18 красавiка 2024, Чацвер, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафзвяз дапамог прадавачкам з Рэчыцы вярнуць грошы

5
Незалежны прафзвяз дапамог прадавачкам з Рэчыцы вярнуць грошы

Грошы былі незаконна ўтрыманыя ТАА «БелМаркет» у выніку інвентарызацыі.

Суд Ленінскага раёна Менска абавязаў ТАА «БелМаркет» вярнуць тром былым працаўніцам ўласнай вытворчасці кампаніі ў Рэчыцы незаконна ўтрыманыя пасля інвентарызацыі сродкі, амаль па 300 рублёў кожнай. Позвы жанчынам дапамог скласці прававы інспектар прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, а іх інтарэсы ў судзе прадстаўляў юрыст прафзвязу РЭП Юрый Белякоў.

Ён распавёў praca-by.info аб чарговай перамозе прафзвязу, падкрэсліўшы, што «работнікі павінны ведаць і абараняць свае правы, і ў гэтым ім дапаможа прафзвяз».

– Кожны такі выпадак паказвае нам, як важна работнікам аб'ядноўвацца ў прафзвяз. Да нас звярнуліся тры работніцы рэчыцкай уласнай вытворчасці ТАА «БелМаркет». Падчас працоўных дачыненняў з адказчыкам, 5 верасня 2016 года, была выяўленая нястача таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, да якой яны не мелі ніякага дачынення. Справа ў тым, што падчас інвентарызацыі ўсе звесткі ўліку і фактычная наяўнасць рэшткаў прадукцыі супадалі, але вынікі, якія прыйшлі з галаўнога офіса, прывялі работнікаў у шок. Нейкім незразумелым чынам утварылася нястача сумай 18 тысяч рублёў, якую ўсклалі на 25 работнікаў. А з жанчынамі, якія звярнуліся ў прафзвяз, наогул наймальнік не падоўжыў кантракты і пры звальненні незаконна ўтрымаў 272,31, 278,52 і 284,33 рублёў адпаведна. Нам удалося давесці, што дзеянні наймальніка былі незаконнымі, і суд прыняў пастанову на карысць нашых сяброў.

Прафсаюзны юрыст таксама звярнуў увагу наймальнікаў на тое, што парушэнне правоў працаўнікоў ім можа дорага абысціся, і ў якасці прыкладу распавёў аб выдатках ТАА «БелМаркет».

– Наймальніку давялося наняць юрыдычную кампанію, якой ён заплаціў за паслугі 1400 рублёў, кампенсаваць дзяржпадатак і вярнуць незаконна ўтрыманыя грошы. Акрамя таго, мы маем намер патрабаваць спагнання сярэдняга заробку за затрымку на 1,5 месяцы канчатковага разліку з працаўніцамі, – распавёў Юрый Белякоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках