еўропы. Потым у канцы 17-га стагоддзя, калі нас захапіла Расейская імперыя, нас гвалтам змусілі пераарыентавацца на Расею. Калі ў 14-м стагоддзі ў нас быў выбар, то ў канцы 18-га ў нас выбару не было. І вось нас так доўга цягнулі на Усход, а мы сваёй ментальнасцю заставаліся на Захадзе. І цяпер мы стаім, як у тым анекдоце, адной нагой у камунізме, другой нагой у сацыялізме, так мы адной нагой у Еўропе, адной нагой у Расеі».

Гісторык асабіста лічыць, што ў гэтым хістанні трэба «станавіцца двума нагамі» ў Еўропу.

Курс лекцый Алеся Краўцэвіча «Беларусь у еўрапейскім кантэксце» раней чыталі ў Лятучым універсітэце ў Менску, а цяпер гэты курс выкладаецца таксама ў Варшаўскім універсітэце. Сваю другую лекцыю ў Горадні гісторык прачытае 2-га сакавіка ў «Цэнтры гарадскога жыцця».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках