28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Століншчыне вяскоўцы ўзбунтаваліся супраць мясцовай гаспадаркі

6
На Століншчыне вяскоўцы ўзбунтаваліся супраць мясцовай гаспадаркі

Амаль 40 жыхароў вёскі Рубель Столінскага раёна вядуць барацьбу за свежае паветра з мясцовым сельгаспрадпрыемствам «Рубельскі».

Іхныя хаты стаяць каля фермы, якая, мякка кажучы, атмасферу зусім не азануе. Улетку і ўвосень — не прадыхнуць. Чару трывання перапоўнілі курганы сіласу, якія гаспадарка насыпала практычна пад вокнамі вяскоўцаў. Дырэктар падае свае аргументы. Рэферы ў канфлікце выступілі раённыя ўлады, піша sb.by.

— Выкапалі ямы, траншэі, цяпер сюды не толькі гнаявая жыжка цячэ, але і ўтварылася сметнішча! — Уладзімір Вабішчэвіч, мясцовы жыхар, паказвае на равы, якія чымсьці нагадваюць франтавыя супрацьтанкавыя, запоўненыя бруднай, каламутнай вадой, пакрытай тонкім лёдам.

За такой умоўнай «мяжой» — ферма. Ад жылых дамоў да валаў — 30 метраў. Да нас з Уладзімірам падцягваюцца іншыя рубельцы, наперабой распавядаючы пра набалелае.

Некалькі гадоў таму ў гразі захрас сын Святланы Цандо. Ейная суседка Валянціна Пучынская дадае: зусім нядаўна ў жыжку трапіў яшчэ адзін хлапчук. Яго шукалі ўсёй вёскай. Калі б гаспадарка не адгароджвалася ад вёскі траншэямі, магчыма, такіх НЗ тут бы не было. Але прадпрыемству так прасцей, бо за фермай пачынаецца поле з вясковымі надзеламі. Вяскоўцы кажуць: у абыход па дарозе ісці далёка, вось усе тут шлях і скарачалі. А тыл у гаспадаркі, як высветлілася, не прыкрыты — агароджы няма. Таму даводзіцца ставіць «партызанскія заслоны».

Зрэшты, народнай сцежцы цяжка зарасці. Пераходзім праз вал і апынаемся на тэрыторыі прадпрыемства. Тут магла б адбыцца яшчэ адна непрыемнасць — ужо са мной. Пераступіўшы праз бетонны бардзюр, я спакойна рушыў у глыб тэрыторыі па тонкім лёдзе, палічыўшы яго звычайнай застылай лужынай. Балазе лудзі, якія суправаджалі хутка адцягнулі: гэта адстойнік! Яма для збору жыжы глыбінёй блізу двух метраў. Яна нават у мароз моцна не замярзае — арганіка цяпло дае. Яшчэ секунда, і мяне б прыйшлося вылоўліваць. Пытаюся, а як жа дзеці? Яны свабодна могуць забегчы сюды! Ніна Вабішчэвіч, яшчэ адна жыхарка Рубеля, адказвае:

— А мы пра што? Баімся за дзяцей. Увесь час даводзіцца пільнаваць. Тут папросту могуць патануць.

Мясцовыя кажуць, раней дзеці гулялі ў хакей на застылых меліярацыйных каналах паблізу дамоў. Апошнім часам бацькі не пускаюць іх і туды. Пасля таго як ад малых пасля такіх гульняў стала пахнуць гноем. Каб не быць галаслоўнымі, рубельцы вядуць мяне і туды. Уладзімір Вабішчэвіч бярэ ў рукі сякеру і б'е па лёдзе. З палонкі сапраўды пырснула брудна–жоўтая вада. І нават зімой пачуўся моцны пах. Уладзімір кажа, пакутуе ўсё наваколле:

— Гэтыя каналы звязаныя з рэкамі! Мы звярталіся ў ахову прыроды, але яны не ўгледзелі парушэнняў. Пра нашы пакуты і казаць няма чаго. Гэта цяпер — мароз. А ўявіце вясной або ў спякоту летам. Нават калі няма ветру, стаіць смурод. Ну а як падзьме — і зачыненыя вокны не ратуюць.

Увосень жа да ўсяго іншага дадалася яшчэ адна трасца. Праз дарогу ад жылых дамоў, практычна пад вокнамі, гаспадарка заклала курганы сіласу. З першымі маразамі, дзеляцца рубельцы, абяцалі іх прыбраць, але так і пакінулі. Мясцовыя наракаюць: увосень ужо быў непрыемны пах. А калі сілас застанецца да вясны ці цяпло прыйдзе раней — і зусім дыхаць не будзе чым.

Да прэтэнзій вяскоўцаў дырэктар КСУП «Рубельскі» Аляксандр Ляшкевіч ставіцца скептычна і падае свае аргументы:

— Ферма, якая нядаўна была рэканструяваная, пабудаваная задоўга да таго, як тут з'явіліся дамы. Забудоўнікі выдатна ведалі, што могуць узнікнуць нязручнасці, але давалі згоду. Санітарныя службы і эколагі ніякіх парушэнняў у нас не знайшлі. Адстойнік абгароджаны і абкапаны валамі. А дзеці павінны быць пад кантролем. Што да сіласу, то ў гэтым годзе старшыня аблвыканкама дазволіў нам закладку курганоў. Гэты хутка перанясём на месца, якое ўжо абрана.

Не хавае Аляксандр Ляшкевіч і персанальны канфлікт з Уладзімірам Вабішчэвічам. Дырэктар прадпрыемства запэўнівае, што той не так даўно зрэзаў драты з зернесушылкі, бо яна шумела і стварала яму дыскамфорт. Уладзімір, аднак, запэўнівае ў сваёй невінаватасці — маўляў, абгаварылі яго.

Зрэшты, абураецца тут не адзін чалавек. Ды і ў мяне ўзніклі пытанні. Відавочна, што равы з траншэямі — не найлепшая агароджа фермы, затое бясспрэчны рассаднік антысанітарыі. І з кармамі, па–мойму, не ўсё так адназначна. Магчыма, найперш трэба было выкарыстоўваць у гаспадарцы менавіта той сілас, які ляжаў пад вокнамі жылых дамоў?

Ці зможа прадпрыемства сваімі сіламі навесці парадак і развязаць канфлікт з жыхарамі? На ўсё патрэбныя грошы, а сёння КСУП «Рубельскі» неплатаздольны. Стаяла нават пытанне аб банкруцтве. У студзені сышло ў санацыю. Пры такіх умовах трэба лічыць кожную капейку. На агароджы і выраўноўванне траншэй у тым ліку. Дарэчы, калі пацвердзіцца, што трактарысты гаспадаркі сапраўды зліваюць жыжу ў найбліжэйшыя каналы, не здзіўлюся, што гэта яшчэ і банальная эканомія на паліве. Калі так, то вельмі недасканалая эканомія.

Мікалай Мароз, намеснік старшыні Столінскага райвыканкама:

— Мы выязджалі ў Рубель, усебакова вывучылі праблему. Жыхарам вёскі не падабаецца, што за агародамі — гаспадарка. Але яна была і калі ішло будаўніцтва. Паднялі дакументацыю. Высветлілася, жыхары тады былі не супраць пабудавацца тут. Бо побач — калгасная інфраструктура, якой прасцей і танней карыстацца. Наўрад ці найбліжэйшым часам ферму куды–небудзь перанясуць. У 2012 годзе зрабілі яе рэканструкцыю, уклаўшы да дэнамінацыі 16 мільярдаў рублёў.

Сіласныя траншэі, якія там не закладвалі 5 — 6 гадоў, — вымушаны захад. У гэтым годзе мы нарыхтавалі шмат кармоў...

А вось пытанні бяспекі будзем развязваць. Ужо калі ішла нарыхтоўка сіласу, я звярнуў увагу на «копанкі» каля фермы. Людзі ставілі пытанне. Гаспадарка зрабіла валы, каб там ніхто не хадзіў, бо агароджы з тылу ўвесь час ламаюць. Але гэта — пытанні бяспекі, так што мы ліквідуем праблему. Цяпер прадпрыемства — уласнасць раёна, таму патрабаваць будуць з нас.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках