19 красавiка 2024, Пятніца, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

130 гадоў таму нарадзіўся лідар БХД Ян Пазняк

8
130 гадоў таму нарадзіўся лідар БХД Ян Пазняк
ЯНКА ПАЗНЯК

Выдатны дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху быў дзедам Зянона Пазняка.

Ян Пазняк - адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, рэдактар «Крыніцы», старшыня Прэзідыума Беларускага Народнага Аб'яднання - і дзед лідара беларускага нацыянальнага руху Зянона Пазняка, паведамляе сайт bchd.info.

Нарадзіўся Ян Пазняк 19 лютага 1887 года там жа, дзе праз 57 гадоў з’явіцца на свет і будучы кіраўнік легендарнага Беларускага Народнага Фронту – у мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёна.

З сялянскай каталіцкай сям’і, Янка з ранніх гадоў цікавіўся музыкай ды словам. У 1909-1912 гадах ён ужо быў актыўным удзельнікам беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў, а ў 1913-м разам з Баляславам Пачопкам і Антонам Лявіцкім (Ядзвігін Ш.) узяўся за выданне першай беларускай хрысціянскай газеты – «Беларус».

У 1917-м Янка Пазняк стварае аматарскі беларускі тэатральны гурток, а ў 1917-1919 гадах працуе настаўнікам у беларускай гімназіі ў Будславе. У 1918-1920 гадах служыў арганістам у касцёле святога Яна ў Вільні.

«Ад 1919 ён працуе ў павеце Ашмянскім. Тут за беларускую працу польскія ўлады арыштавалі яго і пасадзілі ў астрог, а вызваліўшы, трымалі пад надглядам жандармерыі 8 месяцаў. У 1920 г. калі ў край наш прыйшлі бальшавікі, на з’ездзе сялянскім у Ашмяне Я. Пазняк дамагаецца выхаду бальшавікоў, каб даць магчымасць беларусам узяць свой лёс у свае ўласныя рукі», – піша «Крыніца».

Затым, з 1925-га Ян Пазняк працуе ў Міцкунскай гміне пад Вільняй, складае па-беларуску брашуру пра гмінны самаўрад і атрымлівае званне ганаровага грамадзяніна гміны.

Cябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці Ян Пазняк стаў ад самага моманту яе заснавання ў траўні 1917 года. Начытаны, прынцыповы, упарты, у віры рэвалюцыяў, войнаў і акупацый ён стаў адным з галоўных рухавікоў хрысціянска-дэмакратычнага руху у краіне. У 1920-х актыўна друкаваўся ў «Крыніцы» ды «Хрысціянскай думцы».

На з’ездзе 1928 года Пазняк быў абраны сакратаром ЦК БХД. З пачатку 1930-х узначаліў галоўны каардынацыйны цэнтр усяго беларускага руху – віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт. У 1936 годзе, з ператварэннем БХД у Беларускае Народнае Аб’яднанне, быў выбраны старшынём Прэзідыуму ЦК БНА.

Асобная старонка ў дзейнасці Яна Пазняка – праца рэдактара спярша «Беларускай Крыніцы», а потым і «Хрысціянскай думкі», галоўных медыяў БХД. За адзін толькі 1936 год, напрыклад, польскія ўлады 11 разоў канфіскоўвалі нумары «Крыніцы». Супраць Пазняка распачалі больш 30-і судовых спраў, прысудзілі вялізныя штрафы, і ўрэшце некалькі месяцаў Ян Пазняк быў вымушаны адседзець у астрозе.

Ян Пазняк увесь час выступаў у прэсе, абараняючы беларусаў. Арганізоўваў беларускія школы. Гуртаваў мастацкія калектывы ў заходнебеларускіх вёсках.

Увосені 1939 года, калі Саветы занялі Вільню, Яна Пазняка НКВД арыштавала адным з першых. Паводле абрывістых звестак, лідара БНА вывезлі ў турму ў Старой Вілейцы пад Маладзечна, затым, імаверна, у Ігумен і Менск, і расстралялі.

Месца пахавання Яна Пазняка невядомае дагэтуль. Магчыма, гэта Курапаты – якія для ўсяго свету праз паўстагоддзя адкрыў ягоны ўнук Зянон Пазняк.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках