25 красавiка 2024, Чацвер, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Трэба мяняць уладу

35
Генадзь Фядыніч: Трэба мяняць уладу
Фота: kp.by

Большасць удзельнікаў Маршаў абураных беларусаў выйшлі на пратэсты ўпершыню.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў лідар прафзвязу Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, каментуючы Маршы абураных беларусаў, прайшлі ў Менску і рэгіёнах:

- Я мяркую, што сярод тых , што выйшлі на Марш абураных беларусаў у Менску, было амаль 90% тых, хто ўпершыню прыйшоў на такую акцыю.

Мяркуючы з таго, як мала было арганізацыйнай сімволікі, раней гэтыя людзі былі непалітызаванымі. Але пры гэтым яны не баяліся скандаваць такія лозунгі, у тым ліку і палітычныя, праявілі такую дысцыпліну і салідарнасць, што можна сказаць: дэкрэт аб «дармаедах» разбудзіў беларусаў. Людзі паказалі, што яны могуць самаарганізавацца, і мы павінны ім у гэтым цяпер дапамагчы.

Самае галоўнае пытанне, якое цяпер трэба развязваць - гэта распрацаваць такую тактыку і стратэгію, якая б адказвала інтарэсам абураных беларусаў у Менску і ў рэгіёнах. Мы павінны сабрацца і выпрацаваць далейшыя планы. Маршы ў Менску і рэгіёнах паказалі: разам мы можам шмат чаго дабіцца.

- На вашу думку, чаму людзей на акцыях было больш, чым ва ўсе апошнія гады пасля 2010-га?

- Да гэтага ішлі паступова. Улада сама разбудзіла народны пратэст. Напачатку нам паднялі пенсійны ўзрост і кошт паслуг ЖКГ. Прадпрымальнікаў душылі штрафамі і ўказамі аб абавязковай сертыфікацыі тавару. Скарачалі рабочых на прадпрыемствах. І нарэшце гэты «праславуты» дэкрэт №3, які стаў апошняй кропляй для людзей. І людзі адказалі на гэта вельмі лагічна: яны наважылі аб'яднацца і разам бараніць свае правы.

- Вас уразіла колькасць пратэстоўцаў учора ў Гомелі? Таму што на Марш у абласным цэнтры выйшла некалькі тысяч чалавек.

- Гэта можна было прадбачыць па тым, колькі людзей у Гомельскай вобласці звярнулася па кансультацыі да юрыстаў прафзвязу РЭП і праваабаронцаў, а таксама падпісаліся супраць дэкрэта аб «дармаедстве».

Па-другое, на Гомельшчыне апазіцыйныя рухі і партыі заўсёды працавалі ў выразнай згодзе паміж сабой. Таму і вынік атрымаўся такім уражлівым. І тое, што ўчора адбывалася ў Гомелі, парадавала нас усіх.

- Праз месяц, 25 сакавіка, абураныя беларусы запатрабуюць ва ўладаў адказу на вылучаныя 17 лютага патрабаванні. Як вы думаеце, ці можна казаць пра «Беларускую вясну» -2017?

- Мы павінны зрабіць вялікую працу ў Менску і рэгіёнах для аб'яднання і лідараў, і тых людзей, хто не быў палітычна ангажаваны.

Таксама важна правільна адрэагаваць на дзеянні ўладаў. Я не маю ілюзіяў, што яны наўпрост цяпер сядуць за круглы стол з апазіцыяй і скасуюць дэкрэт аб «дармаедах». Але малаімаверна і тое, што ўлады ўвогуле нічога не стануць рабіць: узровень народнага пратэсту не дазволіць ім бяздзейнічаць.

Важна зразумець: што б улады ні рабілі, гэта будзе не тое, чаго патрабуе народ. Дэкрэт №3 рана ці позна будзе скасаваны або прыпынены - але хіба толькі ў гэтым праблема?

А што рабіць з нізкімі заробкамі, ростам беспрацоўя? Гэтыя праблемы ляжаць на паверхні і ўлада няздольная іх развязаць. Проста таму, што народ ёй не давярае. І ўладу трэба мяняць: пачынаючы ад сельскіх «саветаў» і сканчаючы «палаткай» і самім дыктатарам. Мяняць шляхам свабодных дэмакратычных выбараў. І народ разумее: няма іншага варыянту, акрамя як змяніць гэтую ўладу мірным шляхам.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках