20 красавiка 2024, Субота, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны «Вышаградскай чацвёркі» абагналі РФ у экспарце

Краіны «Вышаградскай чацвёркі» абагналі РФ у экспарце

Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына - самыя дынамічна развіваныя дзяржавы Еўропы.

Краіны Вышаградскай чацвёркі экспартуюць удвая больш, чым Расея, паведамляе «Польскае Радыё».

Ці ведалі вы, што краіны Вышаградскай групы, у якую ўваходзяць Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына, экспартуюць удвая больш, чым такая вялікая краіна, як Расея? Посткамуністычныя краіны Цэнтральнай Еўропы - зусім не эканамічныя карлікі, як пра іх думаюць. Такія аптымістычныя высновы можна зрабіць з аналізу, які правялі экспэрты даследчага інстытута EAST-Center. Чаму на краіны Вышаградскай групы варта звярнуць увагу? На гэтую тэму з мы пагаворым з кіраўніком даследчага цэнтра Андрэем Елісеевым.

143-мільённая Расея штогод прадае за мяжу тавараў і паслуг на 270 мільярдаў даляраў. У той жа час, сумарны экспарт Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны, якія разам налічваюць 64 мільёнаў жыхароў, складае 492 мільярды даляраў. Калі ўлічыць, што ў расейскім экспарце больш за 60% складае нафта, газ і іншая сыравіна, то ў экспарце адносна невялікіх цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў доля высокатэхналагічных прадуктаў непараўнальна вышэйшая.

Такія лічбы прымушаюць па-новаму паглядзець на эканамічны патэнцыял краін Вышаградскай групы - кажа экспэрт EAST-Center Андрэй Елісееў.

Статыстычна не вельмі карэктна падсумаваць экспарт гэтых 4-х краін і параўноўваць яго з расейскім, бо пэўная частка экспарту Вышаградскай чацвёркі прыпадае на гандаль паміж сабой. Аднак калі ўзяць экспарт, напрыклад, Чэхіі, то ўражвае, што гэтая 10-мільённая краіна экспартуе толькі ўдвая менш, чым Расея. А экспарт Польшчы складае 2/3 ад расейскага. Гэта важныя паказчыкі, якія сведчаць аб поспеху цэнтральнаеўрапейскіх краін, поспеху іх эканамічнай трансфармацыі. Калі параўнаць валавы ўнутраны прадукт Вышаградскай чацвёркі з тым жа расейскім, то атрымаецца, што ў Расеі ён у паўтара разы больш, але і насельніцтва ў Расеі больш чым удвая.

Вышаградская група або V4 - гэта аб'яднанне чатырох цэнтральнаеўрапейскіх краін, створанае ў 1991 годзе. Кіраўнікі Польшчы, Вугоршчыны і тады яшчэ Чэхаславаччыны ў невялікім вугорскім мястэчку Вышаградзе дамовіліся супрацоўнічаць з мэтай як мага хутчэй далучыцца да Еўрапейскай супольнасці. Пасля таго, як краіны Вышаградскай чацвёркі паспяхова ўступілі ў Еўразвяз, супрацоўніцтва паміж імі не спынілася.

Сёння гэтая група з'яўляецца хутчэй форумам для абмеркавання рэгіянальных праблем, чым моцным эканамічным ці палітычным альянсам. Аднак нават рэгулярныя сустрэчы кіраўніцтва чатырох краін маюць немалое значэнне.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Вельмі важна, што гэтыя краіны захоўваюць і развіваюць стасункі паміж сабой. Як бы скептычна некаторыя ні глядзелі на Вышаградскую групы, яна застаецца адным з самых актыўных інтэграцыйных аб'яднанняў унутры Еўрапейскага Звязу. Што важна: гэта аб'яднанне існуе не толькі на паперы. Рэгулярна праходзяць сустрэчы на вышэйшым узроўні. Мы можам прывесці шмат інтэграцыйных арганізацый (у тым ліку на постсавецкай прасторы), якія засталіся толькі на паперы, у якіх гадамі не было сустрэч на вышэйшым узроўні.

Краіны Вышаградcкай чацвёркі маюць не толькі фонд, які падтрымлівае праекты ў сферы адукацыі, культуры і навукі. Гэтыя дзяржавы дамаўляюцца аб развязанні палітычных праблем. Так было падчас міграцыйнага крызісу ў Еўропе. Асобна неабходна падкрэсліць стварэнне ў 2014 годзе супольнай вайсковай групы - у адказ на расейскую агрэсію ва Украіне. Таму важна, што яны, па-першае, маюць поспех эканамічнай трансфармацыі, а па-другое, не перастаюць інтэгравацца паміж сабой.

Эканамічны, а магчыма, і палітычны патэнцыял краін Вышаградскай групы будзе расці. У той жа самы час постсавецкая прастора, а перш за ўсё Расея, усё глыбей апускаюцца ў крызіс. Больш цікавым фінансавым цэнтрам для Беларусі і Украіны будуць Варшава і Прага. Цяпер у нашым шырокім посткамуністычным рэгіёне мы назіраем супрацьлеглыя тэндэнцыі. Польшча мае 60 кварталаў бесперапыннага эканамічнага росту. Сярод краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця OECD толькі Аўстралія мае найлепшы паказчык. З іншага боку, мы маем постсавецкія краіны, а перш за ўсё Расею, дзе пануе структурны крызіс. І звязаны ён не толькі з падзеннем коштаў энэргарэсурсаў, а з тым, што ў гэтых краінах своечасова не былі скончаныя рэформы. Таму розніца ў памеры валавога ўнутранага прадукту або экспарту паміж краінамі Усходняй Еўропы і краінамі Цэнтральнай Еўропы будзе толькі расці.

Такім чынам, краіны Вышаградскай групы - гэта зусім не «бедныя сваякі» Заходняй Еўропы і не слабыя былыя васалы Расеі. Гэта краіны, эканомікі якіх растуць.

Таму чакаецца, што голас Варшавы, Прагі, Будапешта і Браціславы ў Еўрапейскім Звязе і на постсавецкай прасторы будзе гучаць усё мацней.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках